
Нацыяна́льны маста́цкі музе́й Рэспу́блікі Белару́сь — найбуйнейшы музей мастацкага профілю ў Рэспубліцы Беларусь. У экспазіцыі, філіялах і фондасховішчах знаходзіцца больш за дваццаць сем тысяч твораў, якія фарміруюць дваццаць разнастайных калекцый і складаюць два галоўныя музейныя зборы: збор нацыянальнага мастацтва і збор помнікаў мастацтва краін і народаў свету.
Размешчаны ў Мінску на вул. Леніна 20-22.
== Гісторыя ==
=== Даваенны перыяд ===
Афіцыйная гісторыя музея бярэ пачатак 24 студзеня 1939 — згодна з урадавай пастановай Савета Народных Камісараў БССР у Мінску стваралася Дзяржаўная мастацкая галерэя. Яна размясцілася ў пятнаццаці залах будынка Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школы, былой Мінскай жаночай гімназіі. Акрамя аддзелаў жывапісу, скульптуры і графікі, у Галерэі адмысловай пастановай быў арганізаваны аддзел мастацкай прамысловасці. Кіраваў галэрэяй вядомы беларускі мастак-кераміст Мікалай Міхалап.
Да пачатку вайны былі вывезены і ўзяты на ўлік самыя каштоўныя творы культавага мастацтва ў цэрквах і касцёлах, сабраны вялікія фонды жывапісу, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Асновай мастацкай калекцыі Галерэі сталі творы з аддзелаў выяўленчага мастацтва гістарычных музеяў Мінска, Віцебска, Магілёва і Гомеля. Некалькі твораў са сваіх фондаў падаравалі Траццякоўская галерэя і Рускі музей, Музей выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна і Дзяржаўны Эрмітаж.
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у Мастацкую галерэю былі звезеныя мастацкія творы з нацыяналізаваных сядзіб і замкаў, у тым ліку і частка калекцыі палаца князёў Радзівілаў у Нясвіжы. Такім чынам, калекцыя папоўнілася багатым зборам слуцкіх паясоў, французскіх габеленаў XVIII ст., партрэтнага жывапісу XVI-XIХ стст.
Напачатку 1941 фонды ДКГ БССР налічвалі 2711 твораў, з якіх 400 знаходзіліся ў экспазіцыі.
=== Страты ў час вайны ===
З пачаткам вайны калекцыю рыхтавалі да эвакуацыі. Але вывезці не паспелі. Акупаваны Мінск наведвалі Г. Пасэ і К. Мюльман. Г. Пасэ — дырэктар Дрэздэнскай галерэі і асоба, упаўнаважаная па стварэнні асабістага музея Гітлера на яго радзіме, у Лінцы. К. Мюльман — асоба, упаўнаважаная па ўліку культурных і мастацкіх каштоўнасцей на ўсходніх землях. Наведалі Мінск і прадстаўнікі таварыства «Спадчына», якое ўзначальваў Гімлер. Каля 170 найлешпшых твораў рускага і заходнееўрапейскага мастацтва былі канфіскаваныя Г. Пасэ, каштоўныя калекцыі адпраўлены ў Рэйх і ў Кёнігсберг. Да верасня 1941 збор мастацкай галерэі быў практычна страчаны. У гэты час Вільгельм Кубэ скардзіцца А. Розенбергу, што Мінск пазбавіўся мільённых каштоўнасцей, бо «каштоўныя палотны, мэблю XVIII—XIX стст., вазы, вырабы з мармуру, гадзіннікі і г.д. СС аддае на разрабаванне вермахту».
Збор мастацкай галерэі перастаў існаваць, і яго страту можна назваць незваротнай. Лёс даваеннага збору ДКГ дагэтуль невядомы. Пошук яго ўскладняе адсутнасць вопісаў. У «Вопісе музейных каштоўнасцей, вывезеных гітлераўцамі ў Германію і ў краіны яе саўдзельнікаў і знішчаных у выніку разбойніцкіх дзеянняў» 1944 года, складзенай музейнымі супрацоўнікамі па памяці, значацца 223 творы рускага жывапісу, 32 — заходнееўрапейскага, мэбля з «Сіняй спальні» Аляксандра II ў Зімнім палацы, 60 ікон XVI—XVIII стагоддзяў, 89 твораў скульптуры, 48 слуцкіх паясоў, 480 прадметаў расійскага фарфору, 800 — заходнееўрапейскага, 30 прадметаў старажытнага ўрэцкага шкла, 200 «посцілак» ручной працы беларускіх ткачых, сотні твораў беларускіх мастакоў канца XIX — пачатку XX стагоддзя.
=== Пасляваенны перыяд ===
Пасля вайны ў Беларусь вярнулася толькі невялікая частка твораў, якія знаходзіліся напярэдадні вайны на выстаўках у РСФСР (напрыклад, бюст князя П. А. Румянцава-Задунайскага працы Ф. Шубіна), або знойдзеных савецкімі салдатамі ў канцы вайны ў гарадах Усходняй Прусіі (калекцыя партрэтаў з Нясвіжа). Некаторыя працы былі знойдзены ў Мінску («Шахцёр з лямпачкай» М. Касаткіна, «Восень» І. Левітана, «Раніца вясны» У. Кудрэвіча выявілі ў недабудаваным будынку ЦК КПБ).
Другі этап гісторыі музея звязаны з самаахвярнай дзейнасцю заслужанай дзеячкі мастацтваў БССР, дырэктара Галерэі з 1944 Алены Аладавай.
Пасля вызвалення Мінска Галерэя атрымала чатыры пакоі Дома прафсаюзаў на плошчы Свабоды. У жніўні 1945 галерэя набыла палотны Б. Кустодзіева, В. Паленава, К. Брулова і І. Левітана. Дзяржаўны музей імя А. С. Пушкіна перадаў некалькі карцін заходнееўрапейскіх майстроў, Дзяржаўны Расійскі музей — тры пейзажы А. Куінджы, пейзаж А. Багалюбава і парадны партрэт імператрыцы Кацярыны II. На былым Архірэйскім падворку ў Мінску былі знойдзены цудам ацалелыя абразы — у тым ліку і шэдэўры беларускага іканапісу «Нараджэнне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з Галынца 1649 г., «Параскева» і «Узнясенне» XVI стагоддзя.
У 1946 годзе ў фондах было ўжо 317 твораў. Месца для экспазіцый не хапала. Аладава атрымала дазвол на будаўніцтва будынка для Галерэі. Праектаванне было даручана Міхаілу Бакланаву.
Будаўніцтва Мастацкай галерэі з дзесяццю прасторнымі заламі, размешчанымі на двух паверхах, было завершана ў 1957 годзе. Будынак стаў адным з першых музейных будынкаў у гісторыі савецкай архітэктуры. 5 лістапада прадстаўленнем новай экспазіцыі і Усебеларускай выстаўкі ўрачыста адкрыўся Дзяржаўны мастацкі музей БССР (так стала звацца былая Мастацкая галерэя з 10 ліпеня 1957 года). Калекцыя музея тады ўжо дасягала трох тысяч твораў рускага, савецкага і беларускага мастацтва.
З абвяшчэннем незалежнасці Беларусі пасля распаду СССР змяніўся статус музея — з 1993 года музей называецца Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь.
У 1957 годзе было завершана будаўніцтва будынка Дзяржаўнай карціннай галерэі па праекце архітэктара М. І. Бакланава. Адначасова ў 1956—1958 гг. быў распрацаваны праект абсталявання мастацкага музея.
У працэсе эксплуатацыі будынка стала відавочна, што прадугледжаных экспазіцыйных плошчаў, сховішчаў, службовых кабінетаў не хапае. У 1989 г. на баланс музея перададзены дом № 25 па вул. Кірава, у 1999 г. — 5-павярховы будынак № 22 па вул. Леніна. У 2007 г. уведзены ў эксплуатацыю новы музейны комплекс, што завяршыла першы этап генеральнай рэканструкцыі музея.
У 2000 годзе ў адкрыты для наведвальнікаў яшчэ адзін філіял музея ў былым доме Ваньковічаў у Мінску з пастаяннай экспазіцыяй «Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя».
Сёння гэта адзін з найбагацейшых музеяў Усходняй Еўропы. У экспазіцыі, філіялах і фондасховішчах маецца больш 27 тысяч твораў, якія фарміруюць 20 калекцый і складаюць збор нацыянальнага мастацтва і збор помнікаў мастацтва краін і народаў свету.
У чэрвені 2020, у час перадвыбарнай прэзідэнцкай кампаніі быў вымушаны звольніцца вядомы экскурсавод Мікіта Моніч, які размясціў у сябе на старонцы ў Facebook антылукашэнкаўскі верш і адмовіўся яго выдаляць па просьбе кіраўніцтва музея. Пасля масавых фальсіфікацый на выбарах, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, калектыў выходзіў на акцыі пратэсту на прыступкі музея 13 жніўня, а пасля 17 жніўня з плакатамі з надпісамі «Мы супраць гвалту», «Нам таксама балюча». 18 жніўня супрацоўнікі мастацкага музея выйшлі на акцыю для таго, каб прыцягнуць увагу да знікнення Канстанціна Шышмакова, дырэктара Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музея імя П. Баграціёна.
== Архітэктура ==
Будынак сучаснага Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі праектаваўся як Дзяржаўная карцінная галерэя (аўтар праекта М. І. Бакланаў).
У тлумачальнай запісцы да праектнага задання аўтарам адзначалася: «Пры праектаванні было знойдзена такое архітэктурна-кампазіцыйнае вырашэнне, якое дало магчымасць горадабудаўніча вырашыць задачу забудовы гэтага адрэзка і дасягнуць цэльнага архітэктурнага вырашэння ў аб’ёмнай кампазіцыі ўсёй забудовы, у адзіным комплексе. Будынак галоўным фасадам арыентаваны ў бок вуліцы Леніна. Уваход у будынак займае самае выгаднае месца і падкрэслены лоджыяй. Сцяна ў глыбіні лоджыі ўзбагачаецца ляпным тэматычным гарэльефам, выява якога будзе выканана на фоне плоскасці сцяны, апрацаванай смальтай».
Будаўніцтва завершана ў 1957 г. Варта адзначыць, што ў ходзе будаўніцтва былі ўнесены некаторыя карэктывы ў першапачаткова запраектаванае архітэктурнае афармленне. Так, у прыватнасці, на галоўным фасадзе былі выкананы іншага малюнка капітэлі калон і пілястраў, ва ўваходнай частцы адсутнічае тэматычны гарэльеф, зменены скульптурныя кампазіцыі.
У мастацкім вырашэнні музея цесна перапляліся дзве тэмы — трыумф вялікай перамогі (урачыстасць і манументальнасць) і храм-сховішча мастацкіх скарбаў. Галоўны фасад уяўляе сабой сінтэз архітэктуры і скульптурнай пластыкі, перададзеных з высокай эстэтычнай выразнасцю.
Рашэнне фасада музея характарызуецца мадэрнізаванай інтэрпрэтацыяй класіцыстычнай тэмы, актыўным выразным элементам з’яўляецца стылізаваны атык-франтон са скульптурнай кампазіцыяй у завяршэнні (скульпт. А. Бембель). Нішы з алегарычнымі скульптурнымі кампазіцыямі (скульпт. П. Белавусаў, С. Адашкевіч, Л. і М. Раберманы) фланкіруюць уваходную нішу з каланадай кампазітнага ордара. Барэльефы на плоскасці атыка падтрымліваюць чляненне фасада.
У плане фарміруецца дамінантным двухсветлавым вестыбюлем з трохмаршавай лесвіцай, вакол якой на другім паверсе размешчана адкрытая галерэя. Выставачныя залы вырашаны амфіладай на тым жа другім паверсе.
== Калекцыя музея ==
Калекцыя музея налічвае больш за 27 000 твораў, якія складаюць шэсць галоўных музейных збораў
Старажытнабеларускае мастацтва
Беларускае мастацтва XIX ст.
Беларускае мастацтва XX ст.
Рускае мастацтва XVIII — пач. XX ст.
Еўрапейскае мастацтва XVI—XX ст.
Мастацтва краін Усходу XIV—XX ст.
=== Старажытнабеларускае мастацтва ===
Збор старажытнабеларускага мастацтва (каля 120 работ XII — канца XVIII ст.) Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь з’яўляецца самым значным у дзяржаве. Акт