
Пансіён Бельскай — будынак у гістарычным цэнтры Магілёва. Размешчаны па 1-м Крутым завулку, 4.
== Гісторыя ==
Верагодна, належаў Гранату і згодна з датай на франтоне быў збудаваны ў 1888 г. Тут знаходзіліся прыватны пансіён Бельскай і Магілёўская губернская прысутнасць.
Губернскія прысутнасці былі створаны на падставе закона ад 12 ліпеня 1889 г. Яны сталі правапераемнікамі губернскіх па сялянскіх справах прысутнасцей і з’яўляліся вышэйшай мясцовай інстанцыяй для разгляду і вырашэння сялянскіх спраў і кіравання дзейнасцю павятовых устаноў. Аднак у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях губернскія прысутнасці былі створаны толькі ўвосень 1901 г., а ў Віленскай і Гродзенскай губернях — у снежні 1903 г.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў будынку былога жандарскага ўпраўлення было размешчана акруговае ўпраўленне міліцыі (1924—1930 гг.). Яно ажыццяўляла кантроль за выкананнем дырэктыў і ўказанняў савецкай улады, удзельнічала ў барацьбе з контррэвалюцыяй, сабатажам і спекуляцыяй, садзейнічала ў вышуку і затрыманні злачынцаў, ліквідацыі бандыцкіх груп, дзіцячай бездагляднасці. У 1939 г. у будынку знаходзілася міліцыя (адрасны стол).
У перыяд акупацыі Магілёва падчас Вялікай Айчыннай вайны 1941—1944 гг. ў будынку былога жандарскага ўпраўлення размяшчалася нямецкая гарадская паліцыя, якая складалася толькі з рускіх (150 чалавек) і ўтрымлівалася за кошт гарадской Управы. Гарадская паліцыя адносілася да Службы парадку (OD), якая была створана ў жніўні 1941 г. і падпарадкоўвалася нямецкай Службе бяспекі (СД-8). Служба парадку займалася грамадскай бяспекай і падтрыманнем парадку сярод мясцовага насельніцтва. Той, хто знаходзіўся на службе OD, не насіў форму, а толькі павязку на рукаве з надпісам «Ordnungsdienst der Stadt».
Да 2003 г. у будынку размяшчаўся Цэнтральны раённы аддзел унутраных спраў г. Магілёва, пасля Следчы камітэт пры Міністэрстве ўнутраных спраў, затым Камітэт папярэдніх расследаванняў Упраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама, пасля Следчы камітэт РБ па Магілёўскай вобласці, затым Упраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК РБ па Магілёўскай вобласці. Зараз будынак належыц