Корпус былога кляштара францысканцаў па вул. Ніжне-Пакроўскай, 20. Узведзены ў 1778 г. Не эксплуатуецца.
Драўляны кляштар быў узведзены ў 1628 г. па фундацыі Тэафіла і Крысціны Храпавацкіх. Мураваны касцёл Святога Антонія пабудаваны ў 1763—1775 гг.
У 1778 г. пабудаваны мураваны двухпавярховы прамавугольны ў плане жылы корпус, які шчыльна прылягаў да касцёла.
У 1833 г. кляштар быў закрыты, касцёл і жылы корпус перададзеныя праваслаўнаму ведамству. Пазней будынак касцёла зруйнавалі, а ў канцы XIX ст. на яго месцы пабудаваны двухпавярховы будынак з частковым выкарыстаннем сцен і сутарэнняў, на фасадах былі паўтораны архітэктурныя дэталі жылога корпуса.
У 1917 г. ў будынку размяшчаўся Полацкі камітэт РСДРП. У 1978 г. па доме ўстаноўлена мемарыяльная дошка[1]. У Другую сусветную вайну будынак, узведзены на месцы касцёла быў разбураны.
Архітэктура
Двухпавярховы ў плане прамавугольны будынак з бакавым рызалітам (на дваровым фасадзе). Галоўны фасад арыентаваны на лінію забудовы вуліцы. Плоскасці сцен надзелены карнізным паяском, завершаны развітым прафіляваным карнізам. Прамавугольныя аконныя праёмы з ліштвамі, па 2-м паверсе з дэкаратыўнымі нішамі. Унутраная планіроўка зменена[1]. Пакрыты дахоўкай, з боку ўнутранага панадворку чатыры дахавыя акны[2]. Будынак — помнік архітэктуры барока[1].
У сярэдзіне 19 ст. жылы корпус прыстасаваны пад адміністрацыйную ўстанову. У пачатку 1990-х гг. частка будынка выкарыстоўвалася адміністрацыйнай установай, частка адведзена пад жыллё[1].
Зноскі
- ↑ Угару да:а б в г 1843. // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Віцебская вобласць. — 496 с., іл.
- ↑ Полацкі кляштар францысканцаў // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Літаратура
- Полацкі кляштар францысканцаў // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- 1843. // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Віцебская вобласць. — 496 с., іл.