Інстытут фізкультуры — комплекс будынкаў у месцы злучэння плошчы Я. Коласа з пр. Незалежнасці і вул. Якуба Коласа, кампазіцыйная дамінанта плошчы.
== Гісторыя ==
Першапачаткова прызначаўся для Дома партыйнага актыву, але пасля заканчэння будаўніцтва 1939 г. (арх. А. П. Воінаў, А. Брэгман, В. І. Мураўёў) у ім размясціўся інстытут фізкультуры. У 1953 г. да існуючуга комплексу будынкаў па вул. Я. Коласа прыбудавалі корпус басейна (арх. С. Баткоўскі), у 1963 г. па пр-це Незалежнасці — корпус спартыўна-трэніровачных залаў (арх. С. Мусінскі, Г. Сысоеў).
== Архітэктура ==
Комплекс будынкаў Інстытута фізкультуры складаецца з трох аб’ёмаў: цэнтральнага корпуса і двух бакавых крылаў. Галоўны фасад цэнтральнага корпуса вырашаны ў выглядзе крывалінейнага ў плане буйнамаштабнага порціка, утворанага шасцю пілонамi квадратнага сячэння на вышыні чатырох паверхаў і двухпавярховага атыка над ім. Пілоны апрацаваны рустам. Ім адпавядаюць лапаткі, якія раўнамерна чляняць сцяну галоўнага фасада. Цэнтральную частку будынка вянчае ступеньчаты атыкавы паверх, які завяршае галоўны фасад. Фасады бакавых крылаў рытмічна падзелены магутнымі паўкалонамі, аб’яднанымі фрызам і агульнай асновай, рытмам высокіх прамавугольных акон. Галоўны фасад члянёны квадратнымі аконнымі праёмамі. Дваровыя фасады не маюць архітэктурнага дэкору.
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.