Кузня пачатку XX стагоддзя з в. Клочкава Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці. Перанесена ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ў в. Азярцо, дзе прадстаўлена ў экспазіцыі «Цэнтральная Беларусь».
== Гісторыя ==
Пабудавана ў 1919 годзе Вялем Уладзімірам Антонавічам. Уладзімір Вяль нарадзіўся ў сям’і, дзе было шасцёра дзяцей. Зямлі на ўсіх не хапала, і бацька вырашыў навучаць сваіх малодшых сыноў рамяству. З 14 год Уладзімір Вяль вучыўся кавальству ў г. Смаргоні. У 1919 годзе на сямейнай радзе было вырашана пабудаваць сваю кузню. Яе паставілі каля дарогі на ўскрайку вёскі на спецыяльна выкупленым невялікім зямельным участку. Абсталяванне і інструменты набылі ў знаёмага каваля, мех і горан каваль зрабіў сам. Уладзімір Вяль працаваў на заказ, абслугоўваў вырабамі сваю і суседнія вёскі.
== Архітэктура ==
Кузня ўяўляе сабой невялікую зрубную пабудову, накрытую двухсхільнай цёсавай страхой з вільчыкавым бервяном. Франтон з дыляў, падлога земляная.
Унутранае абсталяванне кузні: злева размешчаны мех, па цэнтры — горан, справа пляцоўка для захоўвання драўніннага вуголля. Перад горанам стаіць дубовая калода з кавадлам. Для гартавання вырабаў выкарыстоўваюцца ночвы. Справа каля вакенца размешчаны слясарны варштат, на якім ляжаць інструменты і кавальскія вырабы. Побач з варштатам пастаўлена калода з вінтавымі абцугамі. Злева ад дзвярэй на сцяну прымацаваны свідравальны станок.
== Зноскі ==