Шыфр : 112Г000196
Датаванне : ХІХ стагоддзе
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Сядзібна-паркавы_комплекс_Ажэшкаў_(Закозель)

Сядзібна-паркавы комплекс Ажэшкаў — радавое гняздо вядомага на Беларусі роду Ажэшкаў (Арэшкаў) у в. Закозель (Драгічынскі раён). Помнік сядзібна-паркавай архітэктуры XIX ст.. У ансамбль уваходзяць гаспода (збераглася часткова), капліца-пахавальня, бровар і парк пейзажнага тыпу з сістэмай вадаёмаў.

== Гісторыя ==
У XVIII ст. маёнтак Закозель належаў Юзафу Ажэшку, затым па спадчыне ім валодаў яго сын Нікадзім. У пачатку XIX ст., верагодна, Нікадзім Ажэшка ўзвёў у Закозелі арыгінальны палац, вядомы па акварэлі Напалеона Орды 1863 г. Пазней маёнтак атрымаў у спадчыну сын Нікадзіма Калікст. Сядзібу наведвала вядомая пісьменніца, актыўная ўдзельніца нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі Эліза Ажэшка, якая пражывала на той час у суседнім маёнтку Людвінова.
У канцы ХIХ — пачатку ХХ ст. у аблічча будынкаў былі ўнесены істотныя змяненні. Пасля 1865 г. сядзіба была прададзена Калікстам графіні Н. А. Бабрынскай, якая збудавала парадную ўязную браму і стайню. Ад яе сына Аляксея пасля Першай сусветнай вайны сядзібу ў 1922 годзе набыў Зыгмунт Вітольд Весялоўскі, які надбудаваў над домам другі паверх і дваровую тэрасу. Неўзабаве Весялоўскі прадаў сядзібу Каралю Талочку, якому яна належала з 1923 года да пачатку Другой сусветнай вайны ў 1939 годзе. У гады вайны пашкоджана.

== Архітэктура ==

=== Гаспода ===
Мураваная гаспода (вядомая па акварэлі Н. Орды, 1863 г.) пабудаваная ў 1820-я гады ў стылі ампір. Уяўляла сабой пастаўлены на нізкі цокаль аднапавярховы прамавугольны ў плане пяцівосевы будынак, накрыты вальмавым дахам з паўкруглымі дахавымі вокнамі. Па папярочнай восі да яго прылягалі ніжэйшыя з самастойнымі ўваходамі бакавыя крылы, аздобленыя па фронту прысценнымі каланадамі. Цэнтр сіметрычна-восевага галоўнага фасада падкрэслены чатырохкалонным порцікам са ступеньчатым прамавугольным атыкам. Высокія прамавугольныя вокны ў цэнтральным корпусе з аканіцамі. Цэнтральнае месца ў доме займала калонная зала-ратонда. Апартаменты мелі паркетную падлогу, масіўныя дзверы з маронага дубу ў бронзавай акоўцы. Выкарыстоўваецца як жылы.

=== Капліца ===

Капліца пабудавана ў сярэдзіне XIX ст. (да 1853 г.) на ўскраіне парку як фамільная пахавальня Ажэшкаў і наступных уладальнікаў. Вырашаная ў формах дойлідства рэтраспектыўнай готыкі. Паводле мясцовага падання ў высокім шпілі капліцы, дзе была невялікая камора, хаваўся адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гг. Р. Траўгут. Цэнтрычнае квадратнае ў плане збудаванне накрытае востракутнымі двухсхільнымі дахамі, скрыжаванне якіх адзначанае высокім чатырохгранным шатром з гранёным шпілем і гатычным крыжам у завяршэнні. Стракатасць сілуэту і вертыкальную накіраванасць прасторавай кампазіцыі надаюць кутнія падвойныя пінаклі, паміж якімі ў гатычных парталах (чыгуннае мастацкае ліццё) размешчаныя скульптуры евангелістаў. Фасады насычана крапаваныя згрупаванымі па вуглах контрфорсамі, слаістымі стральчатымі і трохлопасцевымі нішамі. Стральчаты ўваходны партал дэкарыраваны ўверсе круглымі гербамі Ажэшкаў (мастацкае чыгуннае ліццё). Каларыстычнае багацце будынку стварала высокаякасная «адкрытая» цагляная муроўка, медная бляха дахаў, пабелка элементаў дэкору.
Зала перакрытая люстраным скляпеннем, насычаная арнаментаванымі тонкімі ляпнымі нервюрамі. У вуглавых стральчатых нішах знаходзіліся скульптурныя выявы евангелістаў (не захаваліся). Стральчатыя вокны і люкарны з пераплётамі геаметрычнага малюнку, якія запаўняліся каляровымі вітражамі. Пад капліцай — склеп-пахавальня, куды вядуць сходы ў цэнтры залы.

=== Парк ===
У аснове планіроўкі пейзажна-рэгулярнага парку прамая ліпавая алея, што завершаная авальным партэрам перад домам і прадоўжаная за ім. Пейзажная частка арганізаваная на ўзгорыстай мясцовасці вакол капліцы з могілкамі і па берагах сажалак. На паўднёва-заходняй ускраіне парку пастаўлены прыдарожны мураваны слуп-абеліск (1842 г.), на паўднёвай — мураваны будынак бровара.

=== Бровар ===
Двухпавярховы, прамавугольны ў плане будынак бровара вырашаны ў формах дойлідства позняга класіцызму. Будынак мае па фронту галоўнага фасада каланаду тасканскага ордара. Прамавугольныя аконныя праёмы аздоблены карнізамі і сандрыкамі. Шэраг пазнейшых прыбудоў парушыў пачатковы выгляд будынка.

== Зноскі ==

== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Федорук А. Т. Старинные усадьбы Берестейщины (руск.) / А. Т. Федорук; ред. Т. Г. Мартыненко. — 2-е изд. — Мн.: БелЭн, 2006. — 576 с: ил. — 1 500 экз. — ISBN 985-11-0383-7.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Несцярчук Леанід Міхайлавіч. “Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны X-XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы)”. Мінск, БЕЛТА, 2002 год. 334 страницы. ISBN 985-6302-37-4.

Шыфр : 112Г000196
Датаванне : ХІХ стагоддзе
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Сядзібна-паркавы_комплекс_Ажэшкаў_(Закозель)
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.