Касцёл Узвіжання Святога Крыжа знаходзіцца ў цэнтры горада Ліда. Пабудаваны ў 1747(1765?)—1770 г. з цэглы як фарны, верагодна, па праекце віленскага архітэктара І. К. Глаўбіца. Дзейнічае.
== Гісторыя ==
Прывілей на заснаванне ў Лідзе парафіяльнага касцёла быў падпісаны каралём Ягайлам 17 ліпеня 1387 года ў Лідскім замку. Але першы драўляны касцёл, пабудаваны на падзамчышчы, згарэў у 1392 падчас нападу крыжакаў. Адбудаваную святыню 3 чэрвеня 1397 асвяціў пад падвойным тытулам св. Францішка і Святога Крыжа першы віленскі біскуп Андрэй Васіла. Апекаваліся касцёлам францішканцы. У 1406 касцёл быў зноў спалены пры нападзе на горад смаленскага князя Юрыя Святаслававіча, а ў 1414 адноўлены і асвечаны пад трайным тытулам Найсвяцейшай Панны Марыі, Усіх Святых і Святога Крыжа. У 1466 францішканцы пакінулі Ліду.
7 ліпеня 1616 г. фундуш лідскай Фары пацвердзіў кароль Жыгімонт I. Падчас «маскоўскага нашэсця» старажытная святыня была знішчана. Апошні драўляны будынак Фары быў асвечаны ў 1674 біскупам-суфраганам Мікалаем Слупскім. У 1644 пры касцёле была заснавана альтарыя.
Пры касцёле дзейнічала парафіяльная школа, а з 1624 г. яшчэ і ружанцовае брацтва. Было таксама два прытулкі: мураваны шпіталь каля касцёла (пабудаваны ў другой палове XVIII ст., рэканструяваны ў 1851 г. на сродкі Канстанцыі Быстрыцкай) і драўляны — пры парафіяльных могілках.
Касцёл пад тытулам Узвышэння Святога Крыжа, які дзейнічае і сёння, быў пабудаваны ў стылі сталага барока біскупам Тамашам Зяньковічам за грошы, ахвяраваныя на гэтую мэту віленскім біскупам Міхалам Зяньковічам, яго дзядзькам. Будаўніцтва пачалося ў 1765 і скончылася ў 1770 годзе. Узвялі святыню ў самым цэнтры горада, трошкі далей ад таго месца, дзе стаяў драўляны касцёл, на цэнтральнай вуліцы — Віленскай (сёння вул. Савецкая). Стары драўляны касцёл па загадзе лідскага старасты і падстолія ВКЛ Сцыпіёна быў разабраны на матэрыял для гарадской уніяцкай царквы.
Комплекс касцёла з асобна пабудаванай званіцай быў абнесены мураванай агароджай з барокавай брамай. Званіца знікла яшчэ ў ХІХ ст., агароджа знесена ў пасляваенны час.
У 1928 касцёл быў асвечаны віленскім арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім. Перад Другой сусветнай вайной лідская парафія налічвала амаль 14 тыс. вернікаў (не лічачы Ліда-Слабодскай парафіі). Да фарнага касцёла з XVIII ст. належалі філіяльныя касцёлы ў Крупаве і Кір’яноўцах, у ХІХ ст. — капліцы ў Востраве, Перапечыцах, Чэхаўцах і на парафіяльных могілках. У 1920-я гады далучылася капліца ў гарадской вязніцы, а ў 1930-я — яшчэ і капліца ў Цвермах, але знікла капліца ў Чэхаўцах.
Касцёл Узвышэння Святога Крыжа дзейнічаў і ў гады панавання савецкай улады. Быў залічаны да помнікаў архітэктуры рэспубліканскага значэння.
== Архітэктура ==
Помнік архітэктуры барока. 3-нефавая 2-вежавая базіліка (вежы страчаны ў час пажару 1821 г.) з прамавугольнай апсідай і бакавымі нізкімі сакрысціямі (прыбудаваныя пазней, разам з прытворам). Накрыты 2-схільным чарапічным дахам з вальмамі над апсідай, завершанымі невялікай сігнатуркай. Галоўны фасад завершаны фігурным шчытом з 3-вугольным франтонам з «Глорыяй», расчлянёны слаістымі пілястрамі. Яны разам з высокімі арачнымі аконнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах ствараюць рытміку бакавых фасадаў з вытанчана прафіляваным антаблементам. Алтарная сцяна апсіды раскрапавана пілястрамі на тры часткі, прычым цэнтральная мае сегментарную ў плане форму.
Унутры цэнтральны неф апяразаны крапаваным антаблементам і перакрыты разам з алтарнай часткай цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, бакавыя — цыліндрычнымі на папружных арках, сакрысціі — плоскай столлю на падугах. Інтэр’ер, афармленне якога прыпісваецца І. К. Глаўбіцу, упрыгожвае фрэскавая размалёўка скляпенняў, сцен, аконных адхілаў, скульптура і арнаментальная лепка ў стылі ракако. У ім 3 стукавыя алтары.
Касцёл быў абкружаны мурава