Будынак кляштара ордэна трынітарыяў узведзены з цэглы ў 1762 г. У цэнтры збудавання знаходзіўся касцёл Казіміра.
Напачатку XIX ст. расійскія ўлады распачалі ў Бабруйску, дзе знаходзілася павятовае дваранскае вучылішча, будаўніцтва шматлікіх ваенных аб’ектаў, так быў пабудаваны шпіталь, харчовыя склады, пасля чаго і крэпасць. Ва ўмовах ваеннага будаўніцтва месца для вучылішча ў Бабруйску не знайшлося, таму Віленскі ўніверсітэт стаў шукаць памяшканне для вучылішча, пры гэтым разглядаліся такія варыянты, як Паставы Віленскай губерні, Глуск Мінскай губерні і Свіслач Гродзенскай губерні[1]. На дапамогу ўніверсітэту прыйшоў маладзечанскі граф Францішак Ксаверый Агінскі і прапанаваў змясціць вучылішча пры Маладзечанскім кляштары трынітарыяў, пры гэтым паабяцаў адвесці кватэры для настаўнікаў, забяспечыць вучылішча кнігамі, прыборамі і г. д.
26 жніўня 1811 года маёмасць Бабруйскага вучылішча была перавезена ў Маладзечна[2], пры гэтым пераехала і 26 вучняў[1]. Быў зроблены набор мясцовых вучняў і 15 верасня прайшлі першыя заняткі[1]. Для дзвюх класаў вучылішча граф Агінскі даў памяшканні ў кляштары[3], а для астатніх адвёў шэраг хатаў, якія былі раскіданы па ўсім мястэчку, але ў лютым 1812 года расійскі ўрад уладкаваў у кляштары паштовую станцыю буйнага памеру, падпарадкаваўшы яе наглядчыку вучылішчы і ўсклаўшы на яго вытворчасць усіх, тады нескладаных, паштовых аперацый[1]. Пасля вайны 1812 года палітыка расійскіх уладаў была скіравана на насаджэнне расійскай культуры праз вучылішча, так у вучылішчы пачалі насаджвацца расійскія кнігі, развешваліся партрэты цара[1].
З 1814 года кіраўніцтва вучылішча стала адкрываць парафіяльныя пачатковыя школы пад апякунствам вучылішча. Апякун павятовай вучылішча, ён жа павятовы правадыр дваранства, быў абавязаны назіраць за адкрыццём школ і ўтрыманнем іх з прыбыткаў адукацыйных маёнткаў[1]. На працягу 10 гадоў былі адкрыты парафіяльныя школы ў Маладзечне, Краснаселлі, Дунілавічах, Мядзеле, Будславе, Задзеве, Крывічах, Хоўхлаве і Куранцы, на тэрыторыі Віленскай і Мінскай губерні[1]. Настаўнікамі прызначаліся выпускнікі Маладзечанскай дваранскай павятовай вучылішча[1]. Пасля 1815 года ў кляштары знаходзілася таксама мастацкая семінарыя[2].
У 1825 годзе міністэрства народнай асветы ў дваранскіх вучылішчах увяло новыя штаты для настаўнікаў рускай мовы праваслаўнага веравызнання, справаводства вучылішча было пераведзена на рускую мову. Парафіяльныя школы, дзе сярод вучняў і настаўнікаў сталі пераважаць беларусы-ўніяты, сталі хутка зачыняцца[1]. Хутка высветлілася, што ў вучылішча моцныя антырасійскія настроі, якія падаграваліся незадаволенасцю насельніцтвам усяго мястэчка расійскай уладай.
14 красавіка 1831 года паўстанцкі атрад Міхала Ходзькі, што ішоў з боку Вільні, вызваліў Маладзечна з-пад расійскай улады. Маладзечанцы, у тым ліку навучэнцы і настаўнікі вучылішча, падтрымалі паўстанцаў. Навучэнцамі былі арганізаваны паўстанцкія атрады пад кіраўніцтвам І. Гіцэвіча і А. Валадковіча. Навучэнцы, якія не маглі прыняць удзел у паўстанні з-за ўзросту, вучыліся стральбе, а таксама дапамагалі мясцовым жыхарам забяспечваць паўстанцаў харчамі і фуражом. Грашовую дапамогу паўстанцам аказваў плябан маладзечанскага вучылішча Дульскі, ён ахвяраваў паўстанцам 1413 рублёў[1]. Але ўжо 22 красавіка 1831 года расійскія карнікі занялі Маладзечна, пачалі дзейнічаць ваенна-палявыя суды над паўстанцамі. Маладзечанскую вучылішча зачынілі, настаўнікі вучылішча былі арыштаваны і адпраўлены ў мінскую турму.
Пасля шматлікіх рэпрэсій і канчатковага падаўлення паўстання, вучылішча была адчынена нанова. Цяпер вучэбны працэс быў цалкам накіраваны на русіфікацыю. У 1843 годзе павятоваму дваранскаму вучылішчу быў цалкам перададзены жылы корпус кляштара з 5 драўлянымі пабудовамі і 7 дзесяцінамі зямлі[2]. У 1860 годзе вучылішча была пераўтворана ў пяцікласную гімназію для дзяцей шляхты каталіцкага веравызнання[2].
Настаўніцкая семінарыя заснавана 25 чэрвеня 1864 г. на базе шляхецкага пяцікласнага павятовага вучылішча. Адкрыта 8 лістапада 1864 г. Рыхтавала настаўнікаў пачатковых школ. Адным з заснавальнікаў семінарыі быў археолаг, педагог, краязнавец М. П. Авенарыус; сярод выкладчыкаў беларускія этнографы, фалькларысты і гісторыкі М. Я. Нікіфароўскі, Ю. Ф. Крачкоўскі, А. В. Ярушэвіч. Тэрмін павучання быў спачатку 2, потым 4 гады. Вывучалі закон божы, гісторыю праваслаўнай царквы, заалогію, батаніку, арыфметыку, геаметрыю, царкоўнаславянскую і рускую мовы, літаратуру, методыку выкладання, дыдактыку, псіхалогію і інш. Пры семінарыі было ўзорнае народнае вучылішча, дзе семінарысты праходзілі практыку[6].
У другой палове XIX стагоддзя прыбудавана царква са званіцай (не захавалася)[6].
У верасні 1906 г. у семінарыі адбылася забастоўка, да якой далучыліся навучэнцы яшчэ трох семінарый Віленскай вучэбнай акругі. Семінарыю мусілі пакінуць дырэктар і найбольш ненавісны настаўнік. Пасля гэтых падзей семінарысты арганізавалі ў Маладзечне з’езд прадстаўнікоў Маладзечанскай, Свіслацкай, Полацкай, Нясвіжскай і Панявежыскай настаўніцкіх семінарый, на якім абмяркоўваліся палітычныя і вучэбныя пытанні. Актыўныя ўдзельнікі з’езда былі арыштаваны і аддадзены пад суд[6].
У Першую сусветную вайну семінарыя эвакуіравана ў Смаленск (1915 г.), дзе існавала да 1920 г. Семінарыю скончылі больш як 2 тыс. чалавек. Сярод іх — пісьменнік Міхась Чарот, героі Грамадзянскай вайны I. А. Біч, П. М. Шаранговіч, удзельнік 3 рэвалюцый генерал-маёр Л. С. Калядка, камбрыг А. I. Міхалёнак, наркам фінансаў БССР I. Ф. Кудзелька, дзеячы рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі Ф. I. Валынец, А. Р. Капуцкі, П. В. Мятла, С. А. Рак-Міхайлоўскі, герой руска-турэцкай вайны 1877—78 гг. К. В. Хруцкі і інш. Семінарыя мела вялікую бібліятэку, у 1910 г. пры ёй адкрыўся музей. У 1905—11 гг. існаваў тэатр, дзе ставілі п’есы А. Чэхава, А. Астроўскага, М. Гогаля і інш[6].
На дадзены момант на месцы тых пабудоў знаходзіцца станкабудаўнічы завод.
Літаратура
- Учительская семинария(недаступная спасылка)
- Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд.. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. С. 215.
- Цвірка К. Дарогамі Тамаша Зана // Полымя. 1992. №6. С. 152—153.
- Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цвіркі,. — Мн., 1998. — С. 197. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
- Цвірка, К. Вечны выгнаннік і пілігрым. Жыццё і творчасць Тамаша Зана. — 1994. — № 2. — С. 17—24.
- У. В. Алісейчык, В. Б. Караткевіч. 1620. Настаўніцкая семінарыя // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1987. — Мінская вобласць. Кніга 2. — 308 с.: іл.