Пахаванні Остык-Нарбутаў, у тым ліку магілы жонкі Тэадора Нарбута — Крысціны з Садоўскіх і іх сына Баляслава (1845—1889)

Крысціна Нарбут (1799—1899) – жонка Теадора Нарбута
Людвік Нарбут (1832—1863) — вайсковец, удзельнік паўстання 1863—1864 гг.
Станіслаў Нарбут (1853—1926) — вучоны-медык.
Баляслаў Нарбут  — капітан узброеных сіл паўстанцаў 1863—1864 гг.

 

Мемарыяльны камень удзельнікам паўстання 1863-64 гг.

З артыкула “Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута”

Прыгнечаны смуткам, думаючы толькі пра жонку, Тэадор Нарбут ціха згас у Вільні 13 лістапада 1864 года на руках сваёй старэйшай дачкі Яны Кунцэвіч, на Скапоўцы ў доме № 5.

Пасля жалобнага набажэнства ў касцёле св. Яна труну з целам гісторыка Літвы перавезлі ў Шаўры і пахавалі на могілках пры касцёле ў Начы.

Крысціна Нарбут перажыла мужа на 35 гадоў. Пасля ўсіх балючых і цяжкіх страт на радзіме, яна цягнула сваю самотную долю ў выгнанні. Смерць мужа, непакой аб дзецях… Не зламалі яе ні фізічныя нягоды выгнання, ні небяспечнае падарожжа і нястачы.

З вялікімі цяжкасцямі графіня Пшаздзецкая праз пасярэдніцтва Мезінцава, пазнейшага шэфа жандармерыі, дабілася для беднай ссыльнай скасавання тэрміну. Нарбутовай было дазволена выехаць у Варшаву, куды, каб даглядаць маці, вярнулася і яе дачка Тэадора Манчунская.

У Варшаве яны сустрэлі многа родных і знаёмых з Літвы…

З-над Віслы ўжо было лягчэй перабрацца ў родны кут. І праз некаторы час Крысціна апынулася нарэшце ва ўлюбёных Шаўрах, поўных для яе ўспамінамі пра мінулае. Там 16 ліпеня 1899 года ва ўзросце 100 гадоў спакойна адышла з гэтага свету Крысціна Нарбутова. Праз трыццаць з невялікім гадоў, перад самай смерцю маці, прыехала ў Шаўры і Тэадора Манчунская. Паміраючы, маці дабраславіла яе словамі: “Няхай Бог так цябе любіць, як я люблю цябе”.

Пахаваць нябожчыцу каля мужа на могілках у Начы, як яна таго хацела, было забаронена. Улада баялася дэманстрацыі, ксяндзу нават было не дазволена суправаджаць труну з целам.

Сяляне зрабілі гэта, паводле традыцыі: з крыжам і свянцонай вадой, як для сваіх памёрлых… Ксёндз праводзіў труну да брамы, а адтуль сяляне на сваіх плячах панеслі яе на вясковыя могілкі, дзе ўжо спачываў сын памёрлай Баляслаў.

На сціплым надмагіллі маці Манчунская заказала выбіць такія ж простыя словы: “Маці сыноў. Мела 100 гадоў. Памерла дня 16 ліпеня 1899 года”.

Нябожчыца Крысціна Нарбут мела звычку гаварыць: “Сыны – гэта мой гонар! Дочкі змяняюць прозвішча”.

Жонка лідара паўстанцаў Людвіка Нарбута памерла ў Вільні хутка пасля смерці мужа. Маладзенькі ад’ютант загінуўшага камандзіра паўстання, яго брат Баляслаў, быў, як мы ведаем, пасланы да Віславуха і вярнуўся пасля разгрому пад Дубічамі. З таго крывавага поля, узрушаны да глыбіні душы, вычарпаны і зламаны, аказаўся ў хаце Баняшкі, дзе, як мы ведаем, знайшла яго сястра, якая вярталася з лагера вакольнай дарогай і з яго вуснаў пачула першыя весткі пра смерць Людвіка.

Графіня Пшаздзецкая пры пасярэдніцтве князя Арлова, расійскага амбасадара ў Парыжы, атрымала для Баляслава дазвол на вяртанне ў Край. Баляслаў вярнуўся ў цудам не канфіскаваныя Шаўры. Там ажаніўся са сваёй кузінай Габрыэляй Нарбут, дачкой Валерыя Нарбута, уладальніка Капыля.

Памёр ад сухотаў у 1889 годзе, пакінуўшы двух сыноў: Зыгмунта ды Тадэвуша і адну дачку.

За выключэннем Францішка Нарбута, усе чальцы сям’і Нарбутаў знайшлі спачынак у айчыннай зямлі, якую гэтак горача любілі.

Магіла Людвіка Нарбута яшчэ доўгі час пасля паўстання пільна назіралася ўладамі, асабліва ў часы кіравання ў Лідскім павеце ваеннага начальніка Алхазава. Не дазвалялася нікому а ні стаць на калена перад ёй, а ні згаварыць пацеры за памерлых і палеглых. Адганяліся нават сяляне, якія напачатку часта прыходзілі на магілу свайго ўлюбёнага камандзіра і яго таварышаў. Немажліва было ані пакланіцца памяці, ані памаліцца за “бунтовщиков”.

Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты