Корпус рамесных класаў размешчаны ў глыбіні комплекса будынкаў Мар’інскай сельскагаспадарчай школы, па адрасе вуліца Мічурына, 12. Узведзены ў 1911 годзе.
Архітэктура
Аднапавярховы цагляны Т-падобны ў плане будынак на нізкім бутавым цокалі. Накрыты двухсхільным дахам. Асноўны аб’ём вузкі, выцягнуты (прыкладна 9х47 м), арыентаваны галоўным фасадам на ўсход. З двара шырокі цэнтральны рызаліт (прыкладна 15х17 м). Фасады мерна члянёныя аконнымі праёмамі. Аконныя і дзвярныя праёмы лучковага абрысу, аформлены сандрыкамі-перамычкамі з замковым каменем, які абапіраюцца на ступеністыя кансолі абапал праёмаў, і падаконнямі на кансолях. На галоўным фасадзе падаконні не захаваліся (прасочваюцца па муроўцы), а аконныя праёмы часткова закладзены. Па цэнтры падоўжанага фасада дзвярны праём у невялікім рызаліце са скошанымі вугламі. Уваход акцэнтаванай велізарным двухсхільным брылём. Металічная канструкцыя брыля з’яўляецца аўтэнтычнай і прысутнічае на гістарычных здымках пачатку XX ст. Мацаванне элементаў (металічных палос) паміж сабой выканана заклёпкамі, што характэрна для таго часу, бо выкарыстанне зваркі пашырылася толькі пасля вайны. Брыль падтрымліваюць вялікія трохвугольныя кансолі, якія апускаюцца ледзь не да ніза сцяны. Спераду брыль мае франтон. Плоскасці кансоляў і франтона запоўнены аднолькавым малюнкам: частыя вертыкальныя палосы чаргуюцца з трохчастковымі элементамі з прутоў, якія пераймаюць арнаментыку архітэктуры мадэрну. Сцены завершаны развітым ступеністым карнізам з радам сухарыкаў, у муроўцы карніза выкарыстана таксама лякальная цэгла. Вуглы будынак акцэнтаваны лапаткамі з імпастам (карнізікам) і аранаментальным узорам у выглядзе трохвугольных “званочкаў” пад ім.
Багата аформлены тарцавы (заходні) фасад дваровага рызаліта, завершаны трохвугольным франтонам з атыкавай сценкай над ім. Франтонны карніз таксама ступеньчаты з радам сухарыкаў, у тымпане – два невялікія акенцы ў ліштвах, аналагічным іншым. Атыкавая сценка ўнізе ўпрыгожана крыжовым узорам з цэглы. Сценка фланкіравана высокімі кансолямі, якія як бы падтрымліваюць вянчаючы ступеністы карніз з радам сухарыкаў. Паміж кансолямі пад карнізам праходзіць рад трохвугольных “званочкаў”.
(архітэктурнае апісанне склаў арх. У. В. Чаховіч)