Мсці́бава — гарадзішча перыяду сярэднявечча (XII—XIII, XVI—XVIII стагоддзі), знаходзіцца за 0,5 км на захад ад вёскі Мсцібава Ваўкавыскага раёна, на правым беразе р. Нятупа, у нізіннай забалочанай мясцовасці.
Пляцоўка ідэальна круглая дыяметрам 30 м, вышынёю 1 м. Па ўсім перыметры яна ўмацавана магутным валам вышынёю каля 5 м са стромкімі схіламі. Дыяметр гарадзішча па грэбені вала 56 м. 3 усходняга боку вал да асновы прарэзаны ўездам. За 120—150 м на поўдні і паўднёвым захадзе ад пляцоўкі, дзе мясцовасць паступова павышаецца, ёсць другі невысокі (1—1,5 м) доўгі (больш за 200 м) вал, які канцамі ўпіраецца ў балота. Перад валам прасочваюцца сляды заплыўшага рова.
Даследавалі ў 1974 Я. Звяруга, у 1988—89 С. Піваварчык і інш. Культурны пласт 0,2—0,8 м. Знойдзена ганчарная кераміка 12—13 стст. і больш позняга часу. Керамічныя матэрыялы 16—17 ст. складаюць каля 90 %. У раёне знешняга вала і на поўдні ад яго выяўлены абломкі керамікі 13 ст.
Паводле П. Рапапорта, гарадзішча — рэшткі сядзібы валынскага баярына Мсцібога, які ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1202 годам.
У XV—XVII ст. існаваў замак. Умацаванні гарадзішча выкарыстоўваліся да XVIII ст.
== Літаратура ==
Піваварчык С. Мсцібава // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 702 с.; іл.
Піваварчык С. Мсцібава // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
Мсцібава // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 591. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.