Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла — неагатычны каталіцкі храм у вёсцы Жупраны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці Беларусі. Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.
== Гісторыя храма ==
Прыход у Жупранах заснаваны ў XVI стагоддзі, каля 1550 года, у той самы час асвечаны драўляны храм. У канцы XVI стагоддзя, калі Жупраны належалі Радзівілам, многія з якіх былі кальвіністамі, прыстасаваны пад кальвінскі збор. У XIX стагоддзі Жупраны перайшлі да роду Чапскіх, граф Адам Чапскі ў 1853 годзе ахвяраваў сродкі на пабудову мураванага каталіцкага храма. Праз недахоп грошай і паўстання 1863 года будаўніцтва было прыпыненае. У 1875 годзе храм дабудаваны і асвечаны 12 кастрычніка 1875 года ў імя апосталаў Пятра і Паўла.
У 1900 годзе ў касцёле адпелі Францішка Багушэвіча, яго магіла і сёння знаходзіцца на могілках за касцёлам.
== Архітэктура ==
Храм Пятра і Паўла — помнік архітэктуры ў стылі неаготыкі (часам неаготыку гэтага перыяду называюць яшчэ псеўдаготыкай). У плане ўяўляе сабой прамавугольнік, падзелены на тры нефы, апсіда за прэзбітэрыем адсутнічае. Да галоўнага фасада прыбудавана трохярусная прамавугольная ў плане вежа, якая выступае і завершаная васьмерыком са спічастымі праёмамі і шатром.
З-за адсутнасці апсіды задняя сцяна храма плоская, упрыгожана крыжам. Сцены храма дэкарыраваны ўзорамі з бутавага каменя. Інтэр’ер падзелены на тры нефа васьмю калонамі на высокіх пастаментах. Цэнтральны неф касцёла перакрыты цыліндрычным зводам, бакавыя нефы — крыжовымі. Імклівасці ўгару надаюць храму маленькія вежачкі, якія абрамляюць галоўную вежу. Элементы неаготыкі: спічастыя вокны, аркатурныя паясы па сценах.
== Інтэр’ер ==
У інтэр’еры захаваўся арнаментальны роспіс XIX стагоддзя. Ва ўнутраную сцяну храма ўмуравана мемарыяльная дошка ў гонар Ф. Багушэвіча.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Жупранскі касцёл // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. С. 449.
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭН, 1993. — 620 с. ISBN 5-85700-078-5
Кулагін А. М. Адр