Расонская сядзіба — сядзіба памешчыка Гласка ў Расонах, была ўзведзена ў 1900 годзе на беразе аднайменнага возера, у акружэнні парка са стаўком.
== Архітэктура ==
Будынак у выглядзе гатычнага палаца вылучаецца маляўнічасцю, шматпланавасцю архітэктурнай кампазіцыі і разнастайнасцю яе візуальных успрыняццяў. Для стварэння сярэдневяковай вобразнасці шырока прыцягваюцца неагатычныя формы: гранёныя вежачкі з машыкулямі, перспектыўныя стральчатыя вокны, контрфорсы, спічастыя і зубчастыя франтоны і шчыты, струны крапаваных лапатак, вуглавы руст.
Расонскі палац узняты на магутны бутавы падмурак; план будынка складанай канфігурацыі за выгінамі калідораў, патаемнымі лесвічкамі, разнастайнымі заламі і інтымнымі пакойчыкамі. У адпаведнасці з планам яго прасторавая кампазіцыя набывае актыўна дынамічную асіметрычную трактоўку з надзвычайнай навізной рытмаў, ярусным, ступеньчатым нарастаннем аб’ёмаў па дыяганалі: паўднёвая частка аднапавярховая, цэнтральная двухпавярховая, паўночная — трох’ярусная чатырохгранная вежа з шатровым пакрыццём (не захавалася).
Цэнтральная частка фланкіравана трохграннымі эркерамі і завершана на галоўным фасадзе ступеньчатым шчытом. Шматпланавасць кампазіцыі ўзмацняе поліфанічна разнастайная пластыка фасадаў: ступеньчатыя шчыпцы, аркатурныя паясы, розныя па памерах аконныя праёмы. Манументальны будынак вызначаецца насычаным каларыстычным вырашэннем, у якім спалучаецца паліхромія бутавай муроўкі цокаля, чырвоны колер высакаякаснай цаглянай муроўкі фасадаў, белізна атынкаваных элементаў дэкору. Мэта дойліда — стварыць уражальны знешні эфект — была тут дасягнута.
== Літаратура ==
Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн., 2001. — Т. 13. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (Т. 13).
Кулагін, А. М. З архітэктурнай спадчыны Расоншчыны / А. М. Кулагін // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раёна / гал. рэд. Б. І. Сачанка [і інш.]. — Мн., 1994. — С. 30-33.
Сядзіба // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мн., 1985. — С. 382.