Полацкі езуіцкі калегіум (карпусы А, Б, В, Г, Д) па  вуліцы Стралецкай, 4А (інв. № 250/С-28016)

 

Корпус А

Цяпер Мастацкая галерэя Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Трохпавярховы каменны будынак з двухсхільным дахам, прамавугольны ў плане. Пабудаваны ў сярэдзіне XVIII ст. Сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з ліштвамі, акцэнтаванымі стылізаваным замкавым каменем, на паўднёвым і паўночным фасадах падзелены пілястрамі. Вуглы будынка акцэнтаваны пілястрамі са складанай раскрапоўкай. Па перыметру сцены завершаны складаным прафіляваным карнізам. Уваходная частка вырашана ў выглядзе стылізаванага папярочнага разрэза разбуранага корпуса, які раней далучаўся да існуючага будынка.

Корпус Б

Цяпер навучальны корпус УА “Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт”. Двухпавярховы каменны будынак з двухсхільным дахам, прамавугольны ў плане. Пабудаваны ў сярэдзіне XVIII ст. Сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з ліштвамі, акцэнтаванымі стылізаваным замкавым каменем, і падзелены пілястрамі. Па перыметру сцены завершаны складаным прафіляваным карнізам. Перпендыкулярна будынку з паўднёвага боку далучаецца корпус “А”, а з паўночнага – корпус “В”. Цокальная частка акцэнтавана нішамі.

Корпус В

Цяпер навучальны корпус УА “Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт”. Двухпавярховы каменны корпус складаецца з двух аб’ёмаў, перакрытых двухсхільным дахам. Пабудаваны ў сярэдзіне XVIII ст. Плоскасць сцяны паўночнага фасада падзелена міжпавярховым гарызантальным паяском, прарэзана прамавугольнымі аконнымі праёмамі, якія на другім паверсе маюць абрамленне ў выглядзе ліштваў з замкавым каменем. Завершаны сцены складаным прафіляваным карнізам. Адзін з архітэктурных аб’ёмаў мае ўязную браму, сцены ўпрыгожаны руставанымі пілястрамі. З паўднёвага боку маецца аднапавярховая прыбудова.

Корпус Г

Цяпер навучальны корпус УА “Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт”.Трохпавярховы каменны будынак з двухскатным дахам, прамавугольны ў плане. Пабудаваны ў канцы XVIII ст. Сістэма планіроўкі – калідорная. Сцены ўсходняга фасада прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з ліштвамі, акцэнтаванымі стылізаваным замкавым каменем, і падзелены пілястрамі, завершаны складаным прафіляваным карнізам. Аналагічна вырашана афармленне заходняга фасада, за выключэннем аконных праёмаў першага паверха, якія маюць лучковае завяршэнне. Невялікае акно па цэнтры сцяны першага паверха выдзелена архітэктурным дэкорам у выглядзе ордарнай сістэмы. Архітэктурны аб’ём перакрыты двухсхільным дахам.

Корпус Д

Цяпер навучальны корпус УА “Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт”. Трохпавярховы каменны будынак з цокальным паверхам. Пабудаваны ў 1835 г. Заходні фасад аздоблены двума рызалітамі. Плоскасць сцяны заходняга фасада прарэзана радамі прамавугольных аконных праёмаў. Аконныя праёмы цокальнага паверха аб’яднаныя дэкаратыўным поясам с замкавым каменем, першага паверха – абрамлены простымі ліштвамі, другога – упрыгожаны сандрыкамі, трэцяга – без абрамленняў. Сцены завершаны складаным прафіляваным карнізам. Будынак перакрыты вальмавым дахам.

Корпус Е

Цяпер навучальны корпус УА “Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт”. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з аднапавярховай прыбудовай з заходняга боку. Пабудаваны паміж 1778 і 1780 гг. Галоўны фасад прарэзаны радамі прамавугольных аконных праёмаў, якія на першым паверсе ўпрыгожаны сандрыкамі, на другім – аб’яднаныя паяском. Уваходныя праёмы акцэнтаваны сандрыкамі складанай прафіліроўкі. Сцены завершаны складаным прафіляваным карнізам. Будынак мае двухсхільны дах.

 

Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты