
Помнік Арлоўскаму Кірылу Пракопавічу — бюст у в. Мышкавічы Кіраўскага раёна, размешчаны на плошчы, каля Дома культуры. Пастаўлены ў 1977 г. на ўшанаванне памяці былога старшыні калгаса «Рассвет», ураджэнца вёскі, Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы К. П. Арлоўскага.
== Апісанне ==
Бронзавы бюст К. П. Арлоўскага ўстаноўлены на прамавугольным гранітным пастаменце са ступенчатым стылабатам. У партрэтнай выяве ўвага акцэнтавана на такіх рысах героя, як перакананасць, духоўная актыўнасць, гатоўнасць да барацьбы. Лаканічная, строгая пластыка партрэта дынамічная. Плуг і вінтоўка каля асновы пастамента — своеасаблівы сімвалічны штрых, асноўны лейтмантыў у разуменні вобраза К. П. Арлоўскага — працаўніка і байца. Помнік вызначаецца ўдалай кампазіцыяй, глыбокім зместам і яркім мастацкім увасабленнем.
