
Лямус брыгіцкага кляштара — унікальны двухпавярховы драўляны будынак першай паловы XVII ст. у Гродне. Помнік драўлянага, а таксама гаспадарчага і жыллёвага дойлідства.
Лямус брыгіцкага кляштара з’яўляецца самай старой драўлянай пабудовай на тэрыторыі Беларусі.
== Гісторыя ==
Лямус пабудаваны ў 1630-я гг. ў стылі ранняга барока. Паводле меркавання даследчыка В. І. Кудрашова, двухпавярховы лямус будаваўся спачатку як жылы дом для манашак, але гісторык архітэктуры У. А. Чантурыя лічыць, што ў якасці жылога выкарыстоўваўся толькі другі паверх, першы выкарыстоўвалі як сховішча. Пасля таго, як быў пабудаваны мураваны корпус кляштара, другі паверх лямуса заняла абслуга.
== Архітэктура ==
Лямус размешчаны ў двары касцёла і кляштара брыгітак і ўяўляе двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з высокім вальмавым гонтавым дахам (магчыма, першапачаткова дах быў чарапічны). Пабудаваны на бутавым падмурку з масіўнага бруса без адзінага цвіка, з масіўных драўляных брусоў на бутавым падмурку. Усе канструктыўныя элементы звязаны ўсечкамі і драўлянымі клінамі.
Галоўны паўночны фасад аформлены двух’яруснай арачнай галерэяй (падсенцамі) з балюстрадай на другім паверсе. Ніжняя плоскасць падкосаў і балак над імі ўтвараюць суцэльныя паўкруглыя праёмы, якія імітуюць аркаду. Усе канструкцыйныя элементы звязаны ўрубкамі і драўлянымі клінамі. Лямус выкарыстоўваўся пад жыллё і гаспадарчыя патрэбы: першы паверх служыў складскім памяшканнем, другі быў жылым. Пазней планіроўка была зменена.
== Гл. таксама ==
Лямус на Гарадніцы
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].