Шыфр : 511Г000459
Архітэктурны стыль : класіцызм
Датаванне : 1830
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Палацава-паркавы_комплекс_Булгакаў_(Жылічы)

Палацава-паркавы комплекс Булгакаў — помнік архітэктуры позняга класіцызму ў в. Жылічы (каля в. Добасна), Кіраўскі раён. Сфармаваны ў XVIII—XIX стагоддзях на беразе р. Добасна. Гісторыка-культурная каштоўнасць міжнароднага значэння.

== Гісторыя ==

Рэзідэнцыя заможнага шляхціца, бабруйскага павятовага маршалка Ігната Булгака (1798—1848) у в. Жылічы пабудавана ў 1830-я гады па яго заказе па праекце архітэктара К. Падчашынскага на беразе р. Добасны.
Палац будаваўся ў два прыёмы: спачатку быў узведзены галоўны П-падобны корпус, а пазней у 1864—1876 гг. да яго прыбудавалі доўгае двухпавярховае крыло з палацавай царквой і дадатковымі жылымі памяшканнямі. Такое архітэктурнае рашэнне ўтварыла напаўадкрыты ўнутраны двор. Паводле некаторых звестак, заходняя частка палаца была дабудавана ў 1914 годзе.
Першымі работамі з 1825 года кіраваў вучань Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў Клабукоўскі.
У 1848 пасля смерці Ігната Булгака маёнтак перайшоў да яго малодшага сына Эдгара. Пры ім быў дабудаваны палац — з’явіліся два аднапавярховыя флангі з царквой, аранжарэяй і службовымі памяшканнямі, будаўніцтвам, верагодна, кіраваў Караль Падчашынскі.
Апошні уладальнік маёнтка, пляменнік Эдгара Эмануэль Булгак, памёр у Польшчы ў міжваенны час. Пасля рэвалюцыі тут размяшчаўся дзіцячы дом, у 1930-х гадах — заатэхнічны тэхнікум. Падчас Вялікай Айчыннай вайны было разабрана паўднёвае крыло пабудовы, у якім знаходзілася аранжарэя. Палац ператвораны у шпіталь, а ў парку хавалі памерлых салдат.
У палацы пасля Вялікай Айчыннай вайны знаходзілася Бабруйская трохгадовая агранамічная школа. Пасля таго, як для яе быў пабудаваны непадалёк новы будынак, палац пачаў прыходзіць у запусценне. У палацы на першым паверсе засталася бухгалтэрыя з аддзелам кадраў. У 1973 годзе архітэктарам Я. Курто распрацаваны праект рэстаўрацыі комплексу, які ў далейшым быў рэалізаваны. У наш час размешчаны краязнаўчы музей і музычная школа, якія арганізавалі ў 1996 годзе.
Да нашага часу захаваліся палац, флігель, свіран і іншыя гаспадарчыя пабудовы, парк. Гаспадарчыя пабудовы часткова выкарыстоўваліся ў гаспадарчых мэтах, астатнія разбураліся.
Рэстаўрацыя Жыліцкага палацава-паркавага комплексу была распачата ў 2009 годзе, плануецца завяршыць яе да 2015 года. У палацы размесціцца музейная экспазіцыя, міні-гасцініца і сельская бібліятэка.
Паводле пастановы Савета Міністраў ад 3 чэрвеня 2016 года №437 Палацава-паркавы комплекс быў уключаны ў лік 27 аб’ектаў, выдаткі на захаванне якіх (у частцы капітальных выдаткаў) могуць фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту.

== Архітэктура ==

Рэзідэнцыя ўяўляла сабой даволі вялікі добра спланаваны палацава-паркавы ансамбль. У яго склад акрамя палаца з паркам уваходзілі вялікія пладовыя сады, агароды, вадаёмы, дзе вялася рыбная гаспадарка. Быў вялікі гаспадарчы двор, вадзяны млын, вінакурня, крухмальны і цукровы заводы.

=== Палац ===

Палац уяўляў у плане прамавугольнік з калонным порцікам на галоўным фасадзе і прамавугольным рызалітам на паркавым фасадзе. Галоўны корпус вылучаны ў цэнтры шасцікалонным порцікам карынфскага ордара з франтонам, дэкараваным ляпным гербам, і бельведэрам над лесвічнай клеткай. Тарцы галоўнага корпуса аформлены ідэнтычнымі чатырохкалоннымі порцікамі. Па перыметры будынка праходзіць развіты карніз з фрызам, упрыгожаным ляпнымі гірляндамі і разеткамі.
Галоўны фасад бакавога корпуса прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі і ўпрыгожаны каланадай. Цэнтр вылучаны двухпавярховым аб’ёмам дамавой капліцы. Планіроўку палац мае змешаную — калідорна-анфіладную.

==== Інтэр’ер ====

Распрацоўку унутраных памяшканняў прыпісваюць таксама Клабукоўскаму. Унутранае аздабленне насычана ляпнінай, дробнай скульптурнай пластыкай, роспісамі, пазалотай, люстэркамі, дэкаратыўнай абіўкай. У дэкоры выкарыстаны ампірныя элементы: буйныя фрызы, панэлі з барэльефнымі антычнымі сцэнамі. Прычым, кожны са 100 пакояў дэкарыраваны індывідуальна. На другім паверсе паўднёвага крыла галоўнага корпуса вылучаецца прамавугольная ў плане парадная зала, расчлянёная калонамі на 3 часткі. Зала дэкарыравана шырокім шматфігурным барэльефным фрызам з сюжэтамі на тэмы палявання, бою, ахвярапрынашэння. Калоны і пілястры маюць пазалочаныя капітэлі. Асноўны пластычны эфект стварае кесаніраваная столь з багата арнаментаванай ляпнінай. Падлога паркетная, печкі абліцаваны кафляй.
Тадэвуш Раствароўскі па заказе гаспадароў сядзібы аздобіў плафоны залаў палаца сцэнамі з антычнымі міфалагічнымі сюжэтамі.

=== Парк ===

Палац з’яўляецца цэнтрам кампазіцыі вялікага палацава-паркавага ансамбля, замкнутага ў выцягнуты з усходу на захад прамавугольнік алеямі рэгулярнага парку. Плошча парку складае 18 га, а ўсяго комплексу з вадаёмамі, пладовымі садамі, падсобнымі збудаваннямі — каля 100 га. Раўнінную частку парку перасякае р. Добасна з маляўнічымі сажалкамі і астравамі. Захаваліся руіны павільёна-купальні, альтанак, мосцікаў. Перад галоўным фасадам палаца парк мае рэгулярны характар і партэрнае азеляненне. Астатняя частка парку мае пейзажны характар, які быў створаны ў 1830-я, з разнастайнасцю насаджэнняў, у тым ліку і экзотаў, напрыклад, хвоя веймутава (Pinus strobus), Acer saccharinum, Juglans cinerea, Tilia ×europaea і інш.

== Зноскі ==

== Літаратура ==
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław – Warszawa – Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 1. Województwa mińskie, mścisławskie, połockie, witebskie. — 352 s.
Федорук Анатолий Тарасович. «Садово-парковое искусство Белоруссии». Минск, «Ураджай», 1989 г. 247 страниц. ISBN 5-7860-0086-9.
Памяць: гісторыка-дакумент. хроніка Кіраўскага раёна.-Мн.: Выш. шк., 1997.-С. 108—115.

Шыфр : 511Г000459
Архітэктурны стыль : класіцызм
Датаванне : 1830
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Палацава-паркавы_комплекс_Булгакаў_(Жылічы)
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты