Палац Румянцавых і Паскевічаў — помнік архітэктуры XVIII—XIX стагоддзяў, галоўная славутасць горада Гомеля, кампазіцыйны цэнтр Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, які ўключае, апроч палаца, гарадскі парк, Петрапаўлаўскі сабор, капліцу-магільны склеп і інш.
== Гісторыя ==
Палац быў пабудаваны на месцы драўлянага замка, які пабудаваў апошні гомельскі стараста Міхаіл Фрэдэрык Чартарыйскі з роду Чартарыйскіх.
=== Палац пры Румянцавых ===
Збудаваны ў 1777—1796 гадах расійскім палкаводцам П. А. Румянцавым, якому Гомель быў падораны імператрыцай Кацярынай II «для забавы». Архітэктарам палаца быў, відаць, Іван Староў, які праславіўся будаўніцтвам Таўрыйскага палаца, Казанскага сабора і Троіцкага сабора Аляксандра-Неўскай лаўры(руск.) бел. ў Санкт-Пецярбургу. Сярод аўтараў праекта таксама называюць архітэктара Юрыя Фельетэна, вучня Растрэлі. Непасрэдна працэсам будаўніцтва палаца кіраваў архітэктар Я. М. Аляксееў, а кансультаваў яго Карл Бланк. Адной з крыніц натхнення для архітэктараў была віла Ратонда(руск.) бел. знакамітага італьянскага архітэктара Андрэа Паладыа.
Пабудаваны палац стаў адным з ранніх узораў расійскага паладыянства. Гэта быў кампактны двухпавярховы будынак на высокім цокалі, завершаны ў цэнтры кубападобным бельведэрам. Кампазіцыйным цэнтрам палаца стала квадратная зала з купалам. Знешні дэкор палаца быў цалкам выкананы ў стылі ранняга класіцызму. Галоўным упрыгожваннем фасадаў былі порцікі карынфскага ордару — чатырохкалонны парадны і шасцікалонны паркавы. Па ўсім перыметры будынка прастакутныя аконныя праёмы, размешчаныя ў два шэрагі, чаргаваліся з пілястрамі, што надавала палацу велічную манументальнасць. На высокім першым паверсе размяшчаліся выключна парадныя памяшканні, на другім — жылыя пакоі, а цокальны выкарыстоўваўся для гаспадарчых патрэб і размяшчэння прыслугі.
Пасля смерці Румянцава палац атрымаў у спадчыну яго сын — вядомы дыпламат, дзяржаўны дзеяч і мецэнат Мікалай Румянцаў. Мікалай Пятровіч Румянцаў запрасіў з Англіі архітэктара Джона Кларка, які жыў і працаваў у Гомелі з 1800 па 1826 гады. Кларк не толькі перабудаваў палац Румянцава, але таксама спраектаваў фактычна ўсю архітэктуру Гомеля першай паловы XIX стагоддзя, у тым ліку рэалізаваў праект Петрапаўлаўскага сабора. У час перапланіроўкі і рэканструкцыі палаца, якая прайшла з 1800 па 1805 гады, Кларк злучыў службовыя флігелі з галоўным будынкам галерэямі, упрыгожанымі порцікамі іанічнага ордара.
Мікалай Румянцаў захоўваў у палацы багатую калекцыю кніг, якая пасля яго смерці стала асновай для стварэння Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі(руск.) бел. ў Маскве.
У 1826 годзе Мікалай Румянцаў памёр, і палац перайшоў другому сыну П. А. Румянцава — Сяргею Пятровічу Румянцаву(руск.) бел., які ўжо ў 1828 годзе аддаў замак у заклад, а ў 1834 — прадаў яго ў казну.
=== Палац пры Паскевічах ===
У 1834 годзе палац за 800 тысяч рублёў быў выкуплены вядомым расійскім палкаводцам І. Ф. Паскевічам. Пры ім у 1837—1851 гадах пад кіраўніцтвам польскага архітэктара Адама Ідзкоўскага была ажыццёўлена рэканструкцыя палаца і разбіты пышны парк.
Перабудову палаца Ідзкоўскі пачаў з флігеляў. У паўночным флігелі быў надбудаваны трэці паверх, зменена ўнутраная планіроўка, з фасада прыбраныя порцік іанічнага ордара. Паўднёвы флігель палаца быў разабраны да падмурку — на яго месцы Ідзкоўскі ўзвёў чатырохпавяр