Шыфр : 412Г000453
Датаванне : ХVI–ХIХ стагоддзі
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Любчанскі_замак

Любчанскі замак — колішні замак у гарадскім пасёлку Любча Гродзенскай вобласці Беларусі, на беразе ракі Нёман, за 150 км ад Мінска. Помнік палацава-замкавага дойлідства канца XVI — першай паловы XVII стагоддзя.

== Гісторыя ==
Пабудаваны ў 1581 годзе, пра што сведчыць знойдзены ў замку флюгер з выбітай датай і гербам Кішак. Ініцыятарам будаўніцтва быў магнат Ян Кішка. У 1588 годзе быў складзены першы інвентар Любчанскага замка. Да 1592 года належаў Яну Станіслававічу Кішку, затым яго брату Станіславу, а потым як пасаг дачкі апошняга Ганны перайшоў да Радзівілаў.
У пачатку XVII стагоддзя замак значна перабудаваны новым уладальнікам князем Крыштафам Радзівілам.

Так, паводле інвентара 1601 года, на замкавым двары стаялі дом вялікі на склепе высокім мураваным, клець, склеп памерамі меншы, хата сталовая з каморамі і святліцамі, дзе меліся печы кафляныя і «каморка патрэбная».

З XVIII стагоддзя замак страціў сваё абарончае прызначэнне. У 1864—1870 гадах на тэрыторыі замка быў пабудаваны палац, які быў часткова разбураны ў гады Першай сусветнай вайны. У 1947—1949 гадах з выкарыстаннем фундаментаў і фрагментаў сцен палаца пабудаваная сярэдняя школа. Да сярэдзіны ХХ стагоддзя ад замка захаваліся толькі дзве вежы.
У 1983, 1984 і 1986 гадах на тэрыторыі замка праводзіў археалагічныя даследаванні Ігар Чарняўскі.

=== Аднаўленне ===
Першы праект аднаўлення быў распрацаваны ў 1986 годзе ВА «Белрэстаўрацыя» пад кіраўніцтвам архітэктара Л. Баркуна. Распрацаванаму архітэктурнаму праекту і будаўнічаму
праекту па Кутняй вежы (першы этап аднаўлення) папярэднічалі археалагічныя даследаванні ў 1983—1985 гадах (І. Чарняўскі), гісторыка-бібліяграфічныя даследаванні (С. Адамовіч), а таксама архітэктурна-археалагічныя абмеры і натурныя вышуканні. У выніку прапанаваны праект прадугледжваў рэстаўрацыю замка як палацава-паркавага комплексу на пачатак XX стагоддзя з некаторымі дадатковымі аднаўленчымі працамі і прыстасаваннем комплекса пад санаторый «Лідсельмаша». У праекце захаваныя падмуркі сцен паміж вежамі павінны былі быць адбудаваныя на 1 м, каб захаваць візуальную сувязь паміж палацам і паркам, і толькі каля вежаў мелі аднаўленне гіпатэтычнага выгляду на ўсю меркаваную вышыню. Брамная і Кутняя вежы ў праекце атрымалі стромкі пірамідальны дах, крыты дахоўкай. Абрамленне аконных праёмаў і гзымсаў на вежах прадугледжвала выкананне сграфіта. Таксама аднаўляліся два драўляныя масты праз замкавы роў. З боку былога фальварка планавалася збудаваць сучасны будынак сталовай. Гэты праект не быў рэалізаваны.
У 2003 годзе быў створаны дабрачынны фонд «Любчанскі замак», які ўзначаліў Іван Антонавіч Пячынскі. Намаганнямі прафесарска-выкладчыцкага складу і студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта была ажыццёўлена распрацоўка праектнай дакументацыі для правядзення рэстаўрацыйных работ на Любчанскім замку.
Наступны праект паўстаў у 2004 годзе як фрагмент рэстаўрацыі замка ў выглядзе аднаўлення завяршэння Кутняй вежы і абарончай сцяны паміж Кутняй і Брамнай вежамі. Праект распрацаваны УП «МШ прафесара В. Аладава» (навуковы кіраўнік У. Кандратаў, Л. Баркун, А. Кропатаў; архітэктары В. Аладаў (ГАП), А. Шулаеў). Гэты праект прадугледжваў выкананне кансервацыйнага (фактычна часовага) спічастага гатычнага даха, аднаўленне гзымса, сграфіта на гзымсе і ў абрамленні вокнаў, адбудову лесвічнай цагляна-фахверкавай прыбудовы ў гіпатэтычнай форме на пачатак XVII ст., а таксама на той жа час адбудову абарончай сцяны ў гіпатэтычнай форме.
Канцэпцыя 2004 года засведчыла, што выкананне поўнай рэстаўрацыі замка на XVI ст. немагчыма, і было прапанавана дапрацаваць праект 1986 года з улікам новых даследаванняў: выканаць фрагментарную рэстаўрацыю Брамнай і Кутняй вежы, флігеля і бліндажа часоў Першай сусветнай вайны; аднавіць выгляд неагатычнага палаца на пачатак ХХ ст. і падпорнай сцяны ўздоўж Нёмана; аднавіць абарончы мур, палац Радзівілаў і масты з замка ў мястэчка і фальварак; выявіць сродкамі добраўпарадкавання дзве наднёманскія вежы, жылы корпус XVI ст. і іншыя пабудовы.

З 2011 года ТАА «Цэнтр па рэгенерацыі гісторыка-культурных ландшафтаў і тэрыторый» вялася карэкціроўка праекта 2004 г. і распрацоўка новага будаўнічага праекта рэстаўрацыі Брамнай вежы на аснове праведзеных у 2009—2010 гадах натурных даследаванняў Брамнай вежы. Але замест цэласнага будаўнічага праекта рэстаўрацыі Брамнай вежы гэтым праектам была прадугледжана толькі рэканструкцыя купальнага завяршэння. У 2012 годзе ТАА «Цэнтр па рэгенерацыі гісторыка-культурных ландшафтаў і тэрыторый» быў распрацаваны канцэптуальны праект рэстаўрацыі замка, а ў 2013 годзе ААТ «Белрэстаўрацыя» гэты праект быў перапрацаваны і ўзгоднены Міністэрствам культуры. Праектам прадугледжана адбудова ў гіпатэтычнай форме паўночнай наднёманскай вежы замка, будаўніцтва драўлянага палаца на паўночна-ўсходнім баку замка, стварэнне альтанкі, якая нагадвае ўсходнюю вежу

Шыфр : 412Г000453
Датаванне : ХVI–ХIХ стагоддзі
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Любчанскі_замак
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты