Грозаўскі касцёл зняцця з крыжа Збавіцеля — былы каталіцкі касцёл у аграгарадку Грозава Капыльскага раёна.
== Гісторыя ==
Касцёл пабудаваны ў 1802 годзе з цэглы на месцы драўлянага касцёла на сродкі прадвадзіцеля дваранства Слуцкага павета М. Барновіча. У 1866 закрыты «за возмутительное пение польских гимнов» і «согласно Высочайшему указу от 1 февраля 1800 г. о том, что римско-католическмй приход может существовать лишь там, где не менее 100 дворов прихожан». У 1877 годзе перабудаваны пад царкву. Дзвярныя і аконныя праёмы былі закладзены, прабіты новыя. Сакрысцію разабралі, зрабіўшы рызніцу пры дапамозе перагародкі, якая падзяліла апсіду на дзве часткі. Над цэнтральнай часткай паставілі пяцікупалле, над уваходам — высокую гранёную званіцу з шатром і галоўкай. Новую царкву асвяцілі ў імя святога Мікалая і перанеслі з былой Мікалаеўскай царквы ўнікальны цудадзейны абраз свяціцеля Мікалая (быў чаканены з суцэльнага сярэбранага ліста), падараваны раней існаваўшаму праваслаўнаму манастыру расійскім фельдмаршалам Б. П. Шарамецьевым у 1711 годзе. У 1962 царква зачынена. У 1968 годзе перабудавана пад клуб і праўленне калгаса. Па стане на 2017 год у будынку дзейнічае клуб. У старажытнасці тут стаяў праваслаўны мужчынскі Мікалаеўскі манастыр, апякунамі якога былі слуцкія князі Алелькавічы, якія заснавалі яго ў пачатку XVI ст. і надзялілі зямлёй і ўгоддзямі. У 1600 г. мясцовы праваслаўны памешчык М. Валадковіч, жадаючы абмежаваць уплыў каталіцызму, заснаваў у 100 сажнях ад ужо існуючага манастыра яшчэ адзін мужчынскі прыстанак у імя Іаана Багаслова.
Перад касцёлам стаіць крыж у памяць аб Другім грозаўскім палку БНР, які ўдзельнічаў у Слуцкім паўстанні ў лістападзе-снежні 1920 г.
== Архітэктура ==
Касцёл (да перабудовы) уяўляў сабой твор архітэктуры класіцызму з рудыментамі барока. Трохнефавы бязвежавы з прамавугольнай апсідай аб’ём пад двухсхільным гонтавым дахам. Галоўны фасад завяршае вялікі трохвугольны франтон. Плоскасныя фасады крапаваны вуглавымі пілястрамі.
Прастора інтэр’ера была размежавана шасцю магутнымі чатырохграннымі пілонамі на тры нефы, кожны з якіх заканчваўся алтаром. Малітоўная зала перакрывалася драўлянай столлю. На хорах знаходзіўся арган «о семи голосах». Справа ад апсіды — сакрысція, пад храмам крыпта.