Сядзібна-паркавы ансамбль Лубенскіх — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры ў аграгарадку Межава Аршанскага раёна Віцебскай вобласці, колішні маёнтак графа Льва Лубенскага. Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.
== Гісторыя ==
У XVIII—XIX стагоддзях Межава належала магнатам Любамірскім. Пасля смерці Канстанціна Любамірскага маёнтак перайшоў у валоданне да яго дачкі Ганны (1838—1917), якая выйшла замуж за камер-юнкера расійскага двара графа Францішака Лубенскага (1834—1891). Наступным (і апошнім) уладальнікам Межава стаў Леў Лубенскі, які атрымаў маёнтак як пасаг ад сваёй маці.
У канцы XIX стагоддзя Лубенскі заклаў у Межаве сядзібу ў стылі мадэрн, якая складалася з палаца, парка, бровара і гаспадарчых пабудоў. Месца для размяшчэння было выбрана на схілах лагчыны, утворанай ручаём Варанец і ракой Аршыцай. За савецкім часам у сядзібе размяшчаўся клуб, які быў часткова разбураны падчас Другой сусветнай вайны. У 1953 годзе сядзіба была адноўлена ў стылі сталінскага ампіру. Цяпер у колішнім маёнтку адначасова дзейнічаюць крамы, клуб і праваслаўная царкава — прыход храма Серафіма Сароўскага.
== Архітэктура ==
Палац размешчаны на заходнім беразе яра, у паўночнай частцы парка, паблізу вуліцы. Мураваны двухпавярховы палац пабудаваны ў стылі неабарока. Мае складаную планіровачную канфігурацыю і шматпланавую прасторавую кампазіцыю. Асноўны аб’ём накрыты паўвальмавым мансардавым дахам. Да асіметрычнага галоўнага фасада прыбудаваны высокі прамавугольны з двухсхільным пакрыццём лесвічны аб’ём, да якога па баках далучаныя больш нізкія прыбудоўкі з вальмавым і пластычным шатровым пакрыццямі. Пяцігранная апсіда ўнутранай капліцы з гранёным пакрыццём выступае на бакавым фасадзе. У дэкоры выкарыстаныя ляпныя гірлянды, чырвоная дахоўка.
У 1950—1953 гадах да будынка быў далучаны працяглы аднапавярховы корпус, вылучаны на галоўным фасадзе шасціслуповым порцікам. Цяпер у ім месціцца ўпраўленне эксперыментальнай базы «Межава» і клуб, таксама праваслаўная царква.
Перад палацам знаходзіцца партэр, за якім пладовы сад. З паўднёвага боку палаца парк пейзажнага тыпу. На скрыжаванні галоўнай алеі і ручая перакінуты мост.
== Парк ==
Парк быў разбіты ў 1901 годзе з выкарыстаннем існуючых прысадаў, захаваўся часткова. Займае плошчу каля 8 га. Адносіцца да тыпу штучна створаных пейзажных паркаў. Размешчаны на перасечаным рэльефе, падзеленым ярама з ручаём, найболей ацацлелая частка парку займае высокі мыс, створаны выгінам ракі Аршыцы і ярам. Гэ