Крыжаўзвіжанская царква — праваслаўная царква ў Зельзіне Брэсцкай епархіі, збудаваная ў 1878 годзе. Храм — помнік эклектычнай архітэктуры, ахоўваецца дзяржавай.
== Гісторыя ==
Першая царква ў Зельзіне была пабудавана ў 1420—1430-я гады. Як сведчыць паданне, яе паставіла княгіня на месцы, дзе ледзь не загінула ў балоце, і была выратавана дзякуючы дапамозе падаспелых паляўнічых.
Новая Крыжаўзвіжанская царква была пабудавана ў XIX стагоддзі на зямлі прыходскіх могілак. Са старой царквы ў яе перанеслі асабліва шанаваны мясцовымі жыхарамі абраз Божай Маці і дубовы крыж.
У 1900 годзе на сродкі святара Антонія Радкевіча ля царквы была пастаўлена мураваная капліца, асвечаная ў гонар святых віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія.
У 1962 годзе, за савецкім часам, царква адабраная пад вясковы клуб. Царкоўнае начынне і абразы перавезлі ў лыскаўскую царкву, частку царкоўных кніг — у ружанскі касцёл. Аднак памяшканне царквы, якое патрабавала рамонту, так і не было пад яго прыстасаванае, і дырэктар мясцовай школы Шыманскі выкарыстоўваў храм як стралковы цір для вучняў.
У 1963 царква знішчаная пажарам, засталіся адно каменныя сцены.
У пачатку 90-х пачалося аднаўленне царквы. З дапамогай мясцовых калгасаў будынак быў адрэстаўраваны практычна за год. У 1994 (паводле іншых звестак — у 1995) царква была асвечана мітрапалітам Філарэтам, патрыяршым экзархам усяе Беларусі. У 1995 было набытае неабходнае царкоўнае начынне, добраўпарадкаваная царкоўная тэрыторыя, а таксама адноўленая каплічка ў гонар святых віленскіх мучанікаў.
Першым настаяцелем адроджанай царквы стаў святар Ігар Мрыхін.
== Архітэктура ==
Царква была пабудавана з каменю, накрытая белай бляхай.
Асноўны аб’ём прамавугольны, накрыты двухсхільным дахам. Ля ўваходу драўляны бабінец, да апсіды з паўночнага боку прымыкае рызніца.
Іканастас каменны, атынкаваны з абодвух бакоў. У дэкоры выкарыстаныя фрызы, пілястры, аркавыя абоймы царскіх варотаў і бакавых дзвярэй.
Па восі царквы стаіць каменная двухярусная званіца, звон для якой падараваў расійскі цар Аляксандр II.
== Настаяцелі ==
Антоній Радкевіч (памёр 13 студзеня 1901)
Кірыл Турцэвіч
Васіль Байчык (да 1953)
Ігар Мрыхін (1995 — ?)
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.