Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар бернардзінцаў — часткова захаваны кляштарны комплекс у Полацку. Знаходзіцца на левым беразе Дзвіны, у Задзвінні, па адрасе вуліца 23 Гвардзейцаў. Помнік архітэктуры барока. Унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Комплекс складаўся з касцёла, кляштарнага корпуса, гаспадарчых пабудоў (пякарні, бровара, лядоўні, кузні, стайні, лазні) і пладовага саду з агародам.
== Гісторыя кляштара ==
У XIV—XVI стст. Полацк развіваўся як праваслаўны горад. Тым не менш, заходні ўплыў прысутнічаў. Каталіцызм прыходзіць у горад ужо ў канцы XIII ст., калі Полацк трапляе ў залежнасць ад рыжскага архібіскупа. Тады нямецкімі князямі быў пабудаваны першы касцёл.
Полацкі кляштар бернардзінцаў заснаваны ў 1498 г. пры садзейнічанні вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягелона. Да яго ў Вялікім Княстве Літоўскам пабудаваны два бернардзінскія кляштары: драўляны віленскі з касцёлам Св. Францыска (1469) і драўляны кляштар у Коўне з касцёлам у імя Св. Георгія (1471).
Першы драўляны касцёл быў збудаваны ў 1502 г. Пасля Лівонскай вайны 1558—1583 гг. бернардзінскі кляштар быў закрыты і перайшоў да праваслаўных. Драўляныя будынкі кляштара ў 1563 г. знішчаны пажарам. У 1696 г. полацкі ваявода Аляксандр Слушка ізноў запрасіў у горад бернардзінцаў, для якіх былі пабудаваны новыя драўляныя будынкі касцёла Маці Божай і кляштарнага корпуса.
У 1695 г. кляштар перанеслі на левы бераг Заходняй Дзвіны.
Каменныя будынкі касцёла Св. Марыі і кляштара збудаваны ў 1769 г. у стылі барока на месцы драўляных будынкаў.
У 1772 г. было 10 манахаў, дзейнічала філасофская школа. У комплекс кляштара ўваходзілі гаспадарчыя пабудовы (пякарня, бровар, лядоўня, кузня, стайня, лазня) і пладовы сад з агародам. Мелася ўсяго 30 жылых і 8 нежылых памяшканняў. У 1880 г. прыбудавана багадзельня. Будынкі займалі 3780 кв. м. агароды — 11 497, 5 кв. м.
Кляштар закрыты ў 1832 г., манахі пераведзены ў Друйскі кляштар, касцёл ператвораны ў праваслаўную царкву Іаана Багаслова.
У 1920-я гады савецкія ўлады закрылі царкву. У Другую сусветную вайну комплекс быў пашкоджаны. Захаваўся жылы корпус, у якім з 50-х гг. XX ст. знаходзіцца медыцынская ўстанова. Ад касцёла засталіся руіны.
== Царкоўныя старасты кляштара ==
Царкоўным старастай кляштара ў 1670 г. быў віленскі канонік Казімір Горскі.
== Архітэктура ==
=== Касцёл ===
У XVI — пачатку XVII стст. храмавае будаўніцтва бернардзінцаў грунтавалася на вопыце і архітэктурнай традыцыі францысканцаў. Храмавае будаўніцтва бернардзінцаў па ўсёй Рэчы Паспалітай адрозніваецца адзінствам архітэктурных рашэнняў.
Касцёл уяўляў сабой 1-нефны храм з 2-х вежавым галоўным фасадам, накрыты двухскатным дахам. Франтоны галоўнага і бакавога фасадаў мелі фігурныя завяршэнні. Над галоўным фасадам узвышаліся 4-ярусныя вежы, у трэцім ярусе якіх былі скразныя паўцыркульныя вокны. У пластыцы фасадаў выкарыстоўваўся класічны ордар.
Усярэдзіне неф касцёла перакрываўся цыліндрычным скляпеннем. Над уваходам на 2 слупах-пілонах выступалі хоры, на іх і вышэй на званіцу вялі вітыя сходы.
=== Кляштар ===
Выцягнуты прамавугольны ў плане будынак кляштара з захаду завершаны перпендыкулярна размешчаным крылом з трапезнай, з усходу прылягаў да касцёла, які не захаваўся.
Архітэктура кляштара адрозніваецца прастатой, мае стрыманы дэкор: пілястры вялікага ордара, прамавугольная ліштва, прафіляваны карніз. Планіроўка галерэйная, перакрыцці памяшканняў скляпеністыя. Дах кляштара крыты дахоўкай.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Архiтэктура Беларусi. Энцыклапедычны даведнiк. ― Мн., 1993.
Беляев И. Д. История Полотска или Северо-Западной Руси, от древнейших времён до Люблинской унии. ― М., 1872.
Кулагiн А. М. Каталiцкiя храмы на Беларусi. Энцыклапедычны даведнiк. ― Мн., 2001
Полоцк: Исторический очерк. ― Мн., 1962
Kantak K. Bernardyni polscy. T. 1-2.― Lwów, 1993.