Лу́жасна — археалагічныя помнікі за 0,5 км ад вёскі Лужасна (Віцебскі раён, Віцебская вобласць, Беларусь), на паўднёвы ўсход ад скрыжавання дарог Р115 — Н2300.
== Гарадзішча ==
Гарадзішча знаходзіцца на краі выспы абкружанай з усіх бакоў балотам (уваход ёсць толькі з паўночнага боку, праз селішча). Мае авальную пляцоўку памерам 50х45 м, вышынёй 15—20 м, добра ўмацавана 2 падковападобнымі валамі вышынёй 4—6 м: адзін — на краі пляцоўкі, другі — на схіле гарадзішча. Вядома з 1873 года. У 1972 і 1974 гадах Г. В. Штыхаў даследаваў 100 м². Знойдзены кавалкі ляпнога посуду, 2 жалезныя сярпы, 3 нажы, бронзавая трапецападобная падвеска з арнаментам, чатырохвугольная бляшка, касцяная праколка, косці свойскіх жывёл. У VI—VIII стагоддзях выкарыстоўвалася як сховішча.
Гарадзішча датуецца раннім жалезным векам і 3-й чвэрцю I-га тыс. н. э. Адносіцца да днепра-дзвінскай і тыпу верхняга пласта банцараўскай культур.
== Селішча ==
Селішча прымыкае да гарадзішча з паўночнага боку і адносіцца да 3-й чвэрці I-а тыс. н. э.. Памер 150х35 м. У 1972 і 1974 гадах Г. В. Штыхаў даследаваў 196 м². У культурным пласце каля 1 м выяўлен рэшткі жытла (4х5 м), крыху паглыбленага ў грунт, з печчу-каменкай (1х2 м, вышынёй 0,6 м), каля якой знаходзілася шмат ляпной керамікі. Былі выяўлены:
гліняны тыгель;
2 гліняныя прасліцы;
бронзавы пінцэт з шырокімі канцамі (малюнак 20:4 у працы Штыхава «Крывічы)». Падобныя вырабы з жалеза і бронзы вядомы сярод старажытнасцей тушамлінскай культуры (Дзямідаўка (Смаленская вобласць), Нікадзімава (Горацкі раён). Бронзавы пінцэт паходзіць з доўгага кургана ў Ліндоры, бліжэйшая аналогія вядома ў эсцкага могільніка Ябара і датуецца V—VI стст. Да сярэдзіны І тысячагоддзя н.э. адносяцца і іншыя прыбалтыйскія пінцэты, аналагічныя ліндорскім. В. В. Сядоў лічыў, што гэтыя артэфакты з’яўляюцца на тэрыторыі лясной зоны Рускай раўніны ў перыяд Вялікага перасялення народаў з правінцыяльна-рымскіх рэгіёнаў;
жалезная шылападобная прылада з плоскай лапаткай.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Археалагічныя помнікі раёна // Памяць: Віцебскі раён: Гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі / Рэдкал.: А. П. Красоўскі