Тып : будынак
Шыфр : 412Г000627
Архітэктурны стыль : неабарока
Датаванне : 1908
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Палацава-паркавы_комплекс_Святаполк-Чацвярцінскіх_(Жалудок)

Палацава-паркавы комплекс Святаполк-Чацвярцінскіх — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры пачатку XX стагоддзя. Створаны князем Л. Святаполк-Чацвярцінскім за 1 км на захад ад г. п. Жалудок Шчучынскага раёна. Уключае мураваны палац, флігель, рэшткі былога млына, кузню і іншыя гаспадарчыя пабудовы, якія аб’яднаныя сеткай узаемна перпендыкулярных алей рэгулярнага парку.

== Гісторыя ==

Палац пабудаваны ў 1908 годзе ў стылі неабарока(укр.) бел. паводле праекту архітэктара У. Марконі. Цяпер комплекс належыць ваеннаму ведамству.

== Архітэктура ==

=== Палац ===

Манументальны двухпавярховы будынак накрыты мансардавым дахам з авальнымі люкарнамі. Галоўны і дваровы франтальныя фасады вылучаныя ў цэнтры акруглымі і па баках прамавугольнымі рызалітамі, накрытымі самастойнымі шатровымі дахамі з заломамі. Дваровы цэнтральны рызаліт прарэзаны высокімі парабалічнымі аконнымі праёмамі-вітражамі і авальнымі люкарнамі, якія асвятляюць парадную лесвіцу. Рызаліт завершаны балюстрадай і скульптурна-геральдычнай кампазіцыяй з дэкаратыўнымі вазамі. Паміж дваровымі рызалітамі па фронце фасада тэраса з балюстраднай агароджай і цыркульнымі сходамі. Галоўны ўваход вылучаны балконам. У дэкоры фасадаў выкарыстаныя высокія панэлі, фігурныя і спрошчаныя ліштвы, сандрыкі, картушы, гірлянды, рустоўка. У цэнтры будынку размешчаная парадная зала, вестыбюль з лесвіцай. Пад будынкам скляпеністыя сутарэнні.

=== Флігель ===

Флігель першапачаткова з’яўляўся сядзібай Тызенгаўзаў, папярэдніх уладальнікаў маёнтка. Да пабудовы палаца ў пачатку XX стагоддзя тут жылі Чацвярцінскія, а да іх — Урускія. Вырашаны ў стылі неаготыкі — аднапавярховы, прамавугольны ў плане аб’ём з круглай у сячэнні шатровай вежай, прыбудаванай да тарцовага фасада. Сцены з бутавага каменю, члянёны стральчатымі аконнымі праёмамі. Галоўны ўваход вырашаны ў выглядзе гатычнага партала.

== Цікавыя факты ==
Арыгінальна было вырашана князем пытанне водазабеспячэння Жалудоцкага палаца. Вада да яго паступала з крыніц у вёсцы Кукіна (прыкладна ў 2-х км ад палаца) самацёкам. Вада дадаткова фільтравалася і падавалася ў рэзервуар на 3-м паверсе будынка з дапамогай помпаў, якія працавалі на сціснутым паветры. Паводле аповедаў старажылаў, сістэма падачы вады была настолькі эканамічнай, што для працы помпаў на працягу месяца дастаткова было 2-х балонаў са сціснутым паветрам.

== Зноскі ==

== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1993.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Лаўрэш Леанід. Палац у Жалудку // Наша Слова № 28 (1543), 15 ліпеня 2021 г.; № 29 (1544), 22 ліпеня 2021. // на pawet.net

Тып : будынак
Шыфр : 412Г000627
Архітэктурны стыль : неабарока
Датаванне : 1908
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Палацава-паркавы_комплекс_Святаполк-Чацвярцінскіх_(Жалудок)
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.