
Курган Бессмяротнасці Адама Міцкевіча — штучны ўзгорак, насыпаны ў 1920-я гадах у гонар польскага паэта беларускага паходжання Адама Міцкевіча ў Навагрудку, дзе прайшлі яго дзіцячыя гады і ў ваколіцах якога адбываюцца многія падзеі яго твораў. Падобная практыка стварэння кургана ў гонар асобнага чалавека з’яўляецца ўнікальнай для Беларусі.
Курган занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны міжнароднага значэння..
Насыпаны па ініцыятыве Міцкевічаўскага камітэта на пляцы, які быў выкуплены за 6 тысяч злотых, што былі сабраны добраахвотнымі ахвяраваннямі. Урачыстая закладка кургана адбылася 27 мая 1924 года. Скончылі насыпаць курган у 1931 годзе. Каля яго падножжа была ўстаноўлена стэла з надпісам-прысвячэннем, якая ў 1998 годзе ў сувязі са святкаваннем 200-годдзя з дня нараджэння паэта была заменена на валун.
Недалёка ад кургана ў 1992 годзе быў усталяваны таксама помнік Адаму Міцкевічу.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Гродзенская вобласць. — 371 с., іл. — С. 264