Шыфр : 213В000742
Датаванне : 3–2-e тысячагоддзі да н.э.
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Галоўск_(археалагічныя_помнікі)

Галоўск, Крывіна — археалагічныя помнікі каля вёскі Галоўск Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. Выяўлены тры паселішчы позняга неаліту, якія датуюцца III — II тысячагоддзямі да н.э.

== Крывіна-I ==
Размешчана за 0,8 км на паўночны захад ад вёскі Галоўск, на паўднёва-ўсходнім краі выспы Ворлева. Пры асушэнні балота прарэзана меліярацыйнымі канавамі. Культурны пласт з пяску, раслінных і драўняных рэшткаў перакрываецца торфам. У 1934 годзе выявіў, у 1934 і 1939 гадах даследаваў К. М. Палікарповіч, у 1961—1963 гадах даследавалі П. А. Прыбыткін, у 1966 годзе — М. М. Чарняўскі.
Даследавана 510 м² плошчы. Вылучаны ніжні і верхні гарызонты. У ніжнім знойдзены нешматлікія фрагменты гладкасценнай керамікі з разрэджанымі арнаментамі, утворанымі насечкамі, грабеньчатымі адбіткамі, рознымі плыткімі кропачкамі, драўняны вугаль, крамянёвыя і касцяныя прылады працы. Датуецца другой паловай III тыс. да нашай эры. У верхнім гарызонце, які датуецца першай паловай II тыс. да нашай эры і адносіцца да позняга неаліту і ранняга бронзавага веку, знойдзены рэшткі драўляных жытлаў; шматлікія фрагменты арнаментаваныя шчыльнымі насечкамі, грабеньчатымі адбіткамі шнура, з пракрэсленымі рысамі керамікі паўночнабеларускай культуры; касцяныя і рагавыя прылады працы — праколкі, наканечнікі стрэл, сякеры, долаты і іншыя; нешматлікія крамянёвыя прылады; упрыгожванні з бурштыну, касцей і зубоў жывёл.

== Крывіна-2 ==
Знаходзіцца за 1 км на паўночны захад ад вёскі Галоўск, на ўсходнім краі ўрочышча Ворлева. У 1963 годзе выявіў і даследаваў 25 м² плошчы П. А. Прыбыткін, у 1980—1981 гадах даследаваў 55 м2 плошчы Э. М. Зайкоўскі. Культурны пласт 0,25—0,4 м залягаў пад пластом торфу таўшчынёй 0,2—1 м. Знойдзеныя крамянёвыя і касцяныя прылады працы і кераміка нарвенскай і паўночнабеларускай культур (канец III — пачатак II тыс. да нашай эры).

== Крывіна-3 ==
За 1 км на паўночны ўсход ад вёскі Галоўск, абапал магістральнага канала (выпрастанае рэчышча ракі Крывінкі), на Крывінскім тарфяніку. Плошча каля 0,3 га. У 1978 годзе выявіў і даследаваў (81 м² плошчы) Э. М. Зайкоўскі. Культурны пласт каля 0,8 м. Знойдзена ляпная арнаментаваная кераміка, крамянёвыя скрабкі, праколкі, трохвугольныя наканечнікі стрэл, каменная свідраваная ромбападобная сякера, прылады працы з рогу і косці (цёслы, шылы, наканечнікі стрэл), упрыгожванні з косці і бурштыну, берасцяныя паплаўкі. Датуецца пачаткам II тыс. да нашай эры, адносіцца да паўночнабеларускай культуры (позні неаліт і ранні бронзавы век).

== Літаратура ==
Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А — К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 496, [1] c. — С. 212. — ISBN 978-985-11-0354-2.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Віцебская вобласць. — 496 с., іл.

Шыфр : 213В000742
Датаванне : 3–2-e тысячагоддзі да н.э.
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Галоўск_(археалагічныя_помнікі)
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты