Навагрудскі замак — замак у горадзе Навагрудак.
Пабудаваны ў XIV—XVI стагоддзях, ён быў адным з самых магутных на беларускіх землях. У яго сценах праходзілі дзяржаўныя сеймы, сустрэчы паслоў і каралёў. Гэта ўнікальнае збудаванне абароннага дойлідства сваёй эпохі размешчана на Замкавай гары, абкружанай ровам.
Архітэктура і стыль
Каменная вежа была ўзведзена з вялікіх часаных камянёў, складзеных на вапне. Гэта вежа стаяла з паўночнага боку замка і замыкала кальцо землянога вала XIII ст. У канцы XIV ст. яе верхнія ярусы былі моцна пашкоджаны, што прымусіла жыхароў Навагрудка збудаваць новую, але ўжо цагляную вежу. Яна стала надзейным вартавым і шчытом сярэдневяковага горада. Цагляная вежа вырасла на рэштках каменнай і таксама мела форму квадрата. Новая вежа была пяціпавярховай, з перакрыццямі на бэльках. Агульная яе вышыня дасягала 25 м.
У гістарычных дакументах вежа вядома пад назвай Шчытовая, Шчытоўка і Цэнтральная. Спачатку яна была адзіным каменным умацаваннем у кальцы драўляных сцен, якія акружалі замак па ўсім перыметры гары. Аднак неўзабаве ў Навагрудку пачаліся вялікія будаўнічыя работы, звязаныя, хутчэй за ўсё, з усеагульнай падрыхтоўкай насельніцтва ВКЛ да рашучага адпору і разгрому рыцараў Тэўтонскага ордэна.
Замкавыя ўмацаванні ўзводзіліся ў некалькі этапаў. Спачатку на паўночным усходзе і ўсходзе пабудавалі тры каменныя вежы і збудавалі паміж імі праслы сцен. Справа, на ўсход ад Шчытоўкі, над высокім і крутым схілам гары ўзвысілася высокая Касцельная вежа. Канструктыўна яна злучалася з Малой брамай. Руіны гэтай вежы былі адкрыты ў час археалагічных работ у 1924-25 гадах. Ад Малой брамы, паварочваючы на захад, ішло самае магутнае па таўшчыні (2,6 м) прасла сцяны даўжынёй 70 м. Каменная сцяна ўпіралася ў яшчэ адну вежу Пасадскую, якая першай прымала на сябе ўдары заваёўнікаў. Падобная да Малой брамы, Пасадская вежа была разбіта ўшчэнт і гаварыць пра яе знешняе аблічча складана.
Другі этап стварэння ўмацаванняў Навагрудскага замка звязаны з пабудовай каля падножжа каменнай гары Колодзежнай вежы.
Наступны этап умацавання Навагрудскага замка прыпадае на канец XV — пачатак XVI стагоддзяў. Звязаны ён, хутчэй за ўсё, з рэйдамі татараў на беларускія землі. Складаныя знешнепалітычныя абставіны абумовілі будаўніцтва магутнай каменнай вежы Дазорнай. Яна мела ў аснове квадрат 14х14 м і магутны 4-метровы падмурак з каменю і цэглы, складзены ў тэхніцы «паласатай» муроўкі. У ніжняй частцы збудавання былі байніцы падэшвеннага бою, разлічаныя на стральбу з гармат. Мяркуючы па значных памерах асновы, новая вежа па вышыні была роўная ці была нават вышэйшая за Цэнтральную.
Адначасова з Дазорнай, паміж ёю і Цэнтральнай вежай, пабудавалі абарончую сцяну двухмятровай таўшчыні. Прасла даўжынёй 51 м замыкала кальцо каменных замкавых умацаванняў, канчаткова выцесніўшы драўляныя абарончыя агароджы.
Меская брамная вежа (брама Меская), узвысіўшыся каля ўсходняга падножжа гары, злучалася прасламі сцен з Калодзежнай вежай і Малой брамай і была своеасаблівым цэнтрам ніжняга пояса абароны. Сапраўдныя памеры Мескай брамы да гэтага часу застаюцца невядомымі.
Такім чынам, у XVI ст. Навагрудскі замак быў сямівежавым і лічыўся адным з самых магутных для свайго часу. Ён быў дадаткова абаронены ўмацаваннямі з паўночнага і паўночна-заходняга бакоў. Там знаходзіўся вялікі земляны вал і абарончы роў шырынёй да 30 м і глыбінёй да 4 м.
Гісторыя
Навагрудскі замак быў закладзены на месцы гарадзішча на Замкавай гары — высокім, часткова насыпным пагорку, які быў абкружаны ровам. Старажытныя паданні гавораць: некалі на месцы Навагрудка знаходзіліся некалькі узгоркаў. Першыя паселішчы размяшчаліся менавіта на іх. У той час аб узгорку, дзе пасля ўтварылася гарадзішча, ішла нядобрая слава, паколькі першыя дамы на гары былі спалены маланкай. Аднак з цягам часу на ўзгорку сталі жыць мясцовыя жыхары.[1]
Паводле М. Ткачова, замак існаваў з сярэдзіны 11 ст. як драўляны нагорны дзядзінец, у другой палове 13 ст. у замку пабудаваная вежа валынскага тыпу 4-вугольная ў плане, які набліжаўся да квадрата, мела высокі падмурак, зроблены з вялікіх — да 1 м і больш — камянёў. У пачатку 14 ст. у замку пабудавалі каменную царкву, якая потым шмат перабудоўвалася, у сярэдзіне 14 ст. каля царквы пабудаваны двухпавярховы каменны палац.
У канцы 14 — 15 ст. замак перабудоўваецца, але вежы і муры будавалі ўжо не з каменю, а з цэглы. На месцы вежы валынскага тыпу была пабудаваная квадратная ў плане вежа званая «Шчытоўка», рэшткі якой захаваліся да нашых дзён, змураваная ў традыцыйнай тэхніцы лускавай муроўкі з арачнымі байніцамі, яна мела 5 паверхаў з перакрыццямі на бэльках, паверхі злучаліся лесвіцай у тоўшчы паўднёвай сцяны, на першым паверсе мела браму. Разам з Шчытоўкай будуюцца іншыя мураваныя вежы і муры. Спачатку з усходу ўзвялі яшчэ тры вежы і злучылі іх мураванымі сценамі. Вежы падобныя да Шчытоўкі, але ніжэйшыя і трохпаверховыя. Да нашых дзён захаваліся рэшткі Касцельнай вежы і Малой брамы. Таксама ў 14 ст. пабудаваная Калодзежная вежа на ўсходнім схіле замкавай гары, над адной з крыніц, бо калодзежаў у замку не было.
У канцы XV — пачатку XVI ст. ў сувязі з набегамі татар замак прадаўжаў умацоўвацца. У 1505 годзе замак вытрымаў аблогу татарскай арды Біці-Гірэя. У той жа час у паўночна-заходняй частцы замка пабудавалі вежу званую Дазорцай, унізе квадратная ў плане, на верхніх паверхах пераходзіла ў васмярык, што характэрна для помнікаў беларускай готыкі. Вонкавы выгляд гэтае вежы захавала гравюра 19 ст. Таксама ў пачатку 16 ст. каля паўднёва-ўсходняга схілу пабудавалі яшчэ дзве вежы, злучаныя мураванымі сценамі, разам з Калодзежнай яны стварылі своеасаблівае дадатковае ўмацаванне. У XVI стагоддзі Навагрудскі замак быў адным з самых магутных умацаванняў на беларускіх землях.
У час вайны 1654—1667 гадоў замак пацярпеў значны ўрон. Вежы Меская, Калодзежная, Малая Брама і Пасадская былі цалкам разбураны. Канчатковы ўдар па замкавых сценах нанеслі шведы ў час Паўночнай вайны. Да пачатку XX ст. ад верхняй часткі замка засталіся толькі тры вежы: Дазорная, Шчытовая і Касцельная. На працягу XIX стагоддзя былі разабраны рэшткі першай з іх, а ў 1906 годзе абвалілася і Касцельная вежа. У гады Першай Сусветнай вайны абвалілася паўднёвая сцяна Шчытовай вежы. Толькі ў 1921 годзе руіны замка паспрабавалі ўзяць пад ахову, а ў 1922—30 гады ў ім правялі частковую кансервацыю ўцалелых сцен, прычым сцены Кастэльнай вежы былі фактычна складзены нанава.
З 1956 годзе Навагрудак і яго замак сталі аб’ектам увагі археолагаў, якія адкрылі нямала новых старонак гісторыі горада.
Сучасны стан
Да нашых дзён дайшлі руіны Шчытовай і Касцельнай вежаў. Яны з’яўляюцца папулярным турыстычным аб’ектам. На тэрыторыі замка штогод праходзяць рыцарскія фестывалі, сведкамі якіх становяцца тысячы гледачоў.
Кансервацыя
Была зроблена выснова, што аднаўляць будынкі, якія захоўваюць артэфакты ад XIII да XVI стагоддзяў, немэтазгодна. Была зацверджана канцэпцыя «трывалыя руіны», распрацаваная і разгледжаная на рэспубліканскай навукова-метадычнай нарадзе, мэтай якой з’яўляецца раскрыццё ўсіх сямі вежаў Навагрудскага замка, а таксама праслаў сцен. Такім чынам будзе абазначаны замак у памерах XVI стагоддзя[2].
Металічная канструкцыя і прыгруз з цэглы захаваюць руіны Касцёльнай вежы, стабілізуюць яе і завершаць кансервацыю аб’екта, з часам, калі навукоўцы будуць пераканаемся ў тым, што стабілізацыя адбылася, канструкцыя будзе зрэзана[2].
Таксама будуць часткова адноўлены страты, якія панесла Шчытоўка. Вежа будзе накрыта дахам, аднак застанецца незавершанай. У ёй плануецца адкрыць музей, аснову фонда якога будуць складаць экспанаты, што зараз захоўваюцца ў Навагрудскім гісторыка-краязнаўчым музеі[2].
Царква ХІІІ стагоддзя, рэшткі якой зараз знаходзяцца пад зямлёй, будзе паказана аплікацыяй. На ўзровень каля 50 сантыметраў будзе раскрыта муроўка палаца. Паніжаць увесь дзядзінец не плануецца. Валы, што былі па перыметры, таксама часткова будуць адкрыты. На самім дзядзінцы ніякіх пабудоў узводзіцца не будзе[2].
Плануецца таксама зрабіць гарызантальны дрэнаж, каб арганізаваць адвод вады і прыпыніць размыванне грунту паўднёвага схілу[2].
Паводле пастановы Савета Міністраў ад 3 чэрвеня 2016 года № 437 Навагрудскі замак быў уключаны ў лік 27 аб’ектаў, выдаткі на захаванне якіх (у частцы капітальных выдаткаў) могуць фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту[3].
Зноскі
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
- Навагрудскія замкі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — С. 98. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- Навагру́дскія за́мкі // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 511. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Белорусская ССР. Т. 4 : краткая энцикл. — Мн., 1981.
- Ткачёв, М. А. Замки Беларуси. — Мн., 2005.
- Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя і інш. Уклад. Габрусь Т. В. — Мн.: Полымя, 1998. — С. 8—14. — 351 с.: іл. — ISBN 985-07-0036-Х.
- Города, местечки и замки Великого Княжества Литовского. Энциклопедия. — Мн., БелЭн, 2009. — С. 312. — ISBN 978-985-11-0432-7