Сядзібна-паркавы комплекс Бішэўскіх — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры пачатку XX ст. Створаная на паўднёва-заходняй ускраіне г. п. Лынтупы Пастаўскага раёна, фарміравалася ў канцы XVIII—XX стст. Першапачаткова належала Гільзенам. Сучасны выгляд набыла пры ўладальніку Ю. Бішэўскім.
Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.
== Архітэктура ==
Ансамбль сядзібы падзяляецца на дзве зоны. Парадная зона перад палацам уключае партэр, мураваны арачны мост, капліцу, службовы флігель і бровар. За палацам і ставам размешчаная выцягнутая па папярочнай восі гаспадарчая зона. Цэнтр ансамбля — двухпавярховы мураваны палац (1907 г.) неарэнесанснай архітэктуры. У асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі дамінуе трох’ярусная чацверыковая вежа. Насычаная архітэктарская пластыка ўключае канеліраваныя калоны, пілястры, анты, рустоўку, ракавіны, атык з балюстрадай і інш. Планіроўка калідорная.
== Парк ==
Парк пейзажна-рэгулярнага тыпу (плошча 6 га). Насаджэнні згрупаваны па перыметры чатырох ставоў і каналаў паміж імі на р. Лынтупка. Галоўны прамавугольны выцягнуты па папярочнай восі стаў выдзелены каля дома гранітнай набярэжнай са сходамі (набярэжная мела дэкаратыўную скульптуру). У парку растуць Acer saccharinum, елка блакітная (Picea pungens), Juglans cinerea, лістоўніца еўрапейская (Larix decidua), піхта сібірская (Abies sibirica) і інш. Сярод гаспадарчых пабудоў вылучаецца вежа-вяндлярня з машыкулямі і вокнамі-байніцамі ў рэтраспектыўна-замкавым стылі.
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.