
Будынак Магілёўскага жаночага епархіяльнага вучылішча — будынак у г. Магілёў. Помнік архітэктуры эклектызму. Узведзены ў 1889—1892 гг. (архітэктары П. Камбураў, М. М. Маркаў) на тэрыторыі Задубровенскага пасада (сучасная вул. Вароўскага, 29).
Да 1956 года ў будынку размяшчалася Магілёўскае педагагічнае вучылішча фізвыхавання.
Цяпер у будынку размешчаны Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй №1.
== Архітэктура ==
Мураваны трохпавярховы Е-падобны ў плане будынак на высокім цокальным паверсе. Да цэнтральнай часткі далучаныя больш кароткія бакавыя карпусы, якія ўтвараюць унутраны дворык. У цэнтры па восі галоўнага ўваходу спачатку размяшчалася царква, злучаная з будынкам крытым пераходам. Цэнтр галоўнага фасада вылучаны неглыбокім рызалітам, завершаным атыкам з трохвугольным шчытом, першы паверх аддзелены гарызантальнымі цягамі, аздоблены рустам, сцены завершаны карнізным поясам з сухарыкамі. Вокны першага і другога паверхаў прамавугольныя з плоскімі ліштвамі і замковымі камянямі, трэцяга паверху — арачныя, упрыгожаныя сандрыкамі. Планіроўка калідорная, у цэнтральнай частцы былі класныя, у бакавых крылах (маюць самастойныя ўваходы) — жылыя і дапаможныя памяшканні.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].