Сядзіба Плятэраў — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры рэспубліканскага значэння пачатку XX стагоддзя ў аграгарадку Опсе Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. У комплекс уваходзяць сядзібны дом, гаспадарчыя пабудовы, частка саду з дубам-волатам.
== Гісторыя ==
Сядзіба ў Опсе закладзена на пачатку XX стагоддзя на ўсходнім беразе невялікага аднайменнага возера памешчыкам Феліксам Плятэрам. У 1904 годзе было скончана будаўніцтва мураванага палаца, спраектаванага архітэктарам Целяжынскім з Панявежа.
Падчас Першай сусветнай вайны ў сядзібе размяшчаўся шпіталь расійскай арміі, штабы вайсковых часцей.
У 1922 годзе маёнтак выкуплены польскай дзяржавай для арганізацыі мужчынскай сельскагаспадарчай школы, якая працавала ў 1927—1939 гг. У палацы размясцілі класы для заняткаў, сталовую, інтэрнат, кватэры выкладчыкаў. Выкарыстоўваліся ўсе гаспадарчыя пабудовы. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў сядзібе размяшчаліся адпаведна нямецкі і савецкі шпіталі. Потым комплекс аддалі пад школу-інтэрнат. Пасля пераезду школы сядзіба прыйшла ў заняпад. Цяпер тут размешчаны пансіянат Беларускага таварыства інвалідаў.
== Архітэктура ==
Цэнтрам сядзібнага комплекса з’яўляецца мураваны палац, размешчаны побач з возерам.
З усходу сядзіба абнесена агароджай. Галоўны ўваход аформлены пілонамі з часанага каменю, завершаны каменнымі шарамі. Такія ж пілоны на падмурку з бутавага каменю маюцца ў агароджы. Паміж пілонамі выкарыстаны нахіленыя штыкеціны. З поўдня маёнтак абмежаваны ручаём, які выцякае з возера. Пры пад’ездзе да сядзібы цераз ручай перакінуты прыгожы арачны мост з часанага каменю.
=== Сядзібны дом ===
Галоўны фасад будынка звернуты на ўсход, па баках фланкіраваны двухпавярховымі рызалітамі. Пасярэдзіне аднапавярховага асноўнага аб’ёму знаходзіцца галоўны ўваход аформлены порцікам з дзвюма калонамі. Дах палаца першапачаткова быў гонтавы, складаны, па баках ад порціка меліся люкарны. З боку возера зроблена адкрытая тэраса, да якой з палаца вялі шкляныя дзверы. Спуск да возера на стромкім схіле аформлены каскадам лесвіц. Дзвярныя праёмы галоўнага ўвахода і выхады на тэрасу, а таксама па два аконныя праёмы па баках ад іх мелі паўцыркульныя завяршэнні. Астатнія праёмы былі прамавугольныя. Праёмы дэкарыраваны арачнымі ліштвамі і пілястрамі. Сцены палаца руставаныя.
=== Іншыя пабудовы ===
Побач з палацам захаваліся жылы флігель і некалькі гаспадарчых пабудоў. Злева ад галоўнага будынка знаходзіцца аднапавярховы на высокім падмурку флігель з бутавага каменю. Будынак драўляны, аднак галоўны фасад мае мураваную сцяну, да якой прымыкае мураваны тамбур з цэнтральным уваходам.
Побач размешчаны склеп з чырвонай цэглы, які служыў для захоўвання напіткаў, малака, садавіны, гародніны. Паглыбленне склепа выкладзена з бутавага каменю.
Па правы бок ад палаца знаходзяцца з большага мураваныя і атынкаваныя будынкі стайняў, вазоўні, хлявоў, свірнаў. Трапецападобныя франтоны некалькіх гаспадарчых будынкаў зроблены ў выглядзе фахверкавай канструкцыі.
== Парк ==
Перад палацам размяшчаўся парадны партэр з газонам і кветнікамі, па баках якога пасаджаны групы дрэў з елак і піхты сібірскай. Схіл да возера аформлены тэрасамі з пасадкамі бэзу. Захаваўся невялікі пейзажны парк, аздоблены асобнымі групамі дрэў, палянамі, алеямі. З паўднёвага боку да парку прымыкае вялікі сад, дзе размяшчалася парніковая гаспадарка.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5. — С. 376
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Віцебская вобласць. — 496 с., іл. — С. 154