Кафедральны сабор Святога Архангела Міхаіла — праваслаўны сабор у Мазыры, галоўны храм Тураўскай епархіі, пабудаваны як касцёл бернардынаў у XVIII стагоддзі ў стылі позняга барока ў выглядзе двухвежавай трохнефавай базілікі.
== Гісторыя ==
У 1615 годзе кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт III Ваза фундуе манастыр бернардзінцаў у Мазыры. У 1645 годзе адстаўны палкоўнік Стэфан Лозка падарыў манахам драўляны кляштар, які пабудаваў насупраць Мазырскага замка. Гэты кляштар разам з усім местам быў зруйнаваны маскоўскім войскам падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667).
Будынак сабора ўзведзены ў 1760 — 75 гг. з цэглы па фундацыі мазырскага маршалка Казіміра Аскеркі як касцёл пры кляштары бернардзінцаў на месцы драўлянага храма. Кляштар скасаваны ў 1832 г. і прыстасаваны першапачаткова пад гарадскую бальніцу, а ў 1839 г. – пад прысутныя месцы (архітэктар Вісконці), касцёл перададзены праваслаўным. У гэтым жа годзе будынак значна пацярпеў ад пажару. У 1851 г. складзены каштарыс на перабудуву касцёла ў царкву, аднак рэканструкцыя завершана толькі ў 1865 г. Сабор асвячоны ў імя архістратыга Міхаіла, у 1876 г. адрамантавана.
== Архітэктура ==
Кляштарны комплекс уяўляе сабой помнік архітэктуры позняга барока XVII—XVIII стагоддзяў у выглядзе прамавугольнага храма, падзеленага ўнутры двума шэрагамі калон на тры нефы: цэнтральны і два бакавых.
Сабор вырашаны 3-нефавай 2-вежавай базілікай з 5-граннай апсідай. Галоўны 3-часткавы фасад — увагнута-выпуклая архітэктурная плоскасць, раскрапавана звязкамі пілястраў, тонкапрафіляванымі карнізамі. Барочныя рысы ў архітэктуры храма вылучыліся ў фігурных ліштвах аконных праёмаў і ўваходнага партала, складанай прафіліроўцы крапаваных карнізаў, увагнутых плоскасцях вежаў, слаістых пілястрах і арнаментальных капітэлях. Шатровыя пакрыцці 3-ярусныя вежы (васьмярык на 2 чацверыках) набылі ў 1829 г. ; над імі і прамежкавым трохвугольным франтонам (у тымпане ляпны медальён з барэльефам Хрыста Уседзяржыцеля) узнесены цыбулепадобныя купалкі з ажурнымі залачонымі крыжамі. Архітэктура завяршэння фасада набыла рысы класіцызму — трохвугольныя франтоны, арачныя праёмы з імпастамі ў прамавугольных нішах, карнізы з сухарыкамі. Партал увахода завершаны лучковым разарваным франтонам з прамавугольнай нішай для абраза па цэнтры. Рытм бакавых фасадаў ствараюць лучковыя аконныя праёмы і лапаткі ў прасценках.
== Інтэр’ер ==
Прастора інтэр’ера 6 магутнымі пілонамі падзелена на 3 нефы: цэнтральны перакрыты цыліндрычным, нізкія бакавыя — крыжовымі скляпеннямі на здвоеных падпружных арках, абапёртых на слупавыя і насценныя пілястры. Скляпенні размаляваны сюжэтнымі евангельскімі сцэнамі. Апсіду з ляпным прысценным алтаром і глорыяй у завяршэнні вылучае 3-ярусны разны драўляны іканастас. Над скляпеністым нартэксам хоры з пластычна выгнутым парапетам, дэкарыраваным аркатурай. Пад апсідай знаходзіцца крыпта, перакрытая цыліндрычным скляпеннем. У алтары абраз «Хрышчэнне» і 2 скульптуры віленскай работы – «Хрыстос у цямніцы» і «Хрыстос».
== Галерэя ==
== Літаратура ==
Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 241-242.
Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.