
Касцё́л Святы́х Апо́сталаў Пятра́ і Па́ўла — мураваны каталіцкі храм у горадзе Шклове Магілёўскай вобласці, помнік архітэктуры класіцызму.
== Гісторыя ==
Каталіцкая грамада ў Шклове існуе з XVI стагоддзя, першы касцёл згадваецца ў 1669 годзе. Былы прыходскі касцёл, пабудаваны ў 1784 годзе, быў драўляным.
Пляц, дзе размяшчаецца цяперашні храм, ахвяравала прыходу ў 1838 годзе генерал-маёрша графіня Марыя Цуката. На ім знаходзіўся будынак старадаўняга тэатра, пабудаванага былым уладальнікам Шклова С. Г. Зорычам у 1780 годзе, які пасля пераезду тэатральнай трупы ў 1800 годзе ў Санкт-Пецярбург прыйшоў у заняпад. Будынак быў напалову двух-, напалову трохпавярховы, без даху, вокнаў і падлогі, на сценах месцамі меліся трэшчыны. Даўжыня яго без залы складала 45 аршын, шырыня 18 аршын, прымыкаючая зала мела памеры 48х18 аршын. Губернскае праўленне выдала дазвол на перабудову каробкі былога тэатра ў касцёл, бо ніякай вартасці яна не ўяўляла, акрамя як на разборку. Указ імператара, які зацвярджаў за касцёлам былы тэатральны будынак, быў падпісаны ў 1846 годзе.
25 траўня 1847 года было асвячона месца будаўніцтва, пасля чаго пачаліся работы. Касцёл будаваўся на ахвяраванні прыхаджан. У фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі захоўваюцца чарцяжы будынка тэатра і праект касцёла.
Будынак быў узведзены за два гады. Згодна з рапартам настаяцеля касцёла, у 1847 годзе паводле плана выканалі разборку часткі старых сцен, узвядзенне ад падмуркаў сцен алтара і прэсбітэрыя з рызніцай і кладоўкай, мураванай сцяны для размяшчэння аргана, а пад ім двух кладовак, унутры касцёл ачысцілі ад друзу. У наступным годзе будаўнічыя працы былі завершаны: дах накрылі гонтам, вежу — «англійскай» бляхай, атынкаваны ўнутраныя сцены, столі, калоны, скляпенні, карнізы. Пры аглядзе храма магілёўскім архібіскупам было заўважана, што будынак узведзены з некаторымі адступленнямі ад плана. У прыватнасці, замест шасці калон усярэдзіне пастаўлены чатыры, на фасадзе ўвогуле паказаныя на праекце калоны не зроблены. На перабудове касцёла архібіскуп ужо не настайваў, пагадзіўся «пакінуць як ёсць», толькі рэкамендаваў зрабіць дзверы ў рызніцу. Храм быў асвячоны 12 жніўня 1849 года ў гонар Святых Апосталаў Пятра і Паўла.
10 верасня 1863 года ў касцёле адбыўся пажар. Будынак храма не пацярпеў, былі пашкоджаны бакавы прастол і некаторыя касцёльныя рэчы. У пачатку XX стагоддзя ў касцёле быў праведзены рамонт, пра што сведчыць інвентар 1907 года, дзе ў апісанні храма маюцца н