Каледж быў заснаваны 29 мая 1876 года як сельскагаспадарчая школа. У гэты дзень імператар Аляксандр ІІ, па хадайніцтву міністра ўнутраных спраў Л.С.Макава, падпісаў указ аб адкрыцці школы. Неабходнасць адкрыцця такой школы была абумоўленая эканамічным ходам развіцця Расіі, у склад якой у той час уваходзіла Беларусь. Узнікла патрэба ў спецыялістах, кваліфікаваных работніках, якія маглі б  годна кіраваць маёнткамі, несці службу ў дзяржаўным апараце, умела выконваць працы на зямлі, вырошчваць хлеб.

5 мая 1877 года былі закладзены падмуркі двух двухпавярховых будынкаў навучальнага корпуса. Пры тым, як сцвярджаюць даследчыкі гісторыі навучальнай установы, у будаўніцтве першых карпусоў удзельнічаў акадэмік і прафесар Імператарскай Акадэміі мастацтваў, таемны саветнік І.В. Штром. Гэты чалавек працаваў у Санкт-Пецярбургу, Гатчыне, Кіеве (тут распрацаваў першапачатковы праект Уладзімірскага сабора), Жытоміры, Астрозе, Тамбове, Самары, Саратаве. Паводле ягонага праекту былі створаны будынкі Дома призрения душевнобольных имп. Александра III  (сягоння Гарадская Псіхіятрычная бальніца № 3 Санкт-Пецярбурга), якія сваім архітэктурным стылем нагадваюць цэнтральныя карпусы Мар’інагорскага вучылішча.

У верасні 1880 года адбыўся прыём у сельскагаспадарчую школу першых вучняў. 26 мая 1904 года быў уведзены статут Мар’інагорскага сельскагаспадарчага вучылішча, які вызначаў парадак падрыхтоўкі спецыялістаў для практычнай дзейнасці па садоўніцтву, агародніцтву і пчалярству. Аднак вызначаная рэарганізацыя затрымалася.  Толькі ў 1911 г. школа была пераўтворана ў сельскагаспадарчае вучылішча ніжэйшай ступені, у 1918 г.–  сярэдняй, а 23 сакавіка 1921 г. – у Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум.

27 чэрвеня 1941 года корпус тэхнікума быў спешна абсталяваны пад шпіталь. З 1941 да 1944 года тэхнікум быў зачынены. Пасля вызвалення Пухавіцкага раёна навучэнцы і выкладчыкі тэхнікума прыступілі да абнаўлення навучальнай базы, і ўжо да кастрычніка 1944 года ў тэхнікуме зноў пачаліся навучальныя заняткі. У 1976 годзе за вялікія поспехі ў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў для сельскай гаспадаркі Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Мар’інагорскі саўгас-тэхнікум быў узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны” і Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.

Каледж носіць імя Уладзіміра Елісеевіча Лабанка, які нарадзіўся ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёна 3 ліпеня 1907 года. Выпускнік каледжа 1927 года, падчас Вялікай Айчыннай вайны ўзначальваў аператыўную групу Беларускага штаба партызанскага руху Полацка-Ліпецкай партызанскай зоны. Невялікая партызанская група, арганізаваная ім, неўзабаве перарасла ў трохтысячны атрад партызан. 16 верасня 1943 года У. Е. Лабанок удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. Яго імя пастановай Савета Міністраў БССР ад 24 снежня 1984 года было прысвоена Мар’інагорскаму саўгасу-тэхнікуму.

1 сакавіка 1998 года ўстанова была рэарганізавана ў Мар’інагорскі ордэна “Знак Пашаны” сельскагаспадарчы тэхнікум імя У. Е. Лабанка, а з 2003 года поўнае найменне навучальнай установы гучыць так – установа адукацыі “Мар’інагорскі дзяржаўны ордэна “Знак Пашаны” аграрна-тэхнічны каледж імя В. Е. Лабанка.

Галоўныя будынкі комплексу (Рудовіча, 8, 10) фарміруюць парадны франт забудовы і замыкаюць візуальную вось вуліцы, што ідзе ад чыгункі, якая служыла галоўным транспартным сродкам у свой час. Перад гэтымі будынкамі сфарміравалася раскрытая на поўдзень плошча, так што ў цэлым можна казаць пра тое, што з сярэдзіны XIX ст. захавалася традыцыйнае візуальнае ўспрыманне комплексу.

Комплекс будынкаў былога сельскагаспадарчага вучылішча з’яўляецца ўнікальным па ступені захаванасці. Пабудаваны ў сярэдзіне XIX – пачатку XX ст., ён мае рысы як эклектычнай архітэктуры, так і відавочныя праявы стылю мадэрн у арнаментыцы дэкаратыўных элементаў.

У сценах сельскагаспадарчай школы/вучылішча/тэхнікума навучаўся і працаваў цэлы шэраг выбітных прадстаўнікоў нашага народа: Андрэй Піліпавіч Прохарчык, Іна Васільеўна Прохарчык, Міхаіл Раманавіч Змачынскі, Мікалай Мікалаевіч Корбут, Аляксандр Іванавіч Чарныш, Пётр Іванавіч Ніканчык,  Захар Якаўлевіч Бірала, Аляксандр Ільіч Далідовіч, Галіна Аляксандраўна Лапатка, Леанід Мікалаевіч Пунтус, Раман Леапольдавіч Ваньковіч, Уладзімір Елісеевіч Лабанок, Іван Мікалаевіч Белічонак, Роберт Тэнісавіч Вільдфлуш, Іван Данілавіч Юркевіч, Іван Міхайлавіч Качура, Уладзімір Сідаравіч Доўнар і многія іншыя.

У 2022 годзе архітэктарам У. Чаховічам і гісторыкам Ю. Тамковічам падрыхтавана і даслана на разгляд абсласнога савета прапанова аб наданні комплексу будынкаў Мар’інагорскай сельскагаспадарчай школы (вучылішча) статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

 

Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты