
Інстытут фізкультуры — комплекс будынкаў у месцы злучэння плошчы Я. Коласа з пр. Незалежнасці і вул. Якуба Коласа, кампазіцыйная дамінанта плошчы.
== Гісторыя ==
Першапачаткова прызначаўся для Дома партыйнага актыву, але пасля заканчэння будаўніцтва 1939 г. (арх. А. П. Воінаў, А. Брэгман, В. І. Мураўёў) у ім размясціўся інстытут фізкультуры. У 1953 г. да існуючуга комплексу будынкаў па вул. Я. Коласа прыбудавалі корпус басейна (арх. С. Баткоўскі), у 1963 г. па пр-це Незалежнасці — корпус спартыўна-трэніровачных залаў (арх. С. Мусінскі, Г. Сысоеў).
== Архітэктура ==
Комплекс будынкаў Інстытута фізкультуры складаецца з трох аб’ёмаў: цэнтральнага корпуса і двух бакавых крылаў. Галоўны фасад цэнтральнага корпуса вырашаны ў выглядзе крывалінейнага ў плане буйнамаштабнага порціка, утворанага шасцю пілонамi квадратнага сячэння на вышыні чатырох паверхаў і двухпавярховага атыка над ім. Пілоны апрацаваны рустам. Ім адпавядаюць лапаткі, якія раўнамерна чляняць сцяну галоўнага фасада. Цэнтральную частку будынка вянчае ступеньчаты атыкавы паверх, які завяршае галоўны фасад.