Дубровенскі кляштар бернардзінцаў — колішні кляштар у г. Дуброўне.
== Гісторыя ==
Драўляныя касцёл і кляштар у г. Дуброўне, пабудаваны ў 1630 годзе ў стылі барока. Касцёл — простакутны ў плане будынак, завершаны двухсхільным дахам. Галоўны фасад фланкіравалі дзве трох’ярусныя чацверыковыя вежы з купальнымі завяршэннямі і трохвугольным франтонам паміж імі. Да бакавога фасада касцёла прылягаў П-падобны ў плане двухпавярховы будынак кляштара (разам з касцёлам утвараў закрыты ўнутраны двор). Комплекс не збярогся.
У 1809 г. на іх месцы пабудаваны кляштар з касцёлам (не збярогся) бернардзінцаў.
Цяпер у будынку кляштара размешчаныя адміністрацыйныя ўстановы. Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.
== Архітэктура ==
Кляштар — двухпавярховае мураванае збудаванне з узаемна перпендыкулярнымі аб’ёмамі, накрыты двухсхільнымі дахамі. Тарцы дахаў завяршаюцца трохвугольнымі франтонамі з круглымі вокнамі ў цэнтры. Планіроўка галерэйна-калідорная, у месцы злучэння аб’ёмаў вітыя ўсходы. Фасады расчлянёныя тонкімі пілястрамі, карнізамі, паяскамі. У архітэктуры кляштара выявіліся асобныя рысы стылю барока.
== Галерэя ==
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.