Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, НАН Беларусі, НАНБ, гістарычныя назвы: Беларуская акадэмія навук (1929—1936); Акадэмія навук БССР (1936—1991); Акадэмія навук Беларусі (1992—1997) — вышэйшая дзяржаўная навуковая ўстанова Рэспублікі Беларусь, ажыццяўляе арганізацыю, правядзенне і каардынацыю фундаментальных і прыкладны́х навуковых даследаванняў і распрацовак па розных напрамках прыродазнаўчых, тэхнічных, гуманітарных, сацыяльных навук і мастацтваў.
Акадэмія навук падпарадкоўваецца Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, падсправаздачная Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь і ажыццяўляе арганізацыю, правядзенне і каардынацыю фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў і распрацовак па важнейшых напрамках прыродазнаўчых, тэхнічных, гуманітарных, сацыяльных навук і мастацтваў з мэтай навуковага забеспячэння эканамічнага, сацыяльнага і культурнага развіцця Рэспублікі Беларусь, а таксама выконвае ў межах паўнамоцтваў, устаноўленых Законам Рэспублікі Беларусь «Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» і Статутам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, асобныя функцыі рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання ў галіне навукі.
== Гістарычны нарыс ==
Акадэмія навук была на базе навукова-даследчай і культурна-грамадскай установы рэспублікі — Інстытута беларускай культуры (Інбелкульт) (1922—1928), які быў рэарганізаваны ў Акадэмію навук пастановай Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта і Савета Народных Камісараў БССР ад 13 кастрычніка 1928.
Урачыстае адкрыццё Акадэміі навук адбылося ў 1 студзеня 1929 у дзясятую гадавіну ўтварэння Беларускай ССР. Першым прэзідэнтам Акадэміі навук стаў гісторык прафесар У. М. Ігнатоўскі. На дзень адкрыцця штат акадэміі складаў толькі 128 чалавек, з іх 87 навуковых супрацоўнікаў. Аднак з самага пачатку Акадэмія навук стала вядучым навуковым цэнтрам, што ўплываў на эканаміч