
Памяць пра Людвiга Нарбута
Гісторыя стварэння памятнай дошкі
Праз семдзесят гадоў адзiным бачным знакам, якi паказваў на месца паўстанцкай магiлы, быў камень з надпісам «Лявон Краінскі, 1863», які ўсталявала сям’я аднаго з 13 пахаваных. Праз увесь час няволi мясцовы люд стала клаў кветкi да каменя. У 1933 г. дзякуючы iнiцыятыве жаўнераў i афiцэраў 76-га Лiдскага палка пяхоты паставiлi ў Дубiчах помнiк памяцi Людвiка Нарбута i палеглых паўстанцаў. Сродкi на яго пабудову былi сабраны спецыяльным, для той мэты сабраным Камiтэтам Лiдчыны, на чале якога стаяў генерал Эд- 231 Дадаткі вард Рыдз-Смiглы. Праект выканаў прафесар Унiверсiтэта iмя Стэфана Баторыя Фердынанд Рушчыц. Камень, якi да таго часу сведчыў пра магiлу паўстанцаў, умуравалi ў падножжа абелiска. Адкрыццё помнiка 6 жнiўня 1933 г. было вялiкай падзеяй i святам для мясцовага люду. З гэтай нагоды з’явiлiся спецыяльныя публiкацыi, прысвечаныя Людвiку Нарбуту i студзеньскаму паўстанню, а таксама гiсторыi 76- га Лiдскага палка пяхоты, якому было нададзена iмя геройскага камандзiра (полк дыслакаваўся ў Гродне)307. У 1938 г., на 75-я ўгодкi студзеньскага паўстання, жыхары Лiдчыны ўшанавалi памяць свайго героя. Было вырашана заказаць памятную дошку i ўмураваць яе ў сцяну касцёла пiяраў у Лiдзе. Месца размяшчэння дошкi гарантавала трываласць i ахову ад вандалаў, але далейшы лёс дошкi паказаў, якая зменлiвая наша гiсторыя. У «Ziemi Lidzkiej» у нумары 5–6 з мая – чэрвеня з’явiўся артыкул Аляксандра Снежкi, названы «Людвiк Нарбут – нацыянальны герой». Гэтым тэкстам пачалася падрыхтоўка да адзначэння 75-годдзя студзеньскага паўстання. Аўтар расказаў пра лёс Людвiка Нарбута. У тым самым нумары знаходзiліся i ўспамiны Юлiя Грымайлы-Прыбыткi. Яго аўтар, якi ў 1863 г. быў малым хлопцам, згадваў, што для яго i ўсёй яго сям’i вялiкай падзеяй было наведванне Людвiкам Нарбутам iхняга дому. Грымайла-Прыбытка так успамінаў тое спатканне: «…мы мелi вялiкае шчасце бачыць героя, правадыра ўсяго народа…» З пададзенага фрагмента выразна вiдаць, якое значэнне мела ў часы паўстання i ў наступныя сем-дзесят пяць гадоў для жыхароў Лiдчыны i нават i ўсёй Лiтвы постаць Людвiка Нарбута. Яшчэ раней Аляксандр Снежка ў першым нумары «Ziemi Lidzkiej» за 1937 г. змясцiў артыкул, у якiм расказаў пра маёнтак Шаўры – радавое гняздо Нарбутаў. У многiх перадваенных нумарах «Ziemi Lidzkiej» друкавалiся фрагменты запiсак Бранiслава Нарбута, якi апiсваў жыццё Лiды i ваколiц трыццатых i саракавых гадоў пазамiнулага стагоддзя308. 307 Там жа. S. 152–155. 308 Наша слова. № 38 (1085). 19 верасня 2012 г. 232 Леанід Лаўрэш. Паўстанчы дух Справамi фундавання мемарыяльнай дошкi, прысвечанай Людвiку Нарбуту, актыўна цiкавiлася грамадскасць Лiды. У красавiцкiм нумары 1937 г. рэдакцыя змясцiла тэкст пад загалоўкам «Толькi з годнасцю, панове». Выданне iнфармавала чытачоў, што Лiда i Лiдчына рыхтуецца да ўгодкаў выбуху студзеньскага паўстання на наступны год. Кульмiнацыйным пунктам мерапрыемстваў будзе адкрыццё памятнай дошкi, прысвечанай Людвiку Нарбуту. Каб надаць урачыстасцi вагу i забяспечыць спраўную арганiзацыю, быў створаны камiтэт мерапрыемстваў. Апроч нагляду за ходам урачыстасцi перад камiтэтам паўстала складаная задача – збiранне фундушаў на пакрыццё кошту дошкi. Сябры камiтэта адразу звярнулiся з гарачым заклiкам аб дапамозе. Збор грошай арганiзавала рэдакцыя «Ziemi Lidzkiej». Акцыя збiрання iшла спраўна. Ужо ў травеньскiм нумары 1937 г. быў змешчаны артыкул, якi прадстаўляў праект будучай дошкi. Выканаў яго мясцовы скульптар Ежы Кацешчанка. Надпiс змешчаны на дошцы, паведамляў: «1832–1863. Вучню былой школы айцоў пiяраў у Лiдзе Людвiку Нарбуту, правадыру студзеньскага паўстання на Лiтве ў 75-годдзе геройскай смерцi. 1863–1938. З пашанай Лiдчына» Акрамя iншага, надпiс на дошцы тлумачыў, чаму было вырашана размясцiць яе на сцяне касцёла: Людвiк Нарбут вучыўся ў той школе, хоць тады яна не належала пiярам. У той школе, але яшчэ пiярскай, вучыўся бацька Людвiка – Тэадор Нарбут. У гэтым месцы патрэбна тлумачэнне: касцёл, у сцяну якога ўмуравалi дошку, пабудавалi пiяры, пераведзеныя ў Лiду Iгнацыем Сцыпiёнам дэль Кампа, падстолiем 233 Дадаткі Вялiкага Княства Лiтоўскага. Першы касцёл, драўляны, паўстаў у 1758 г., у 1770 г. ксёндз Аляксандр Вольмар купiў фальварак Пастаўшчына, дзе праз восем гадоў, г. зн. у 1778 г., было распачата будаўнiцтва ўласнага касцёла i калегiума. Работы, асаблiва па будаўнiцтве касцёла, iшлi вельмi павольна. У 1801 г. ксёндз Казiмiр Нарбут асвяцiў кутнi камень i фундаменты будынка. Святыня да канца была завершана i асвечана ў iмя Св. Юзафа Каласантага ў 1829 г. Пiярам касцёл i калегiум доўга не належалi. У 1834 г. зачынiлi школу. А пасля 1843 г. царскiя ўлады аддалi касцёл i кляштарныя будынкi праваслаўнай царкве. Праз тры гады пiяры пакiнулi горад. Пасля заняцця Лiды польскiм войскам у 1919 г. святыню нанава памянялi на касцёл рымска-каталiцкi i аднавiлi даўнi калегiум з пачатковай школай, гiмназiяй i гандлёвым лiцэем. У вераснi 1939 г. касцёл быў зноў адабраны ў пiяраў. Камунiстычныя ўлады зрабiлi ў святынi планетарый. У 1993 г. пачалiся стараннi за вяртанне касцёла айцоў пiяраў. Аднак улады Беларусi пасля паразумення з папскiм нунцыем у Беларусi, бiскупам Гарадзенскай дыяцэзii i генералам ордэна пiяраў вырашылi зноў перадаць яго праваслаўнай царкве3
За падрыхтоўкай да ўрачыстасцей адкрыцця дошкi наглядаў спецыяльна з той мэтай створаны камiтэт, якi ўзначальваў сам Эдвард Рыдз-Смiглы. Постаць маршала надавала дзейнасцi камiтэта характар агульнадзяржаўны. Акрамя выканаўчага камiтэта, каб падняць ранг мерапрыемства, склiканы быў яшчэ i ганаровы камiтэт. У склад ганаровага камiтэта ўвайшлi: Адам Сакалоўскi – навагрудскi ваявода, ксёндз арцыбiскуп Рамуальд Ялбжыкоўскi – Мiтрапалiт Вiленскi, генерал Альшына-Вiльчынскi, М.Б. Гадэцкi – вiленскi школьны куратар, Людвiк Бацiнскi – ваявода вiленскi, Мар’ян Янкоўскi – вiцэ-ваявода беластоцкi, прафесар доктар Вiтольд Станевiч – прарэктар Унiверсiтэта Стэфана Баторыя, ксёндз Геранiм Стусiнскi – правiнцыял пiяраў; Юзаф Пшылускi – старшыня апеляцыйнага суда ў Вiльнi, а таксама Юзаф Iгнацы Парчэўскi – пракурор апеляцыйнага суда ў Вiльнi. Кошт выканання дошкi склаў каля 1500 злотых, што на тыя часы было немалой сумай. Аўтар дошкi атрымаў ганарар у памеры 480 зл. Адлiўку яе выканаў адмысловец з Вiльнi Савул Пупко, за сваю працу ён атрымаў 300 зл. Гранiтную плiту, да якой была прымацавана адлiўка з бронзы, зрабiў камнярэз з Мiра – Антонi Грыневiч. Яго аплата склала 350 зл. У дзень адкрыцця дошкi вулiцы Лiды выглядалi выключна святочна. Галоўнае месца свята – касцёл пiяраў – быў iлюмiнаваны. Ва ўрачыстасцi ўзялi ўдзел ваявода вiленскi Адам Сакалоўскi, арцыбiскуп Рамуальд Ялбжыкоўскi, генерал Альшына-Вiльчынскi, куратар М. Гадлеўскi, правiнцыял пiяраў Геранiм Стусiнскi, стараста Станiслаў Гансоўскi, князь Людвiк Чацвярцiнскi, а таксама Эмiль Томас, цесць маршала Рыдз-Смiглага. Дэлегатам ад палка iмя Людвiка Нарбута быў палкоўнiк Станiслаў Чурыла. Перад касцёлам пiяраў адбыўся парад войска i розных арганiзацый, якiя дзейнiчалi на Лiдчыне. Прысутных ад iмя арганiзацыйнага 235 Дадаткі камiтэта прывiтаў яго старшыня – суддзя Юльян ГрымайлаПрыбытка. Далей вайсковы аркестр сыграў дзяржаўны гiмн, пасля якога прамову сказаў прафесар Люцыян Брыльскi – выкладчык польскай мовы ў пiярскiм калегiуме. У выступе ён нагадаў сабраным асноўныя факты з жыцця Людвiка Нарбута. Адкрыў умураваную ў франтальную сцяну касцёла шыльду генерал Альшына-Вiльчынскi. Ад iмя палка, якi носiць iмя героя свята, прамовiў палкоўнiк Чурыла. Да ўдзельнiкаў мерапрыемства прыйшла вiншавальная дэпеша з Варшавы, прыслаў яе сваяк Людвiка Нарбута – Нестар Нарбут. Урад горада Лiды даў на тую высакародную мэту 200 зл., а Красовы саюз земляробаў, аддзел Лiдска-Валожынскi ў Лiдзе, сабраў i перадаў 125,50 зл. На лiсце ахвярадаўцаў аказалася некалькi дзясяткаў прозвiшчаў i назваў структур i арганiзацый, якiя пералiчылi грошы. Змешчаны спiс не быў поўны. Рэдакцыя абяцала, што ў наступных нумарах будзе пададзены працяг лiста. Адкрыццё шыльды было вялiкiм святам i для лiдскiх пiяраў. Дзеi падрыхтоўкi да ўрачыстасцей занатаваны ў «Кронiцы калегiума айцоў пiяраў у Лiдзе». На мерапрыемства ўжо за дзень прыехаў ксёндз-правiнцыял Геранiм Стусiнскi ў кампанii асiстэнта Польскай правiнцыi – ксяндза Банавентуры Кадэi, а таксама рэктара калегiума ў Кракаве ксяндза Людвiка Руска. Лiдскiх пiяраў рэпрэзэнтаваў ксёндз Антонi Чабаноўскi. Падчас урачыстасцi ксяндзу правiнцыялу i ксяндзу Чабаноўскаму былi ўручаны адзнакi 76-га Лідскага пяхотнага палка iмя Людвiка Нарбута, які дыслакаваўся ў Гродне. Як занатавана ў «Кронiцы…», папаўднi ў калегiуме адбыўся раскошны прыём, у якiм узялi ўдзел годныя госцi, сабраныя на ўрачыстасць адкрыцця шыльды. Атмасферу тых дзён перадае «Ziemia Lidzka». У майскiм нумары «Ziemi Lidzkaj» 1938 г. пададзена справаздача з урачыстасцi. Рэдакцыя падкрэслiвала выключна ўзняты настрой, якi панаваў сярод сабраных, для ўдзелу ў мерапрыемствах на вулiцы Лiды выйшла вельмi шмат жыхароў. У тым жа нумары газеты быў змешчаны спiс ахвярадаўцаў на 236 Леанід Лаўрэш. Паўстанчы дух шыльду. На першым месцы рэдакцыя памясцiла вiленскага ваяводу Адама Сакалоўскага. Ён ахвяраваў суму 100 зл. Адвакат Вiшнеўскi, напрыклад, даў 30 зл., а нейкi Мiхал Слюсарскi – 1 зл. Пасля верасня 1939 г. новая ўлада пачала знiшчаць помнiкi, якiя сведчылi пра гiсторыю краю. Абелiску ў Дубiчах удалося перажыць Другую сусветную вайну. Ён ацалеў, хутчэй за ўсё, дзякуючы таму, што гэтая мясцовасць ляжыць па ўзбоччы, далёка ад галоўны дарог. Помнiк той стаiць і сёння310. 18 верасня 1939 г., калi да Лiды наблiжалiся бальшавiцкiя войскi, ксёндз Чабаноўскi вырашыў дошку затынкаваць. Неўзабаве Саветы зачынiлi пiярскую гандлёвую школу. Людзi, вывучаныя ў iншым стылi i ў духу iншай улады, не былi патрэбныя. Падчас шматлiкiх бамбардзiровак горада ў перыяд 1941–1944 гг. касцёл амаль не пацярпеў, пасля вайны быў адрамантаваны. Але ў 1958 г. улады пастанавiлi яго зачынiць i зрабiць у будынку спачатку спартовую залу, а потым планетарый. Разам з касцёлам адабралi i ордэнскi дом. Было дадзена некалькi дзён, каб упакавацца i забраць мэблю. Ксяндзам не далi нiякага памяшкання ўзамен. Дошка хоць i была схаваная, аднак яна iснавала ў сэрцах i думках мясцовай супольнасцi, i людзi пра яе памяталi ўвесь час. Яна была сiмвалам гарачага патрыятызму, i не толькi польскага, але i беларускага. Католiкi нiколi не перапынялi барацьбы за вяртанне касцёла. Пiсалiся шматлiкiя петыцыi ў Мінск i Маскву. Найчасцей яны заставалiся без адказу. Сiтуацыя змянiлася з пачаткам перабудовы. У 1989 г. быў зняты тынк з дошкi, адбылося яе другое адкрыццё. У 1990 г. з iнiцыятывы Таварыства беларускай мовы пад асноўнай дошкай была памешчана мармуровая дошка з перакладам тэксту на беларускую мову. У снежнi 1990 г. аддзел Саюза палякаў у Лiдзе разам з вернiкамi прасiў улады Беларусі i горада вярнуць святыню. На Грамнiцы, 2 лютага 1991 г., лiдскiя католiкi пасля набажэнства ў фарным касцёле рушылi пад касцёл пiяраў. Агулам звыш 200 чала310 Komorowski Paweł, Kołyszko Aleksander. Ludwik Narbutt. S. 18–21. 237 Дадаткі век, укленчыўшы пад мурамi святынi, накiроўвалi да Бога малiтвы аб справядлiвасцi. У кастрычнiку 1993 г. Таварыства польскай культуры на Лiдчыне (ТПКЛ) зынiцыявала штотыднёвыя малiтвы пры касцёле. У першую нядзелю прыйшло каля 20 чалавек. Але з кожнай наступнай iх колькасць расла. Калi на малiтву пачало прыходзiць да ста чалавек, быў накiраваны лiст (9.11.1993 г.) да гарадскiх улад з просьбай аб вяртаннi святынi вернiкам. Паколькi не было нiякай рэакцыi ўлад на зборы вернiкаў, копii лiста былi высланы апостальскаму нунцыю ў Мінск, бiскупу Аляксандру Кашкевiчу, а таксама дыякану Станiславу Роеку. Праз колькi дзён пасля лiста старшыня ТПКЛ быў запрошаны ў гарадскi савет, i гарадскi пракурор у прысутнасцi намеснiка старшынi савета паведамiў, што ТПКЛ праводзiць нелегальныя акцыi, арганiзуючы малiтвы пры публiчным будынку. Хоць для католiкаў гэты будынак заўсёды заставаўся святыняй, рацыю ў гэтай краiне заўсёды мела ўлада, i таварыства фармальна адмовiлася ад правядзення тых акцый. Але вернiкi, як i сябры ТПКЛ, арганiзоўвалi малiтвы ажно да перадачы касцёла праваслаўным. Улада фармальна не заўважала лiстоў, так жа, як i лiстоў-водгукаў на заклiк таварыства, надрукаваных у многiх польскiх газетах (у т. л. у «Ladzie», «Тygodniku Powszechnym», «Slowie – Dzienniku Katolickim», «Mysli Polskiej»). Адначасова перадачы будынка пад царкву дамагалiся праваслаўныя вернiкi. Пасля згоды каталiцкага духавенства ў знак паяднання гарадскiя ўлады рашэннем ад 7.03.1996 г. перадалi будынак праваслаўнай парафii. Пасля перадачы касцёла адразу была знята беларуская дошка (была замацаваная на шрубах). Прадбачачы пагрозу для польскай дошкi, ТПКЛ зынiцыявала шэраг дзеянняў. Супольна з беларускiмi арганiзацыямi i аддзелам Саюза палякаў на Беларусi (разам 7 няўрадавых арганiзацый) накiравалi лiсты да гарадскiх улад, у Мiнiстэрствы культуры i адукацыi Рэспублiкi Беларусь, праiнфармавалi старшыню Таварыства аховы помнiкаў у Гароднi Змiцера Аляшкевiча. Па- 238 Леанід Лаўрэш. Паўстанчы дух водле яго слоў, ён таксама звяртаўся да гарадскiх улад i быў запэўнены, што дошка не будзе парушана i застанецца на месцы. 7 траўня 1996 г. у гарсавеце абылося спатканне з прадстаўнiком Мiнiстэрства культуры, якi прыбыў у горад па той справе. У спатканнi ўзялi ўдзел прадстаўнiкi грамадскiх арганiзацый (падпiсанты лiстоў) кiраўнiк гарадскога аддзела культуры, настаяцель праваслаўнай парафii. Адназначна было сцверджана, што гэты будынак з’яўляецца помнiкам культуры i знаходзiцца пад аховай дзяржавы, i бацюшку абавязалi падпiсаць ахоўны дакумент (аднак ён гэтага не зрабiў, а перадача будынка без гэтага дакумента не мае праўнай моцы). Прысутныя на сходзе былi запэўнены, што з дошкай нiчога не станецца. Звыш таго, вялiся размовы пра паўторнае замацаванне беларускага тэксту таблiцы. Аднак 17 чэрвеня 1996 г. каля 17.30 сябар ТПКЛ Мечыслаў Хвайнiцкi заўважыў, што салдаты выбiваюць дошку з муру. Адразу пад будынак з’явiліся некалькi iншых сяброў ТПКЛ (Аляксандр i Андрэй Сямёнавы, Ганна i Тадэвуш Комiнчы, Лiля Тумялевiч, Мечыслаў Хвайнiцкi, Часлаў Колышка – старэйшы), якiя засведчылi, што выбiты дзве дзiркi ўздоўж дошкi. Салдатаў ужо не было. Гэтыя людзi былi каля касцёла да 21-й гадзiны. У гэты ж час старшыня ТПКЛ А. Колышка спрабаваў скантактаваца з прадстаўнiкамi ўлад. Аднак час працы ўжо скончыўся. Вечарам дамовiлiся са старшынёй гарадской рады Беларускага народнага фронту Станiславам Суднiкам, што ранiцай наступнага дня разам пойдуць да гарадскiх улад. Назаўтра а 9-й гадзiне былi пры касцёле – дошкi ўжо не было. Гаварылi, што была вырвана недзе каля 6-й ранiцы. Нейкi час захоўвалася пры ўваходзе ў царкву, пазней была перанесена ў гарадскi краязнаўчы музей, дзе ляжала каля музейнага хлевушка, пакуль на яе збольшага не забылiся. Вiзiт да гарадскiх улад быў бессэнсоўны. У гэтай сiтуацыi былi напiсаны заявы пракурору аб узбуджэннi крымiнальнай справы, былi паiнфармаваны Мiнiстэрства культуры, а так- 239 Дадаткі сама Таварыства аховы помнiкаў у Гароднi. Адказ з аддзела ўнутраных спраў быў цiкавы: «Старшынi Лiдскай рады БНФ Суднiку С. В., г. Лiда В. А. Лiдскага мiжрайпракурора, Дарадцу юстыцыi Скакуну В. В., г. Лiда Паведамляем, што па Вашай заяве праведзена праверка. Мемарыяльная дошка як помнiк удзельнiку паўстання Л. Нарбуту ўтрымоўвае дзяржаўную сiмволiку “Белы арол з каронай i Пагоня”, у непашкоджаным выглядзе вернiкамi знята са сцяны храма. Пра зняцце дошкi даведзена да ведама Лiдскаму гарвыканкаму, якi павiнен прыняць рашэнне аб пераносе яе ў дазволенае законам месца. Гэтая дошка была ўстаноўлена на Саборы ў 1938 г. i да пабудаванага ў 1863 г. праваслаўнага храма не мае дачынення. Згодна з арт. 7 Канстытуцыi РБ у месцах набажэнстваў не дапускаецца выкарыстанне дзяржаўнай сiмволiкi, правядзенне сходаў i iнш. Згодна з рашэннем Лiдскага гарвыканкама № 38 ад 07.03.96 г. будынак перададзены ў безаплатнае карыстанне праваслаўнай рэлiгiйнай грамадзе Свята-Мiхайлаўскай царквы. Начальнiк аддзела – В. Г. Макаранка»311. У адказе на наступную заяву старшынi ТПКЛ пракурор паведамiў, што ён цалкам згаджаецца са зместам адказу аддзела ўнутраных спраў. Справа была скандальная, уся незалежная прэса пiсала пра гэта. Гарадзенская рэгiянальная газета «Пагоня» пракаментавала здарэнне наступным чынам: «Людвiка Нарбута спрабуюць забiць у другi раз». У Лiдзе з’явiлiся ўлёткi на беларускай мове, надрукаваныя на звычайнай друкарскай машынцы: «Шаноўныя жыхары. У Лiдзе ўчынены чарговы акт вандалiзму i бяспраўя супраць нашай гiсторыi, гонару i годнасцi беларусаў i палякаў, усiх патрыётаў Лiдчыны. Поп Аляксандр i тыя, хто сарваў з будынка планетарыя дзве памятныя дошкi ў гонар героя паўстання 1863 г., змагара за незалежнасць 311 Там жа. S. 27–31. 240 Леанід Лаўрэш. Паўстанчы дух Беларусi, паплечнiка Кастуся Калiноўскага, кiраўнiка паўстання на Лiдчыне Людвiка Нарбута, абразiлi нашыя нацыянальныя i патрыятычныя пачуццi. Шаноўныя лiдзяне, праваслаўныя i католiкi, заклiкаем вас пратэставаць усiмi мажлiвымi спосабамi супраць злачынства, учыненага ворагамi беларускасцi, супраць бяспраўя i беспакаранасцi злачынцаў гарадскiмi ўладамi. Не слухайце тых, хто заклiкае да маўчання. Iдзiце ў выканаўчы камiтэт, пiшыце ў газеты, звяртайцеся да пракурора, пачынайце судовыя справы. Сёння яны топчуць нашую гiсторыю, заўтра будуць таптаць нас». Узнiкла некалькi iнiцыятыў упарадкавання справы з нарбутаўскай дошкай. Улады разумелi, што трэба нешта рабiць. Падчас будаўнiцтва Дома польскага ў Лiдзе была высунута прапанова, каб памясцiць дошку на сцяне гэтага будынка. Аднак што агульнага мае новы будынак Дома польскага на вул. Кiрава з той дошкай? Акрамя таго, супраць такой прапановы выступiлi ўсе беларускiя арганiзацыi, якiя супрацоўнiчалi з Таварыствам польскай культуры, але не надта давяралi Саюзу палякаў, магчыма беспадстаўна, i баяліся, што калi дошка трапiць у iхнiя рукi, то можа быць вывезена ў Польшчу. У сакавiку 1997 г. у лiстах да старшынi Лiдскага гарвыканкама У.М. Мальца Таварыства польскай культуры i Лiдская гарадская арганiзацыя БНФ «Адраджэнне» ўзгоднена звярнулiся з прапановамi паставiць каля касцёла пiяраў помнiк з размяшчэннем на iм дошкi Людвiка Нарбута, а таксама дошак: а) Валерыю Урублеўскаму i сям’i Далеўскiх – удзельнiкам паўстання 1863 г. на Лiдчыне; б) сям’i Нарбутаў – Казiмiру Нарбуту, аўтару першага падручнiка логiкi на польскай мове, якi нарадзiўся на Лiдчыне i якi ў 1801 г. пасвяцiў фундаменты касцёла айцоў пiяраў, а таксама Тэадару Нарбуту, аўтару знакамiтай гiсторыi старажытнай Лiтвы; в) ксяндзам пiярам – таму ж Казiмiру Нарбуту i Станiславу Банiфацыю Юндзiлу, вучню пiярскай школы ў Лiдзе, батанiку, арганiзатару першых батанiчных садоў у Шчучыне i Вiльнi, аўтару першага падручнiка па батанiцы ВКЛ. Не атрымалi на тыя прапановы нiякага адказу. Тым часам гiсторыя з дошкай пачала патроху забы- 241 Дадаткі вацца. У адзiн з летнiх вечароў да будынка музея падышла грузавая машына, дошка была загружана ў кузаў i вывезена. Нiхто яе не спахапiўся. Можна было думаць, што дошку ўкралi. На самай справе па ўзгадненнi памiж Таварыствам польскай культуры i Лiдскай гарадской арганiзацыяй БНФ «Адраджэнне» i з вуснага дазволу супрацоўнiкаў музея дошка была вывезена ў раён аднаго з касцёлаў, дзе была пакладзена да лепшых часоў. Лепшыя часы пачалi наступаць, калi ў Лiдзе на месца перададзенага праваслаўным касцёла пiяраў на iмя Юзафа Каласантага па вулiцы Савецкай пачалося i было завершана будаўнiцтва касцёла пiяраў на iмя таго ж Юзафа Каласантага ў мiкрараёне Iндустрыяльны. У 2011 г. Таварыства польскай культуры на Лiдчыне, Лiдская гарадская арганiзацыя ТБМ iмя Ф. Скарыны i Лiдская раённая арганiзацыяй ГА БНФ «Адраджэнне» прынялi ўзгодненае рашэнне аб устаноўцы дошкi пры гэтым касцёле як спадкаемцы былога касцёла пiяраў312. 21 красавiка 2013 г. у лiдскiм мiкрараёне Iндустрыяльны была адкрыта i асвечана адноўленая мемарыяльная дошка памяцi Людвiка Нарбута – вайсковага начальнiка Лiдскага павета падчас паўстання 1863 года, паўстаніцкага палкоўнiка, прызначанага за некалькi дзён да смерцi галоўнакамандуючым войскаў ВКЛ. Дошку адкрывалi бiскуп Аляксандр Кашкевiч, генеральны консул Польшчы ў Гароднi Анджэй Хадкевiч, лiдскi дэкан Вiнцэнт Лiсоўскi, пробашч фарнага касцёла айцец Уладзiмiр Гуляй, пробашч касцёла Святога Юзафа Каласантага айцец Ян Асiповiч. Менавiта каля новазбудаванага касцёла ордэна пiяраў на iмя святога Юзафа Каласантага ў форме адмысловай каплiцы (праект Рычарда Грушы) i была ўстаноўлена мемарыяльная дошка з 1938 г. Многiя з тых, хто змагаўся за вяртанне дошкi, не дажылi да гэтага дня, таму яна стала помнiкам не толькi Людвiку Нарбуту, але i ўсiм лiдзянам-патрыётам Бацькаўшчыны i горада
Леанід Лаўрэш
Кніга
Паўстанчы дух 1812, 1831, 1863 гады на Лідчыне