
Цэнтральны навучальны корпус з’яўляецца часткай комплекса будынкаў Мар’інскай сельскагаспадарчай школы. Размешчаны па адрасе вуліца Рудовіча, 8. Пабудаваны ў канцы 1870-х – пачатку 1880-х гадоў. Галоўныя будынкі комплексу (Рудовіча, 8, 10) фарміруюць парадны фронт забудовы і замыкаюць візуальную вось вуліцы, што ідзе ад чыгункі, якая служыла галоўным транспартным сродкам у свой час.
Архітэктура
Двухпавярховы мураваны Ш-падобны ў плане будынак мае сіметрычную кампазіцыю. Сцены будынка атынкаваны. Цокаль складзены бутавай муроўкай, цокальная цяга адсутнічае.
Падоўжаныя галоўны і дваровы фасады расчлянёны 3 рызалітамі. Накрыты двухсхільным дахам з вялікім вынасам. Навісі падтрымліваюць выпускі крокваў і дэкаратыўныя кансолі, аформленыя разьбой. Рызаліты аднолькавай шырыні, але на галоўным фасадзе бакавыя рызаліты на 2 восі аконных праёмаў, а цэнтральны – на 3, на дваровым жа ўсе рызаліты на 3 восі аконных праёмаў, столькі ж на злучальных аб’ёмах; тарцавыя фасады на 4 восі аконных праёмаў.
Вокны прамавугольныя, аформленыя ліштвамі і падаконнямі. Падаконні прафіляваныя, з бакавымі зубацамі, які імітуюць кансолі. Ліштвы ў верхняй частцы вынесены наперад, вынасы ўнізе аформлены ступеньчата, уверсе ліштваў – замковы камень. Над ліштвамі першага паверха размешчаны прафіляваныя сандрыкі.
Вуглы рызалітаў аформлены лапаткамі з прамавугольнымі фаскамі. Пад навісямі двухсхільнага даху нішы, утвораныя лапаткамі, аформлены ступеніста. На ўзроўні гарышча на рызалітах здвоеныя акенцы, аформленыя шырокай агульнай ліштвай, аформленай у верхняй частцы таксама ступеніста. Вуглы адкосаў гэтых акенцаў таксама апрацаваны прамавугольнымі фаскамі, што надае прасценкам выгляд калонак, ніжняя частка ліштвы, аддзеленая прамавугольнай цягай, аформлена 3-ма зубцамі. На галоўным фасадзе дзвярны праём адзіны – па восі цэнтральнага рызаліта, на заднім фасадзе, акрамя праёма ў цэнтральным рызаліце, яшчэ два размешчаны на бакавых, асіметрычна, бліжэй да ўнутраных вуглоў. Дзвярныя праёмы аформлены аналагічна аконным.
Над кожным уваходам на дваровым фасадзе драўляная стрэшка на разьбяных кансолях S-падобнай фларыстычнай формы. Сафіты (ніжняя грань) стрэшак разбіты на 4 шаляваныя філёнгі. Па контуры стрэшкі аформлены прафіляванымі карнізікамі. Цэнтральная стрэшка двухсхільная, тымпан разбіты на дзве паловы, запоўненыя разьбяным раслінным арнаментам. На бакавых рызалітах стрэшкі вальмавыя.
Захаваліся філянговыя дзверы і вокны з аўтэнтычнай фурнітурай.
Інтэр’еры
Ацалелі арыгінальныя драўляныя лесвіцы, размешчаныя ў бакавых крылах. Лесвічная агароджа складаецца з тэлескапічных слупоў-тумбаў, аформленых прафіляванымі паяскамі, прафіляваных парэнчаў і тонкіх балясаў. Край падступёнкаў мае s-падобную форму. Маршы знізу падшыты і аздоблены філёнгамі (Аналагічная лесвіца захавалася ў будынку па вул. Рудовіча, 10).
У цэнтральнай частцы будынка бетонная лесвіца з металічнай агароджай. Стойкі агароджы і аснова парэнчаў выкананы з квадратнага прута, запаўненне – з палос. Мацаванне металічных палос выканана на заклёпках, што характэрна для пачатку XX ст., бо выкарыстанне зваркі пашырылася толькі пасля вайны. Малюнак агароджаў ствараюць гарызантальныя палосы, замацаваныя між стойкамі, якія трымаюць закруглены зверху трохчастковы элмент, якія пераймаюць арнаментыку архітэктуры мадэрну. Аналагічная арнаментыка і тэхніка выканання прыменены на насценных свяцільнях (глядзі ніжэй) і на кранштэйнах брыля будынка па вуліцы Мічурына, 12 (глядзі ніжэй).
У інтэр’ерах таксама захаваліся аўтэнтычныя драўляныя раўнапольныя філянговыя дзверы з нашчыльнікамі. У верхняй частцы дзвярных запаўненняў – фрамугі з трыма акенцамі, аддзеленыя прафіляванай рэйкай, або глухія запаўненні з двума філёнгамі. Раскладкі філёнгаў (прафіляваныя рэйкі па краях) тонкапрафіляваныя. Дзверы ў прафіляваных вушаках. Захавалася старая фурнітура.
Зберагліся таксама шафы ў нішах. У калідоры шафы з філянговымі глухімі дзверцамі, завершаныя прафіляванымі карнізамі. У кабінетах – двух’ярусныя. Першы ярус невысокі, з філянговымі глухімі дзверцамі, другі – высокі, амаль да карніза, з зашклёнымі дзверцамі, рамы якіх часта разбіты на прамавугольнікі. Кожны ярус кабінетных шафаў вянчае прафіляваны карнізік.
Сцены кабінетаў завершаны вялікімі карнізамі з чацвяртнога профілю. У калідорах – арачныя праёмы. На сценах калідораў металічныя свяцільні ў выглядзе трохвугольнага кранштэйна, які трымае факел. Кранштэйн упрыгожаны трохчастковым мадэрнавым узорам, аналагічным з узорам на агароджы бетоннай лесвіцы.
Маецца кафляная печка, завершаная прафіляваным карнізам. У печцы – аўтэнтычныя металічныя дзверцы.
Падаконні ў памяшканнях корпуса драўляныя з прафіляваным краем. Аконныя рамы двайныя, з верхняй перавязкай створак. Раскладкі і штапікі – тонкапрафіляваныя. Захавалася старая фурнітура.
(архітэктурнае апісанне склаў арх. У. В. Чаховіч)