Шыфр : 512Г000479
Архітэктурны стыль : класіцызм
Датаванне : 1787
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Палац_Пацёмкіна_(Крычаў)

Палац Пацёмкіна — помнік архітэктуры ранняга класіцызму (з пазнейшымі наслаеннямі элементаў псеўдагатычнага стылю), пабудаваны ў перыяд з 1778 па 1787 гады Рыгорам Пацёмкіным па праекце Івана Старова. Размешчаны па адрасе: горад Крычаў, вул. Ленінская, д. 59.

== Гісторыя ==

У 1772 годзе адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай, па якім Крычаўскае староства(руск.) бел. ўвайшло ў склад Расійскай імперыі. Першы час ім кіраваў ранейшы ўладальнік Ежы Мнішак, але з-за яго адмовы прысягнуць на вернасць Кацярыне II, гэтая ўласнасць у 1775 годзе была канфіскаваная на карысць дзяржавы. Пазней у 1776 годзе імператрыца падарыла гэтыя ўладанні свайму фаварыту(руск.) бел. Рыгору Пацёмкіну.
Будаўніцтва палаца вялося ў Крычаве ў 1778—1787 гадах. Праект выканаў аўтар Таўрыйскага палаца ў Пецярбургу Іван Староў. Будынак у плане мае выгляд манаграмы «П» і «Е» (ініцыялы графа і імператрыцы). Побач быў разбіты сядзібны парк (цяпер захаваліся толькі асобныя дрэвы).
Кацярына II прыбыла ў Крычаў у разгар сцюжы 19 студзеня 1787 года падчас падарожжа ў Крым(руск.) бел.. У палацы яна «абрала абедаць і начаваць. На двары перад палацам Пацёмкіна, дзе знаходзілася гасударыня, гарэла цудоўная ілюмінацыя да самага світанку». На наступны дзень раніцай імператрыца паехала далей у Чэрыкаў.
У канцы XVIII стагоддзя Пацёмкін альбо прадаў альбо прайграў у карты свае крычаўскія ўладанні шляхцічу Яну Галынскаму. Падчас гарадскога пажару ў 1840-я гады палац моцна пацярпеў і быў адноўлены з некаторымі зменамі. Крыху пазней Стэфан Галынскі вырашыў перарабіць палац пад сучасную архітэктурную моду. Над вокнамі другога паверха былі вылеплены спічастыя сандрыкі (не захаваліся). Цэнтральны уваход, які раней упрыгожваў 4-калонны порцік з балконам, стаў упрыгожаны псеўдагатычным рызалітам з гранёнымі пілонамі, а таксама вуглавымі пілонамі, якія завяршаліся зубцамі і нагадвалі вежы. Пазней была пабудавана брама, стылізаваная пад каменныя егіпецкія піраміды.
У 1917 годзе ўсе каштоўнасці былі экспрапрыяваныя(руск.) бел. савецкай уладай. У будынку была адкрыта школа, у якой вучыліся многія вядомыя пасля крычаўляне — двойчы Герой Савецкага Саюза генерал арміі Іосіф Гусакоўскі, перакладчык і літаратуразнавец, лаўрэат Сталінскай прэміі трэцяй ступені Яўген Мазалькоў(руск.) бел., міністр замежных спраў Беларускай ССР Кузьма Кісялёў і іншыя.
У 1950-я гады будынак быў перапланаваны і тут размясцілася школа-інтэрнат. Паступова палац прыйшоў у нягодны стан і быў закінуты.
У 1980-х гадах пачаліся работы па рэстаўрацыі палаца, але з-за недахопу фінансавання помнік быў закансерваваны амаль на 20 гадоў. У 2003 годзе будынак быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Рэстаўрацыя была завершана ў 2008 годзе, у палац перамясціліся Крычаўскі раённы краязнаўчы музей і ЗАГС.

== Архітэктура ==

Мураваны П-падобны ў плане двухпавярховы будынак, накрыты пакатым двухсхільным дахам. Кампазіцыйны цэнтр абодвух паверхаў — вялікія круглыя залы, якія выступаюць з асноўнага аб’ёму будынку ў бок панадворку. Галоўны фасад мае рысы несапраўднай готыкі: цэнтр вылучаны рызалітам, раскрапаваным гранёнымі пілонамі, кутнія пілоны завершаныя зубцамі і нагадваюць вежы, вокны стральчатай формы, што надае палацу строгасць і манументальнасць.
Астатнія фасады расчлянёныя пілястрамі, вокны на першым паверсе прамавугольныя, на другім — паўцыркульныя.
Тарцы бакавых крылаў вырашаныя ў строгіх класіцыстычных формах, завершаны трохвугольнымі франтонамі. Вокны аздобленыя сандрыкамі: лучковымі на першым і трохвугольнымі на другім паверсе.

== Інтэр’ер ==
Першапачатковая анфіладная планіроўка змененая ў 1950-я гады.
Усяго налічвалася больш за 60 прасторных пакояў. На першым паверсе па цэнтральнай восі знаходзілася парадная група памяшканняў — вестыбюль з лесвіцай і авальная зала. Памяшканні былі багата аздоблены ляпнымі ўпрыгожваннямі, мелі ўнікальныя парадныя лесвіцы і сістэму рэдкіх мармуровых камінаў аздобленых кафляй.

== Парк і гаспадарчыя пабудовы ==
Перад палацам быў пейзажны парк (збярогся часткова), за палацам — П-падобны ў плане будынак стайні, фасады якой былі аздобленыя аркатурай і пладовы сад.

== Зноскі ==

== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Борисенко Н. С. Могилёвщина — мой любимый Приднепровский край (сборник экскурсий). Части 1-11. — Могилёв: Могилёв. обл. укруп. тип., 2007. — 832 с. — ISBN 978-985-6848-05-9.
Краснолуцкий, А.Ю. Злая судьба рода Голынских? / А.Ю. Краснолуцкий. — Санкт-Петербург : Политехн. ун-т, 2009. — 233 с.

Шыфр : 512Г000479
Архітэктурны стыль : класіцызм
Датаванне : 1787
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Палац_Пацёмкіна_(Крычаў)
Асаблівасці
Reviews
There are no reviews yet, why not be the first?
Leave a Review
You must be to post a review.
Related Listings