Каталіцкі могільнік быў закладзены езуітамі на гэтым месцы ў XVI ст.[1] Служылі для пахавання рыма-каталікоў і заставаліся каталіцкімі да 1920-х гадоў. Магчыма, што спачатку езуіты пабудавалі тут драўляны касцёл[2].
У 1786 годзе на гэтым месцы быў пабудаваны мураваны езуіцкі касцёл Магілы Гасподняй і Францішка Ксаверыя.
Сен-Сір пісаў, што пасля адступлення саюзнікаў езуіты вынеслі з храма рэшткі французаў і баварцаў. Але ў 1918 адзін прускі афіцэр адшукаў магілы баварцаў на цвінтары, а таксама тузін запісаў у касцёльных кнігах пра пахаванне баварцаў[5].
Ян Баршчэўскі ў сваім зборніку «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» пісаў: «Недалёка ад Палаты стаіць мураваны касцёл Святога Ксаверыя; тут магілы, дзе спачывае прах цноталюбівых манахаў езуіцкага ордэна, свецкай моладзі і старых, з якімі я некалі быў знаёмы і сябраваў…».
Нямецкія гісторыкі ў часе знаходжання з 25 лютага да 21 лістапада 1918 г. у Полацку нямецкіх войскаў шукалі тут пахаванні баварскіх афіцэраў, што загінулі ў баях за горад у 1812 г. У 1918 г. немцы аддзялілі паўднёва-ўсходнюю частку могілак, што выходзіла на 4-ы зав. Фрунзэ, зрабілі жалезную агароджу на цагляных слупах і хавалі тут сваіх салдат і афіцэраў, якія загінулі пад Полацкам. Пасярод могілак быў пастаўлены гранітны помнік з надпісам па-нямецку «Палеглым за радзіму». Гэтыя нямецкія вайсковыя могілкі захоўваліся ў парадку да 1941 г. на падставе дагавора паміж савецкім і нямецкім урадамі[2].
Акт Полацкай павятовай камісіі па ахове помнікаў даўніны і мастацтва зафіксаваў 4 ліпеня 1920 года наяўнасць у касцёле італьянскіх абразоў XVIII—XIX стст[2].
З пачатку акупацыі Полацка 16 ліпеня 1941 года немцы ператварылі могілкі ў свае вайсковыя. У 1942 г. яны прывялі да ладу вул. Азіна і 4-ы зав. Фрунзэ, выраўнаўшы іх і пасыпаўшы жвірам і друзам. Знішчылі частку пахаванняў і пашырылі могілкі на ўсход у бок Палаты і зрабілі новую планіроўку. Сцежкамі падзялілі могілкі на кварталы і зрабілі ў іх агульныя магілы. У кожным квартале ставілі адно вялікае надмагілле, а звесткі пра пахаваных занатоўваў у адмысловым дзённіку даглядальнік могілак. Ставіліся і крыжы, але колькасць іх не адпавядала колькасці пахаваных. Могілкі хутка запаўняліся, і ў канцы акупацыі засталося мала вольнага месца[2].
Пасля адыходу 4 ліпеня 1944 года нямецкіх ваенных частак іх гарнізонныя могілкі былі ліквідаваны і зраўнаваныя бульдозерам. Агароджа знятая і перавезеная ў горад, каб абгарадзіць плошчу імя Леніна, помнік знішчаны. Могілкі сталі агульнагарадскімі. У паўночнай частцы былі пахаваны ваенныя, параненыя ў ліпені-верасні 1944 г. у часе баявых дзеянняў у Літве і Латвіі і памерлыя ў разгорнутым у Полацку шпіталі № 1105, на брацкай магіле ў 1951 г. пастаўлены помнік[2].
Вядомыя асобы, пахаваныя на могілках
- Бернгард Эразм фон Дэруа[ru] (1743—1812) — граф, баварскі генерал, удзельнік паходу Напалеона ў Расію.
- Юстус Рытэр фон Зібайн[de] — баварскі генерал-маёр, удзельнік паходу Напалеона ў Расію.
- Янка Журба (1881—1964) — беларускі паэт.
- Іван Пятровіч Дэйніс (1900—1985) — беларускі педагог і краязнавец.
- Іван Сцяпанавіч Сандрас (1929—1984) — Заслужаны ўрач Беларусі.