Шыфр : 113В000566
Датаванне : 5–3-е тысячагоддзі да н.э.,1-е тысячагоддзе н.э.
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Курадава_(археалагічны_помнік)

Курадава — археалагічны помнік: селішчы каля в. Курадава Пінскага раёна Брэсцкай вобласці.

== Селішча — 1 ==
Знаходзіцца за 0,8 км на паўднёвы захад ад вёскі, на левым беразе р. Прыпяць. Размешчана на краі надпоймавай тэрасы і па яе схіле, плошча каля 4 — 4,5 га. У 1980 і 1982 гг. В. С. Вяргей адкрыла і даследавала 200 м2. Культурны пласт 0,4 — 0,9 м змяшчае розначасовыя, стратыграфічна непадзельныя рэшткі прадметаў эпохі мезаліту (свідэрскай культуры), неаліту (нёманскай культуры), бронзы (культуры шнуравой керамікі і тшцінецкай культуры), а таксама жалезнага веку (мілаградскай і позназарубінецкай культур), ранняга сярэдневякоўя (лука-райкавецкай культуры). У паўднёвай частцы раскопу выяўлена скопішча кавалкаў балотнай руды (таўшчыня слоя 0,1 — 0,2 м, плошча 8,5х3,5 м), у паўднёва-ўсходняй — гаспадарчая яма, у мацерыку — 15 попельна-вугальных плям. На паверхні пляцоўкі зрэдку сустракаюцца чалавечыя косці. Асноўны аб’ём матэрыялаў належыць да I — III стст.: каля 1200 фрагментаў посуду і ўпрыгажэнняў (фрагменты 2 фібул, 2 спражак, 8 пацерак, 2 посахападобныя шпількі, абломак бранзалета і г.д.). Керамічны матэрыял па спосабах апрацоўкі падзяляецца на: грубаляпны гладкасценны посуд (93%), фрагменты посуду з грабеньчатымі расчосамі (3%), чорна- і падглянцаваны посуд (2,5%). Асобнымі фрагментамі прадстаўлены посуд са штрыхоўкай і абломкі храпаватага посуду вельбарскай культуры. Гарызонт I — III стст. сінхранізуецца з фазамі В1 — С1 перыяду рымскіх уплываў паводле цэнтральна-еўрапейскай шкалы адноснай храналогіі. У абсалютных датах межы функцыяніравання вызначаюцца сярэдзінай I — пачаткам 1-й паловы III стст. Прафіліроўка найбольш выразных фрагментаў пасудзін, наяўнасць керамікі з расчосамі і штрыхоўкай у спалучэнні з глянцаваным посудам, характэрныя прыёмы арнаментацыі вянцоў набліжаюць керамічны матэрыял асноўнай часткі калекцыі рымскага перыяду селішча-1 да помнікаў тыпу Грыні—Ваўкі і Абідні з тэрыторыі верхняга і сярэдняга Падняпроўя.

== Селішча — 2 ==
Знаходзіцца за 0,5 км на захад ад селішча — 1, на ўзвышшы надпоймавой тэрасы левага берага р. Прыпяць. Выявілі ў 1986 г. В. С. Вяргей і А. А. Егарэйчанка. Пляцоўка памерамі 190х110 м. Знойдзены крамянёвыя вырабы (адшчэпы, пласціны, наканечнік стралы трохвугольнай формы, нуклеусы) эпохі каменнага і бронзавага вякоў, фрагменты ляпнога посуду мілаградскай, зарубінецкай, карчак і лука-райкавецкай культур.

== Селішча — 3 ==
Знаходзіцца за 1,5 — 2 км на захад ад селішча — 1, на левым беразе р. Прыпяць, на пясчаным узвышшы сярод поплаву. На паверхні сабраны фрагменты ляпнога посуду зарубінецкай, карчак і лука-райкавецкай культур.

== Літаратура ==
Белявец, В. Г., Вяргей, В. С. Курадава / В. Г. Белявец, В. С. Вяргей // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 486 — 488. — ISBN 978-985-11-0353-5.
Вергей, В. С. Исследования в бассейне верхней Припяти // АН СССР, Ин-т археологии; [Отв. ред. Б. А. Рыбаков]. — М.: Наука, 1977. — 527 с. — С. 350.
Вяргей, В. С. Курадава / В. С. Вяргей // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с. — С. 357. — ISBN 5-85700-077-7.

Шыфр : 113В000566
Датаванне : 5–3-е тысячагоддзі да н.э.,1-е тысячагоддзе н.э.
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Курадава_(археалагічны_помнік)
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты