Шыфр : 612Г000389
Датаванне : пачатак ХХ стагоддзя
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Сядзіба_з_Заброддзя

Сядзіба канца ХІХ — пачатку XX стагоддзя з вёскі Заброддзе Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. Перанесена ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ў аграгарадку Азярцо, дзе прадстаўлена ў экспазіцыі «Цэнтральная Беларусь».
На прыкладзе інтэр’ера хаты адлюстраваны перамены ў сялянскім побыце ў 20—30-я гады ХХ стагоддзя, а таксама розніца ў афармленні жылля насельніцтва каталіцкага веравызнання ў параўнанні з праваслаўным. Экспазіцыя інтэр’ера хаты прысвечана тэме паляўніцтва, у хляве экспануецца выстава «Забродскія снасці».

== Гісторыя ==
Комплекс жылых і гаспадарчых пабудоў сядзібы І. А. Беця фарміраваўся на працягу канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя і складаўся першапачаткова з хаты і хлява, якія былі пабудаваны ў канцы ХІХ стагоддзя. Падчас Першай сусветнай вайны і пасля яе гаспадарка пашыралася. Нявесткай Ігната Беця — Ізабелай было пабудавана вялікае гумно, клець і новая хата на супрацьлеглым баку вуліцы.

== Архітэктура ==
Сядзіба адносіцца да пагоннага тыпу, дзе ўсе пабудовы пастаўлены ў адну лінію. На нязначнай адлегласці ад жылых і гаспадарчых пабудоў знаходзіцца гумно. У пачатку XX ст. паралельна асноўнаму звяну насупраць хаты была пабудавана клець, якая ўтварае другі рад пагоннага двара (двухрадны пагон).
Жылы дом уяўляе трохкамернае жыллё: хата + сенцы + варыўня. Пабудова зрубная камбінаванай канструкцыі. Рублена з бярвёнаў з астаткам. Падмуркі з валуноў. Падлога ў сенях і варыўні глінабітная, у хаце з дошак на лагах. Столь з дошак. У сенях столі няма. Страха двухсхільная на кроквах. У хаце чатыры акны, руская печ. У інтэр’еры хаты няма традыцыйнага «полу» для сна, замест яго — драўляныя ложкі з разнымі спінкамі.

Хлеў зрублены з бярвёнаў з астаткам. Падзелены на адсекі. Дах двухсхільны на паўсошках, абапіраецца на прагон і верхняе бервяно зруба. Столь з жэрдак. Адны вароты.
Клець (свіран) — зрубная пабудова амаль квадратная ў плане з галерэяй на чатырох слупах.

Гумно — пабудова зрубна-камбінаванага тыпу. Пастаўлена на каменях-валунах. Страха на дзвюх парах сох, накрыта саломай. Даўжыня сцен дасягнута шляхам іх нарошчвання праз шулы. Тарцовыя сцены пераходзяць у шчыты з бярвёнаў. Для стварэння неабходнай устойлівасці ў плоскасці шчытоў усталяваны тры вертыкальныя дзядкі, вышэйшы з іх падтрымлівае таксама і канец прагона, на якім трымаюцца ключы з латамі і чаротавым пакрыццём.

== Зноскі ==

Шыфр : 612Г000389
Датаванне : пачатак ХХ стагоддзя
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Сядзіба_з_Заброддзя
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты