
Будынак рэктарата БДУ па вуліцы Бабруйскай, 5А у Мінску.
Будаўніцтва новага фізіка-хімічнага корпуса для Беларускага дзяржаўнага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі, распачатае ў жніўні 1924 г., было выклікана патрэбамі ў новых памяшканнях. Аўтарам праекта і кіраўніком будоўлі быў супрацоўнік балотнай вопытнай станцыі і сельскагаспадарчага інстытута, інжынер Чэслаў Іванавіч Родзевіч. Гэты чалавек з 1923 г. працаваў пры інстытуце – займаўся рамонтам ягоных будынкаў, а таксама мінскіх студэнцкіх інтэрнатаў. Неабходна адзначыць, штогэта быў надзвычай таленавіты чалавек – удзельнік беларускага нацыянальнага руху, навуковец-прыродазнаўца, выкладчык і да таго ж яшчэ інжынер-будаўнік. У новым корпусе павінны былі размесціцца кабінеты, прызначаныя для заняткаў і даследванняў па хіміі, фізіцы і балотным глебазнаўстве. Аднак у 1925 г. інстытут быў ліквідаваны, а яго нерухомая маёмасць: будынак былога камерцыйнага вучылішча, будынкі драўніна-газавага завода, будынак праўлення па цяперашнім адрасе вул. Савецкая 19, інтэрнат на вуліцы Энгельса і недабудаваны фізіка-хімічны корпус былі перададзеныя ў склад БДУ.
Хутчэй за ўсё, з мэтай захавання агульнага віда архітэктурнай кампазіцыі, новы навучальны корпус быў пабудаваны ў тым жа стылі, што і камерцыйнае вучылішча, якое
размяшчалася недалёк ад яго. Першапачаткова ў новым, добра абсталяваным, які ўжо быў адкрыты ў 1926 годзе, корпусе размясціўся Фізічны інстытут БДУ, а з 1931 г. – фізіка-матэматычнае аддзяленне (факультэт). Таксама тут знаходзіліся аўдыторыі педагагічнага факультэта і факультэта права і гаспадаркі. У справаздачы 1926 г. можна знайсці
звестку, што на той час палова будынка належыла Балотнаму інстытуту. Да вайны будынак выкарыстоўваўся як пляцоўка для канферэнцый педагогаў-матэматыкаў і фізікаў. Пасля вылучэння са складу БДУ шэрагу інстытутаў, у будынку некаторы час знаходзіўся завочны сектар педагагічнага інстытута, які настойліва хацелі высяліць адтуль прадстаўнікі ўніверсітэта. У 1930 г. будынак сучаснага рэктарату БДУ значыўся ў якасці Дома №13.
Неабходна адзначыць, што ў будынку знаходзілася кафедра фізікі, якая мела шэраг кабінетаў: 1) нізкіх тэмператур; 2) рэнтгена-тэхнічны; 3) радыё-тэхнічны; 3) гальванапластыкі; 4) аптычны; 5) майстэрня для рамонту і стварэння прыбораў; 6) бібліятэка на 10000 тамоў; 7) музей фізічных прыбораў. Побач з Фізічным інстытутам, на месцы яўрэйскіх могілак, месцілася 45-метровая радыёантэна. У 1941 г. фізмат быў разрабаваны, каштоўнае абсталяванне вывезена або проста сапсавана, бібліятэка выкінутая на звалку разам з прыборамі і была часткова падабраная мінакамі. Улетку 1941 г. Д. Сіроцін заспеў такую карціну: “усюды сляды п’янай оргіі: бутэлькі з-пад віна, кансервавыя банкі, акуркі, у скрынях сталоў чалавечыя экскрыменты”. Сам будынак амаль не пацярпеў (у ім была аўтаматычная тэлефонная станцыя нямецкіх чыгуначнікаў) і ў 1945 г., пасля рамонту, ён зноў прыняў у свае сцены студэнтаў БДУ. У корпусе размясціўся фізіка-матэматычны і, на некаторы час, хімічны факультэт, а таксама адміністрацыйна-гаспадарчы апарат універсітэта. Тут жа абаснавалася друкарня і рэдакцыя газеты “За сталінскія кадры” (з 1955 г. – “Беларускі ўніверсітэт”). У цяжкія пасляваенныя гады аўдыторый не хапала і студэнтам даводзілася вучыцца ў дзве змены, пры гэтым вечарам бывалі перабоі з электрычнасцю і заняткі зрываліся. Акрамя гэтага ў будынку жылі супрацоўнікі ўніверсітэта са сваімі сем’ямі.
Выгляд будынка пасля вайны апісаў Іван Навуменка ў сваім творы “Інтэрнат на Нямізе”: “Упрытык да абсмаленых карпусоў прытуліўся двухпавярховы катэдж, які фасадам выходзіць на вуліцу. Дзве бярозы развесілі шацёр галін над катэджам, вокны завешаны фіранкамі, жытло дыхае ўтульнасцю, спакоем”.
У 1970-я гады ў сённяшнім рэктараце вучыліся студэнты фізічнага факультэта, там жа знаходзілася кафедра фізікі паўправаднікоў, некаторыя лабараторыі, газгольдарная станцыя. Некаторы час на другім паверсе знаходзіўся Інстытут ядзерных праблемаў БДУ. У 1998 г. завяршылася рэстаўрацыя будынка, пасля якой у ім размясціўся рэктарат універсітэта.