Шыфр : 512Е000001
Архітэктурны стыль : барока
Датаванне : 1639
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Богаяўленскі_манастыр_(Магілёў)

Магілёўскі Богаяўленскі манастыр — манастыр, які існаваў у XVII—XX стагоддзях у Магілёве. Адзін з буйнейшых праваслаўных манастыроў на Беларусі. З ім звязаная дзейнасць магілёўскага праваслаўнага брацтва, пераведзенага са Спаскага манастыра.

== Гісторыя ==

У канцы XVIII стагоддзя манастырскі комплекс складалі мураваныя цэрквы Богаяўленская і «цёплая» (зімовая) Іаана Багаслова, пабудаваная ў канцы 1630-х гадоў, званіца, будынак брацкай друкарні, крамы, драўляныя будынкі шпіталя, дом настаяцеля, гаспадарчыя пабудовы. Будаўніцтва манастыра пачатае ў 1618 годзе на месцы дома з пляцам (на вул. Шклоўскай, цяпер вул. Першамайская), купленага ў княгіні Саламярэцкай (фундатар князь Ян Агінскі).
Богаяўленская царква пабудаваная Варламам Палоўкам і Арсеніем Азаровічам у 1633—1636 гг. у стылі ранняга барока паводле прывілея на новую забудову, падпісанага каралём Уладзіславам IV.
Каля 1750 года былыя магілёўскія войты Карабанькі прыбудавалі да царквы Богаяўлення прыдзел у імя Феадосія Пячэрскага і вялікі прытвор. У сутарэннях прыдзела хаваліся прадстаўнікі роду.
У 1928 г. абедзве царквы былі закрыты, у іх будынках размяшчаліся цэнтральныя архівы БССР. Комплекс разбураны ў Другую сусветную вайну.
На манастырскіх могілках знаходзіліся пахаванні героя руска-турэцкай вайны генерала кавалерыі Сямёна Васілевіча Каханава, архімандрыта манастыра Афанасія. У царкоўнай агароджы гэтага ж манастыра быў пахаваны адзін з магілёўскіх губернатараў — Мікалай Скалон, а ў самой царкве яго трэцяя дачка Алена. Там жа пахавана прадстаўніца вядомага шляхецкага роду Пелагея Пятроўна Карабанькава.

== Архітэктура ==

Царква — мураваная трохвежавая трохапсідная дзесяцістаўповая крыжова-купальная базіліка з васьмігранным барабанам і купалам (пастаўлены ў 1700 г.) над сяродкрыжжам. Галоўны фасад (перабудаваны ў XVIII ст.) меў ярусную кампазіцыю, завяршаўся дзвюма вежамі і фігурным франтонам паміж імі. Верхні ярус быў аздоблены плоскімі арачнымі нішамі з гіркамі. Інтэр’ер быў багата размаляваны, меў пазалочаны разны іканастас (XVII—XVIII стст.) работы мясцовых майстроў з абразамі іканапісца Афанасія Пігарэвіча і іншых у сярэбраных абкладах (1755 г.) работы магілёўскага чаканшчыка Пятра Слізіка (Сліжыка).
У 1657 г. побач з царквой пачата будаўніцтва чатырох’яруснай вежы-званіцы, на якой у 1686 г. устаноўлены гадзіннік, зроблены манахам Макарыем. Царква разбуралася ў 1708 г. і 1748 г., у 1750—1760 гг. праводзіліся аднаўленчыя работы, з 1812 г. была паўразбурана, у 1850 г. поўнасцю адноўлена, у 1866 г. адноўленыя мураваная брама і званіца. Прасторавая кампазіцыя царквы аказала значны ўплыў на архітэктарскае аблічча шэрага праваслаўных храмаў Беларусі.

== У мастацтве ==

Даследчыкі сцвярджаюць, што выява Богаяўленскага манастыра змешчана на гравюры «Градъ Могилевъ» В. Вашчанкі, надрукаванай у 1702—1703 годзе ў «Кнізе жыцій святых».
На гравюры адлюстравана частка панарамы Старога горада з боку Шклоўскага пасада. Вывучэнне гравюры дазваляе сцвярджаць, што змешчаная ў цэнтры гравюры мураваная трохнефавая трохапсідная крыжова-купальная базіліка з’яўляецца Богаяўленскім храмам. 3 правага боку чатырох’ярусная манастырская званіца, за ёй — дамкі жаночага Богаяўленскага манастыра. Злева — цёплая царква Іаана Багаслова і манастырскія карпусы, у якіх размяшчалася ў той час брацкая друкарня.

== Зноскі ==

== Літаратура ==
Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 465. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9.

Шыфр : 512Е000001
Архітэктурны стыль : барока
Датаванне : 1639
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Богаяўленскі_манастыр_(Магілёў)
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты