Сядзібна-паркавы комплекс Прушынскіх — сядзіба ў вёсцы Каралішчавічы Мінскага раёна Мінскай вобласці.
== Гісторыя ==
Маёнтак Каралішчавічы належаў княжацкаму роду Друцкіх-Горскіх. У 1703 годзе разам з Лошыцай і Трасцянцом перайшоў Прушынскім. Першым уладальнікам быў Георгій Геранімавіч Прушынскі, ад якога Каралішчавічы адышлі да маршалка Трыбунала ВКЛ Іосіфа Прушынскага. У 1779 годзе Іосіф Прушынскі перадаў Каралішчавічы свайму сыну генерал-ад’ютанту апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Панятоўскага і старосце менскаму Станіславу. Ён заснаваў у сваіх маёнтках 8 касцёлаў, у тым ліку касцёлы Святога Станіслава ў Каралішчавічах у 1785 годзе і ў Новым Двары ў 1792 годзе. Пры Станіславе Прушынскім прыкладна ў апошняй чвэрці XVIII ст. была пабудавана і сядзіба. Паводле сямейных паданняў, Станіслаў Прушынскі ў 1797 годзе прымаў у сябе расійскага імператара Паўла І і быў узнагароджаны тым ордэнам Святой Ганны. Каралішчавічы перайшлі пасля смерці Станіслава да яго старэйшага сына падкаморыя менскага Міхала Прушынскага, які валодаў Заслаўем, потым менскаму суддзю Мечыславу Прушынскаму.
Апошнім уладальнікам стаў член Мінскага земляробчага таварыства Міхал Прушынскі.
== Архітэктура ==
Сядзіба займала высокую левую тэрасу ракі Свіслач, у месцы круглага жывапіснага выгібу ракі. Уключала сядзібны дом, рэгулярны парк, касцёл і гаспадарчы двор. Уяўленне аб доме дае адзін фотаздымак. Драўляны, зрубнай канструкцыі будынак спалучаў формы барока і класіцызму. У плане выцягнуты, прамавугольны, аднапавярховы, накрыты чатырохсхільным гонтавым дахам. На фасадзе — драўляны ганак з калонамі, у кожным крыле фасада па пяць вокнаў. На галоўнай восі — сенцы; планіроўка на дзве паловы. У доме была мэбля XIX ст., збор сямейных партрэтаў.
Ад параднага двара на высокай тэрасе, уніз па склону размяшчаўся рэгулярны парк — узор рэгулярных тэрасных паркаў другой паловы XVIII ст. Раслі ліпавыя баскеты, шырока прымянялася тапіярная фармоўка дрэў. Дрэвы стваралі самкнутае насаджэнне і замацоўваюць круты схіл рачной тэрасы. Парк вызначаўся маляўнічасцю дальніх перспектыў на пойму, ахопленую паўкальцом рэчышча. Акцэнтам дальняй перспектывы ёсць касцёл Святога Станіслава на процілеглым баку ракі, у якім на аргане калісьці іграў Станіслаў Манюшка. У 1930-я гг. будынак быў перабудаваны пад клуб.
Сядзібны дом згарэў у 1989 годзе. З сядзібных пабудоў захавалася пабудаваная ў канцы XIX — пачатку ХХ ст. прамавугольная ў плане (33х12 м) стайня (?) з чырвонай цэглы. Добра выяўлены фрагмент ахоўнай паласы, які мае вялікае супраць эразійнае значэнне, у складзе якой выкарыстоўвалася гібрыдная форма лістоўніцы.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Старинные усадьбы Минского края / А. Т. Федорук ; [Под общ. рук. и предисл. Е.Будинаса]. — Мн.: ООО “Полифакт” : ООО “Лекция”, 2000. — 415 с. — (Старинные усадьбы Беларуси). — 500 экз. — ISBN 985-6107-24-5.
Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław—Warszawa—Kraków : Zaklad im. Ossolinskich Wyd-wo, 1991. — Cz. 1. — T. 1. — 352 s.