
Будынак Нацыянальнага банка Беларусі — будынак у цэнтры Мінска, размешчаны па адрасе праспект Незалежнасці, 20. У будынку размяшчаецца галоўны офіс Нацыянальнага банка Беларусі. Помнік савецкай архітэктуры з выкарыстаннем класіцыстычнай спадчыны.
Пабудаваны ў 1947—1952 гг. як будынак Беларускай рэспубліканскай канторы Дзяржаўнага банка СССР па праекце акадэміка АН БССР архітэктара М. Паруснікава, які перамог у 1947 г. у закрытым конкурсе на распрацоўку праекта першай чаргі Савецкай вуліцы (сучасны пр. Незалежнасці). Была адзначана ўдала выбраная архітэктарам шырыня вуліцы і вышыня забудовы, буйны маштаб забудовы, у меру падкрэсленая манументальнасць будынкаў. Будынак Дзяржбанка разам з будынкам Дзяржаўнага ўніверсальнага магазіна (пр. Незалежнасці, 21) вырашаў складаны вугал праспекта на перакрыжаванні з вул. Леніна.
Герб Беларусі на будынку выкананы ў 1998 годзе скульптарам У. Жбанавым.
== Архітэктура ==
Цагляны будынак Г-падобны ў плане, пяціпавярховы, накрыты аднасхільным дахам. Атынкаваная паверхня фасадаў імітуе каменную муроўку. Галоўны фасад па ўсю вышыню члянёны канеліраванымі пілястрамі карынфскага ордара і рытмам буйных арачных аконных праёмаў 2—3-га паверхаў. 1-ы паверх, вылучаны ў масіўную цокальную частку, апрацаваны паліраваным гранітам. 4-ы і 5-ы паверхі члянёны здвоенымі вокнамі. Будынак завершаны вынесеным на мадульёнах карнізам і высокім раскрапаваным атыкам-парапетам.
Планіроўка калідорная. Аперацыйная зала двухсветлавая, займае большую палавіну 2-га паверха, яе перакрыцце падтрымліваюць 2 рады здвоеных калон. Сувязь паміж паверхамі ажыццяўляецца праз цэнтральную і 2 бакавыя лесвіцы.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
У. В. Алісейчык, А. А. Воінаў. 158л. Будынак Беларускай рэспубліканскай канторы Дзяржаўнага банка СССР // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.