Палацава-паркавы комплекс Валовічаў — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва другой паловы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў. Размешчаны ў в. Свяцк, цяпер Гродзенскі раён, у былым маёнтку Валовічаў, на маляўнічай узгорыстай мясцовасці.
== Гісторыя ==
Створаны паводле праекту італьянскага архітэктара Дж. Сака пры гродзенскім маршалку Юрыі Валовічу і яго сыне Антоніі. Фармаваўся ў два этапы: на першым у 1779 годзе — будаўніцтва і афармленне інтэр’ера палаца ў раннекласіцыстычным стылі, на другім у пачатку XIX стагоддзя — дапаўненне агульнай кампазіцыі бакавымі флігелямі з галерэямі-каланадамі. У пачатку XX стагоддзя належаў Ю. Гурскаму.
У 1920-я гады ўладальнікі Свяцка Мірэцкія прадаюць яго Гумніцкім, якія падверглі маёнтак парцэляцыі, а палац давялі да стану руінаў. У 1929 годзе ўладальнікі хацелі яго разабраць на цэглу, але палацу пашанцавала: яго выкупіла Міністэрства аховы здароўя Польшчы з мэтай стварыць тут наркалагічны санаторый. У 1930—1933 гадах палац быў рэканструяваны па праекце архітэктарам Оскарам Сасноўскім. Згодна з праектам Сасноўскага і Ю. Рачыньскага, свяцкаму палацу быў пакінуты стылістычны выгляд XVIII стагоддзя, старанна адрэстаўраваны інтэр’ер, некалі адкрытая калонная галерэя была аформлена шклом. Па звестках М. Арловіча, рэстаўрацыя палаца каштавала дзяржаве каля 1 млн. злотых. У пансіянаце ад марфінавай і іншай залежнасці лячыліся сярод іншых прадстаўнікі гарадзенскіх творчых колаў.
У 1985 годзе парк адноўлены паводле спецыяльнага праекту. У палацы размяшчаўся санаторый «Свяцк» для хворых на сухоты. Старадаўні інтэр’ер быў знішчаны. У 2000-х гадах санаторый быў выведзены з будынкаў палацу, а палац перададзены на баланс упраўлення адукацыі гарадзенскага райвыканкама. Палацавы комплекс апынуўся ў занядбаным стане.
Са студзеня 2017 года ідзе рэканструкцыя з частковай рэстаўрацыяй будынкаў палацава-паркавага комплексу пад шматфункцыянальны аздараўленчы комплекс. У левым флігелі быў зроблены новы дах, пакрыты чарапіцай. У правым флігелі быў узмоцнены падмурак, зроблены маналітныя сцены, заменена пакрыццё даху. Былі перакладзены вонкавыя сцены дваровых і паркавых фасадаў галерэй, а таксама быў перакладзены падмурак правай галерэі. Згодна з праектам левы флігель комплексу будзе функцыянаваць як гасцініца. У цэнтральнай частцы палаца каля ля параднай лесвіцы, што вядзе на другі паверх, падчас даследавання слаёў тынкоўкі былі раскрыты фрагменты гістарычнага роспісу сценаў з выявай рыцара са шчытом у руках. Таксама будзе адноўлены роспіс рамантычнай залы з выявай неба на столі і пейзажных замалёвак на сценах. Пры галоўным ўваходзе адноўлены спадзістыя карэтныя спускі паабапал шырокай лесвіцы.
== Архітэктура ==
=== Палац ===
Палац, які знаходзіцца на ўзвышшы, ўяўляе сабой двухпавярховы мураваны будынак з цокальным паверхам, накрыты высокім ламаным мансардавым дахам. Галоўны фасад расчлянёны трыма рызалітамі, цэнтральны — чатырохкалонны з трохвугольным, бакавыя — з лучковымі франтонамі. Дваровы з пяцігранным эркерам, дэкарыраваны пілястрамі і завершаны гранёным шатровым дахам. У дэкоры будынка выкарыстаныя дробныя пілястры, парталы ўваходаў, вузкія рызаліты.
==== Інтэр’ер ====
Планіроўка першага паверху калідорная, другога — анфіладная. У цэнтры — вестыбюль з параднай трохмаршавай лесвіцай, на другім паверсе — парадная васьмігранная зала з калонамі. У аздобе інтэр’ераў выкарыстаныя рэльефы, ліштвы дзвярэй, нішы з камінамі і скульптурай, роспісы сцен (рамантычныя пейзажы, антычныя статуі, вазы; мастакі Т. Манькоўскі, Ф. Смуглевіч; не захаваліся); мелася зала ў пампейскім стылі. Элементы інтэр’ера (панэлі, каміны, дзверы, люстры, кансолі, вазоны, супрапорты, мэбля) былі зроблены па эскізах і пад кіраўніцтвам Сакі.
Інтэр’еры палаца
=== Флігелі ===
Флігелі пастаўленыя перпендыкулярна да асноўнага корпуса, накрытыя вальмавымі дахамі, аздобленыя руставанымі лапаткамі; адзін выкарыстоўваўся пад жыллё, у другім — манеж. З асноўным корпусам злучаныя паўцыркульнымі галерэямі ў выглядзе аркад.
=== Капліца ===
Насупраць палацу ў ХІХ ст. ў рэтраспектыўна-гатычным стылі пабудаваная капліца. Капліца ўяўляе сабой кампактны і прыземісты кубападобны аб’ём з трохсценнай алтарнай часткай. Спічастыя вокны на галоўным фасадзе (суцэльны двухгранны шчыт-вімперг) разам са спічастым уваходным парталам ствараюць урачыстасць фасаду і імітуюць грандыёзную трохнефную базіліку. Гатычную вертыкальнасць будынку надае таксама высокі двухсхільны дах.
За савецкім часам капліца не дзейнічала. Наноў яе асвяцілі 6 жніўня 1996 года. У наш час капліца належыць да Сапоцкінскай парафіі Сапоцкінскага дэканата.
== Парк ==
Парк пейзажнага тыпу, плошча 12 га; закладзены ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў. Размешчаны на двух пагорках, у лагчыне — сістэма вадаёмаў на розных узроўнях, за імі лясны масіў. Цэнтр кампазіцыі — палац з партэрам перад ім.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Анціпаў В. Р., Кулагін А. М. Свяцкі палацава-паркавы ансамбль // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 283. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.. — Мн. : БелЭн