
Гаспода (1909 г.) — мураваны будынак у плане нагадвае літару «L» (Lebіodka) і мае вялікую колькасць пакояў. Складаную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю ўтвараюць адна- і двухпавярховыя аб’ёмы, накрытыя дахоўкай высокія стрэхі з фігурнымі люкарнамі, спічастымі фіяламі і шчытамі, гранёныя эркеры з шатровымі завяршэннямі. Дэкаратыўнае вырашэнне фасадаў заснаванае на спалучэнні чырвонага колеру цаглянай муроўкі з атынкаванымі ліштвамі, карнізамі і рустоўкай, паліхромнай муроўкай цокаля з вапнавых блокаў. Паўкруглыя тымпаны над вокнамі запоўненыя дэкаратыўнымі арнаментальнымі ўстаўкамі з паліванай керамікі. Элементы архітэктурнага дэкору ствараюць на фасадах геаметрычны малюнак. Планіроўка калідорная з выхадам на тэрасу з каванай агароджай. Пад будынкам скляпеністыя сутарэнні.