Сядзібна-паркавы комплекс Жукоўскіх — сядзібна-паркавы комплекс на паўночнай ускраіне вёскі Дашкаўка Магілёўскага раёна, на высокай тэрасе Дняпра.
Парк закладзены ў другой палове XIX ст. у маёнтку Жукоўскага, цяперашні сядзібны дом пабудаваны ў пачатку XX ст. з цэглы. Дом — помнік эклектычнай архітэктуры з элементамі стылю мадэрн.
11 жніўня 1877 года ў сядзібе, якой тады валодалі Эдвард Жукоўскі, магілёўскі павятовы маршалак, і яго жонка Эмілія з Цеханавецкіх, спыняўся славуты мастак Напалеон Орда, які замаляваў яе.
== Архітэктура ==
=== Парк ===
Па асноўнай кампазіцыйнай восі, арыентаванай у кірунку ўсход — захад, ідзе цэнтральная ўязная алея, парадная частка парку з вялікім (дыяметрам 54 м) колам і сядзібны дом, пабудаваны на краю тэрасы. Сіметрычна дому, падкрэсліваючы вось перспектывы, размешчаны дзве кулісы з елкі звычайнай, пасаджаныя кветнікам дыяметрам 4 м. Вонкавая пара куліс прадстаўлена невялікімі групамі таполі белай.
Пярэдні план поймы Дняпра ўтваралі старыцы з перакінутымі праз пратокі дэкаратыўнымі масткамі і будынак вадзянога млына. Стромкі схіл тэрасы над поймай быў пакрыты дыванам газона з групамі кустоў і адзіночнымі дрэвамі. З гэтага боку парк практычна не мае граніц, ён зліваецца з маляўнічымі поймавымі далечынямі.
Пейзажная частка парку знаходзіцца з паўночнага боку ўязной алеі. На процілеглай тэрыторыі (паўднёвая частка сядзібы) быў вялікі пладовы сад. Цяпер тут размешчаны абласная станцыя хімізавання сельскай гаспадаркі і Магілёўская дзяржаўная сельскагаспадарчая доследная станцыя. Паркавыя насаджэнні выцягнуты ўздоўж уязной алеі. Дамінуючае становішча займае вадаём, у цэнтры якога знаходзіўся востраў (разбураны падчас чысткі сажалкі ў 1968 г.). Пераважнай пародай з’яўляецца бяроза. Яна расце ў выглядзе невялікіх светлых масіваў ці (часцей) утварае змяшаныя насаджэнні з асінай, дубам, клёнам роз